Калі мэта становіцца сродкам

- 12:18Адукацыйная прастора

Работа ў парах, у малых і вялікіх групах… Індывідуальная работа ў пары, групе… Знаёма, ці не так? Які ўрок абыходзіцца без гэтых форм арганізацыі навучэнцаў? І ад іх умення працаваць у гэтых самых “парах-групах” шмат у чым залежыць эфектыўнасць урока. Таму часта настаўнікі аддаюць пэўную колькасць часу для навучання прынцыпам групавой работы, мяркуючы (відаць, не без прычын), што ў далейшым ён кампенсуецца з лішкам. І толькі пасля гэтага пачынаюць лічыць групавую работу сапраўды эфектыўным сродкам засваення вучэбнага матэрыялу. Але гэта ў далейшым. А на першых этапах групавая работа дае роўна супрацьлеглы вынік. Як жа вырашыць гэтую дылему? Як найбольш лёгка “праскочыць” гэты пачатковы этап? А што, калі ўзяць і ўсё перавярнуць! Зрабіць так, каб групавая работа з’яўлялася не сродкам, а мэтай для навучэнцаў.

Парная і групавая работа — гэта работа ў камандзе. І, гаворачы спартыўнай мовай, вынік залежыць ад ступені сыгранасці каманды. Калі гулец не змог уліцца ў каманду, ён пераходзіць у іншую (гэта ідзе на карысць як яму самому, так і клубу). Клас — гэта таксама каманда, але, у адрозненне ад спартыўнай (або карпаратыўнай), сфарміраваная фармальна. І часта застаецца такой на працягу ўсяго навучання ў школе. Колькі па-сапраўднаму дружных класаў вы зможаце прыпомніць? Чаму так адбываецца — тэма для асобнага артыкула. Навучэнец не мае магчымасці лёгкага пераходу ў іншы клас і тым больш школу ў пошуках “свайго клуба”. Яму прыходзіцца заставацца ў гэтай, “не згулянай” (шмат у чым можа нават і не з-за яго) камандзе.

Нядружны клас — напэўна, адна з асноўных прычын перавагі франтальнай формы работы ў сучаснай школе. З другога боку, такая форма ніколькі не спрыяе згуртаванню калектыву. Як вырвацца з гэтага заганнага круга? Біць той жа зброяй: ства­рыць такія ўмовы, пры якіх індывідуальная выгада магчыма толькі пры сумеснай (карпаратыўнай) рабоце. Такі “прымус да міру” будзе адбывацца, у прыватнасці, калі арганізаваць шэраг заняткаў у выглядзе трэнінгу па фарміраванні карпаратыўнага духу. Толькі паспяховая работа ў камандзе над агульнай справай вядзе да цалкам індывідуальных даброт, якія выяўляюцца ў памеры заработнай платы, кар’ерным росце і г.д.

Мэтай гэтых заняткаў (для навучэнцаў) бу­дзе авалоданне эфектыўнымі спосабамі і прыёмамі ўзаемадзеяння ў групе для дасягнення канчатковага выніку. (М.І.Запрудскі ў сваёй кнізе “Сучасныя школьныя тэхналогіі — 3” справядліва заўважае, што групы не могуць працаваць эфектыўна, калі навучэнцы не валодаюць навыкамі сумеснай работы і не прымяняюць іх. Навыкі сумеснай работы ўключаюць навыкі лідарства, прыняцця рашэнняў, дасягнення даверу, зносін, вырашэння канфліктаў.) Настаўнік жа, як і належыць, будзе ставіць цалкам вучэбныя мэты, таму што адпрацоўка гэтых самых спосабаў і прыёмаў грунтуецца на прадметным матэрыяле! У якасці прыкладу прывяду сцэнарый урока па тэме “Удасканаленне тэхнікі вядзення і перадачы мяча ў баскетболе” ў 10 класе.

У прыведзеным ніжэй сцэнарыі ўрока мэтай навучэнцаў з’яўляецца адпрацоўка канкрэтных прыёмаў і спосабаў узаемадзеяння ў парах і групах (клас, каманда). Перыядычныя адсылкі падчас урока да толькі што ажыццёўленых дзеянняў (“Давайце ўспомнім, што мы рабілі…” — паэтапная рэфлексія) спрыяюць пастаяннай актуалізацыі пастаўленай мэты, прадухіляюць пападанне яе ў мёртвую зону ўвагі. З другога боку, гэта ўрок фізкультуры, і на ім таксама вырашаюцца і адукацыйныя задачы (удасканаленне тэхнікі вядзення і перадачы мяча, тактычныя ўзаемадзеянні). Гэта і ёсць адпрацоўка эфектыўных спосабаў узаемадзеяння ў групе на аснове прадметнага матэрыялу. Кіруючыся гэтым прынцыпам, такі трэнінг магчыма ажыццявіць практычна ў любым вучэбным прадмеце.

Тэма “Удасканаленне тэхнікі вядзення і перадачы мяча ў баскетболе”

НАСТАЎНІК: “Я, напэўна, не памылюся, калі выкажу здагадку, што кожны з вас хоча стаць паспяховым у жыцці, праўда? Падыміце рукі, хто бачыць сябе паспяховым дзякуючы баскетболу? Хто бачыць сябе ў будучыні паспяховым баскетбалістам?”

Навучэнцы выказваюцца.

“Тады ўзнікае пытанне: калі ніхто ў будучыні не збіраецца звязваць сябе з баскетболам, навошта зараз марнаваць на яго наш каштоўны час? Давайце лепш патрацім яго з карысцю, зробім адзін крок да поспеху. Згодны? Немалаважным складнікам поспеху з’яўляецца ўменне працаваць у камандзе, камандны, карпаратыўны дух. І сёння я прапаную вам трэнінг па фарміраванні карпаратыўнага духу. Прыметамі каманднага духу з’яўляюцца… (зачытвае на стэндзе)”.

ТРЭНІНГ ПА ФАРМІРАВАННІ КАРПАРАТЫЎНАГА ДУХУ

Прыметы каманднага духу:

  • паспяховасць узаемадзеяння членаў каманды ў розных сітуацыях;
  • асабістая адказнасць за агульны вынік;
  • пераход са стану канкурэнцыі да супрацоўніцтва;
  • давер паміж членамі каманды;
  • пераключэнне ўвагі ўдзельніка з сябе на каманду.

“Трэнінг прадугледжвае практычную адпрацоўку нейкіх дзеянняў з мэтай фарміравання, замацавання або ўдасканалення пэўных уменняў, навыкаў або якасцей. Давайце і мы з вамі адпрацуем кожны з гэтых пунктаў. Такім чынам, першы пункт — паспяхо­васць узаемадзеяння членаў каманды ў розных сітуацыях. Вы — каманда. Зараз я буду ўводзіць розныя сітуацыі, а вы ўсёй камандай — спрабаваць і, спадзяюся, паспяхова іх вырашаць.

  • Усёй камандзе неабходна выстраіцца ў адпаведнасці са спісам у класным журнале;
  • усёй камандзе неабходна выстраіцца, як на ўроку фізкультуры: спачатку юнакі па росце, потым дзяўчаты па росце;
  • усёй камандзе неабходна ісці адной калонай у абход па зале;
  • усёй камандзе неабходна ісці на насках, рукі на пояс;
  • усёй камандзе неабходна ісці як мага хутчэй, пры гэтым не апярэджваючы адно аднаго;
  • усёй камандзе неабходна перайсці на бег;
  • усёй камандзе па свістку неабходна бегчы спінай наперад, гледзячы праз левае плячо;
  • усёй камандзе неабходна згінаць ногі назад;
  • усёй камандзе неабходна бегчы, высока падымаючы калені;
  • па свістку той, хто замыкае, робіць паскарэнне і становіцца накіроўваючым;
  • па свістку ўся каманда выконвае тры адцісканні, пасля чаго працягвае бег па крузе;
  • па свістку ўся каманда выконвае тры прысяданні, пасля чаго працягвае бег па крузе;
  • па свістку ўся каманда выконвае тры выскакванні з поўнага прыседу, пасля чаго працягвае бег па крузе.

Давайце ўспомнім, што мы толькі што рабілі”.

Навучэнцы выказваюцца.

“Сапраўды, мы адпрацоўвалі ўзаемадзеянне членаў каманды ў розных сітуацыях. Скажыце, калі ласка, ці ўсе сітуацыі, якія ўводзіліся мной, патрабавалі ўзаемадзеяння ў камандзе. Якія патрабавалі? Вы з імі справіліся? (Навучэнцы выказваюцца.) Значыць, узаемадзеянне членаў каманды ў розных сітуацыях можна прызнаць паспяховымі? Віншую вас!”

“Наступны пункт — гэта асабістая адказнасць за агульны вынік. Я буду даваць вам заданні, паспяховае выкананне якіх залежыць ад кожнага члена каманды. Разбіцеся, калі ласка, парамі і станьце так, каб не перашкаджаць адно аднаму.

  • Стаць шчыльна спінай адно да аднаго; выканаць нахілы галавы наперад-назад-направа-налева, прычым калі адзін з пары нахіляе галаву наперад, другі — назад, адпаведна, адзін — направа, другі — налева і наадварот;
  • стаць шчыльна спінай адно да аднаго, рукі ў бакі, кісці ў замок; выканаць кругавыя рухі прамымі рукамі;
  • стаць шчыльна спінай адно да аднаго, рукі хватам за локці; выканаць павароты тулава ў адзін і другі бок;
  • устаць тварам адно да аднаго, рукі — на плечы партнёра, ногі на шырыні плячэй; выканаць тры спружынныя нахілы, на чатыры — выпрастацца;
  • зыходнае становішча тое ж; выканаць дваццаць прысяданняў на поўнай ступні;
  • зыходнае становішча тое ж; выканаць дваццаць скачкоў.

Давайце ўспомнім, над чым мы зараз працуем. У нас атрымліваецца? (Навучэнцы выказваюцца.) Кожны член спартыўнай каманды нясе адказнасць за агульны вынік? Значыць, каб не падвесці каманду, яму неабходна адказна паставіцца да асваення тэхнічных прыёмаў? Ваша задача — уявіць сябе членам баскетбольнай каманды зборнай школы і з адказнасцю аднесціся да выканання наступных заданняў”.

Навучэнцы разлічваюцца па два. Выконваюць заданні ў парах:

  • адзін на пярэдняй, другі на цэнтральнай лініі баскетбольнай пляцоўкі; зрабіць перадачу партнёру і бегчы следам за перадачай на месца партнёра; той, хто атрымаў мяч, вядзе яго да цэнтральнай лініі і робіць перадачу партнёру;
  • адзін на пярэдняй, другі на цэнтральнай лініі баскетбольнай пляцоўкі; першы выконвае вядзенне, абводзіць партнёра нізкім вядзеннем, вяртаецца з вядзеннем на месца і робіць перадачу другому.

“Мы адпрацоўвалі ўменні несці асабістую адказнасць за агульны вынік. Скажыце, ці ўсе заданні патрабавалі ўзаемадзеяння і асабістай адказнасці за агульны вынік? Вы справіліся? (Навучэнцы выказваюцца.) Значыць, уменне несці асабістую адказнасць за агульны вынік у вас прысутнічае? Віншую вас з гэтай падзеяй!”

Апладзіруем.

“Давайце звернемся да наступнага пункта — пераход са стану канкурэнцыі да супрацоўніцтва. На мой погляд, мы яго толькі што адпрацавалі. Адкажыце мне чаму.” Навучэнцы выказваюцца.

“У вас атрымалася супрацоўнічаць? Значыць, пераход са стану канкурэнцыі да супрацоўніцтва адбыўся? Віншую!”

Апладзіруем.

“Наступны пункт — давер паміж членамі каманды. Зноў звернемся да баскетбола. Пагадзіцеся: каб аддаць перадачу партнёру ў час гульні, трэба давяраць яму. Атрымаўшы перадачу, вы, у сваю чаргу, імкняцеся апраўдаць давер. І калі ў гульні вы робіце менавіта так, то пачуццё даверу ў вас развіта. Я прапаную вам крыху ўдасканаліць яго. Мы зноў будзем працаваць у парах: першыя нумары шукаюць сабе пару сярод першых, другія — сярод другіх”.

  • Выконваць вядзенне мяча на месцы без зрокавага кантролю (з заплюшчанымі вачамі), у час выканання партнёр гарантуе бяспеку (выключае пападанне мячом, сутыкненні); па сігнале — выканаць перадачу партнёру;
  • тое ж, але вядзенне мяча адбываецца ў руху.

“Такім чынам, толькі што мы з вамі адпрацавалі пункт — давер паміж членамі каманды. Мы дасягнулі мэты? Віншую!”

Апладзіруем.

“І, нарэшце, апошні пункт нашага трэнінгу па фарміраванні каманднага духу — гэта пераключэнне ўвагі ўдзельніка з сябе на каманду. І зноў нам дапаможа баскетбол! Як вы думаеце, магчыма ў адзіночку выйграць сустрэчу ў цэлай каманды? Аднак часта так бывае, што хтосьці бярэ ўсю гульню на сябе, а потым яшчэ і вінаваціць каманду, калі прайгралі. Ваша задача — у час двухбаковай гульні старацца як мага эфектыўней узаемадзейнічаць з партнёрамі, г.зн. гуляць на каманду”.

Двухбаковая гульня.

“Давайце ўспомнім, які пункт мы адпрацоўвалі. На ваш погляд, у камандах былі такія гульцы, якія не гулялі на каманду? (Навучэнцы выказваюцца.) Значыць, кожнаму з вас удалося пераключыць увагу з сябе на каманду? Віншую з паспяховым заканчэннем трэнінгу!”

Апладзіруем.

“Давайце яшчэ раз успомнім, што і як мы рабілі. У пачатку ўрока мы дамовіліся, што не будзем марнаваць час на баскетбол, а правядзём яго з карысцю, для прасоўвання да поспеху. Тым не менш увесь урок мы займаліся баскетболам! Значыць, баскетбол не толькі захапляльная і цікавая гульня, яна таксама спрыяе дасягненню поспеху. І, як мы сёння пераканаліся, неабавязкова толькі ў спорце. Пагадзіцеся, усе пералічаныя пункты, калі не глядзець на загаловак, з’яўляюцца прынцыпамі любой спартыўнай гульні. Таму, калі хочаце быць паспяховымі ў жыцці, займайцеся спортам!”

Максім МІКУЛІЧ,
настаўнік Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Асіповіцкага раёна, член клуба “Крыштальны журавель”.