Калі экскурсаводы становяцца настаўнікамі

- 11:01Адукацыйная прастора

У нашай школе грамадзянска-патрыятычнае выхаванне звязана з развіццём музейнай справы. Удзельнікі гуртка “Юныя экскурсаводы” ладзяць падарожжы ў мінулае нашага горада, таксама праводзяцца музейныя ўрокі, сустрэчы з вядомымі людзьмі, фальклорныя святы і абрады, інсцэніроўкі па творах пісьменнікаў (урыўкі з твора У.Караткевіча “Лебядзіны скіт”, урок па аповесці “Сірочы хлеб” Янкі Брыля і інш.), віктарыны-размінкі і конкурсы, прысвечаныя юбілейным датам пісьменнікаў (напрыклад, конкурс на лепшага чытальніка баек, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння К.Крапівы).

На год арганізоўваецца не менш за 5—6 сумесных выстаў з гарадскім гісторыка-краязнаўчым музеем. Напрыклад, “Вобраз Божай Маці ў іканапісе”, выстава мастака-пейзажыста І.Іванова “Подых яго душы”, “Беларускі ручнік”, “Сусвет А.Маранава” і інш. Падчас наведвання выстаў атрымліваецца жывы дыялог з дзецьмі, якія дзеляцца сваімі ўражаннямі і здольнасцю адчуваць прыгожае. Каб далучаць школьнікаў да нацыянальнай спадчыны, зрабіць іх багатымі духоўна, настаўнікі праводзяць музейныя ўрокі. І ў гэтым нам дапамагае школьны гісторыка-этнаграфічны музей (тройчы пацвердзіў званне народнага) пад кіраўніцтвам Г.В.Пігоцкай.

На занятках Н.С.Кудаш “Гаспадарчае жыццё” ў 7 “Б” класе былі выкарыстаны сельскагаспадарчыя прылады: цэп, серп, ступа, сякера, карыта, дзяжа, начоўкі, бязмен. На ганчарным крузе вучні папрактыкаваліся ва ўмельстве вырабу посуду з гліны і пераканаліся, што вывучэнне нашай гісторыі — гэта цікавая і захапляльная справа. На занятках М.І.Шутовіч “Определение падежа у имен существительных” у 4 “Б” класе дзеці з цікавасцю разглядалі прадметы сялянскага побыту: верацяно, калаўрот, прымус, вілкі, самавар, гліняныя збаны, гаршкі, лыжкі, прасы, качэргі і інш. Настаўніца пазнаёміла з музейнымі прафесіямі экскурсавода, навуковага супрацоўніка, галоўнага захавальніка. Вучні адкрывалі для сябе нешта новае і цікавае. На занятках Л.В.Букліс “Беларуская батлейка. П’еса “Цар Ірад” у 6 класе вучні здзейснілі завочную вандроўку ў XVI стагоддзе, даведаліся пра беларускі тэатр. Паказ п’есы суправаджаўся батлейкавымі мелодыямі ў выкананні дзяўчынак.

Людміла БУКЛІС,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Смаргоні.