Калі матуля — педагог

- 10:17Выхаванне, Рознае

Наколькі насычанае жыццё ў сучаснага настаўніка, гаварыць не даводзіцца. Той, хто працуе ў сферы адукацыі, аб гэтым ведае не па чутках. А каб быць прыкладам членам сваёй сям’і і весці за сабой маладых матуль, быць ім адначасова і сябрам, і настаўнікам, трэба быць звышжанчынай. На ўсё гэта хапае часу, запалу, энергіі, задум у кіраўніка клуба маладых матуль “Абліччы сям’і” Людмілы Уладзіміраўны Шастак.

Пры пастаноўцы пытання аб тым, каму быць кіраўніком клуба маладых матуль, іншых прапаноў быць і не магло. Людміла Уладзіміраўна заўсёды ў цэнтры ўвагі ў школе, дзе працуе, у пярвічнай арганізацыі БРСМ Навагрудскага раёна, яна заўсёды на сельскай, раённай, абласной сцэне. І не адна, а са сваёй сям’ёй — мужам Уладзімірам і дачкой Дар’яй, вучаніцай другога класа. Яна — прыклад маладым матулям аграгарадка, раёна, прыклад дзецям.

Яе жыццёвай энергіі можна пазайздросціць. Калі праходзіць раённы конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку, то сям’я Шастак — у першых радах. Менавіта яны запальваюць галоўную ёлку раёна, бо сталі пераможцамі: тата — Дзед Мароз, мама — Снягурка, дачка — Малпачка, сімвал года.

Калі спаборніцтвы па валейболе ці раённы крос — Людміла Уладзіміраўна на спаборніцтвах. Калі абласны конкурс “Уладар сяла” (2015, 2016 гады) — яна са сваёй сям’ёй абараняе гонар раёна. Як вынік — першае месца ў намінацыі “Давайце пазнаёмімся”, другое — у намінацыі “Лепшае сельскае падвор’е”.

Песні Людмілы Уладзіміраўны гучаць з пляцовак раёна, вобласці, яе голас чаруе сэрцы. Яе энергіі зайздросцяць (у добрым сэнсе гэтага слова) маладыя матулі аграгарадка, яе клічуць на сямейныя святы, у яе пытаюцца парады пры складаных жыццёвых сітуацыях. Інакш і быць не можа. Пры правядзенні мерапрыемстваў для маладых матуль яна не толькі вядучая, псіхолаг, кіраўнік, але і актыўны ўдзельнік. Такія людзі прыцягваюць. З імі лёгка і ўтульна.

За мамай падцягваецца маленькая дачка Дар’я. Яна пераможца многіх агульнашкольных конкурсаў, друкуецца ў дзіцячых газетах, дыпламант раённага конкурсу “Навагрудскія зорачкі” (дыплом ІІІ ступені). Дар’я з ранняга ўзросту лічыць, што жыццё кожнай дзяўчынкі, жанчыны павінна быць напоўнена грандыёзнымі падзеямі, што нельга спыняцца на дасягнутым. Толькі так — ніяк інакш. Такім жыццём жыве яе матуля — самы дарагі і родны чалавечак, арыенцір і пуцяводная зорка ў пачатку яе жыцця.

Сама Людміла Уладзіміраўна словы “Калі не я, то хто?” прыняла як дэвіз свайго жыцця, а наперадзе столькі нерэалізаваных ідэй, столькі задум…

“Хапіла б на ўсё часу!” — перажывае матуля-педагог.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ.