Калі моцна захацець, можна ў космас паляцець

- 12:11Адукацыйная прастора

Для навучэнцаў гімназіі № 2 Мінска гэтыя словы сталі не проста фразай з дзіцячай песні, а жыццёвай аксіёмай. 8 “А” клас, якому аднойчы прапанавалі акунуцца ў касмічную тэму і які так і застаўся ў космасе, цяпер у гімназіі называюць зорным. Самі ж навучэнцы спадзяюцца, што аднойчы гэтае іх захапленне пяройдзе на прафесійны ўзровень. А падтрымлівае ў дзецях імкненне да палёту чацвёрты год запар іх класны кіраўнік і настаўніца англійскай мовы Алена Грышанава.

Зорны старт

Дваццаць з амаль трыццаці гадоў у школе Алена Леанідаўна з’яўляецца класным кіраўніком. І заўсёды жыццё вакол яе і яе класа бурліць. Галоўная адметнасць — ва ўмелым супрацоўніцтве не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі. Таты і мамы — не гледачы, а суаўтары, актыўныя ўдзельнікі амаль усіх творчых мерапрыемстваў. Яны право-дзяць майстар-класы па стварэнні капелюшоў і аксесуараў, усе разам ходзяць у тэатр і кіно, ездзяць па Беларусі і за мяжу. Дзевяць гадоў запар у межах гімназічнага марафону “Віват, гімназія!” праводзяцца “Калядныя сустрэчы”. Гэта маштабныя пастаноўкі казак-мюзіклаў, у якіх акцёрамі, сцэнарыстамі, дэкаратарамі становяцца вучні Алены Леанідаўны. Яна разам са сваім класам ініцыіравала штогадовыя дабрачынныя акцыі “Падары кнігу дзецям”, “Зялёная планета”, “Цёплыя далоні” і інш.

Знаёмства з зоркамі для сённяшняга 8 “А” пачалося яшчэ ў 2 класе, калі ў музеі авіяцыйнай тэхнікі на Баравой іх у акцябраты прымалі лётчыкі-касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук. Напрыканцы 4 класа яны збіраліся ўступаць у піянерскую арганізацыю, і да іх на адкрытую класную гадзіну, прысвечаную Дню касманаўтыкі, прыехаў ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, лётчык-касманаўт, Герой Расіі. Дзеці атрымалі дазвол у касманаўта назваць свой будучы піянерскі атрад яго іменем.

Звязаў з космасам дзяцей тата Колі Мачанскага Мікалай Пятровіч, начальнік Цэнтральнага аэраклуба імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца ДТСААФ, падпалкоўнік запасу. Гэта вельмі цікавы чалавек, якога называюць легендай беларускай авіяцыі, а пра яго прафесійны шлях напісаны дзясяткі інтэрв’ю і нават выдадзена кніга. Але галоўнае — ён зацікаўлены пазнаёміць Колю і яго аднакласнікаў са сваёй прафесіяй і сябрамі-калегамі, улюбёнымі ў неба. А калі класным кіраўніком сына стала Алена Леанідаўна і падхапіла гэтую хвалю, усё закруцілася на поўную сілу.

Усе 30 гадоў А.Л.Грышанава працуе з піянерамі. Пачынала прафесійную кар’еру піянерважатай і сёння носіць гальштук. Але работа з такім зорным атрадам вымагала больш сур’ёзнай работы. Рыхтуючыся да прыёму ў піянеры, яе выхаванцы-пяцікласнікі вывучалі гісторыю пакарэння космасу, знаёміліся з біяграфіямі касманаўтаў, стараліся перамагаць ва ўсіх гімназічных конкурсах і справах.

З Алегам Навіцкім у піянераў завязалася сапраўдная дружба. Летась Алег Віктаравіч у Дзень піянерскай дружбы запрасіў 46 хлопчыкаў і дзяўчынак і педагогаў гімназіі ў Зорны гарадок, што пад Масквой. Яны аб’ехалі з экскурсіяй Маскву, пабывалі ў выставачным павільёне “Пакарыцелі космасу” на ВДНГ і, галоўнае, сталі гасцямі Зорнага гарадка. У музеі гарадка ўбачылі макеты Міжнароднай касмічнай станцыі “Мір” у натуральную велічыню, трэнажоры для касманаўтаў, ацанілі на смак стравы з меню для касманаўтаў, даведаліся, як развівалася касмічная навука, як наладжаны быт касманаўтаў на касмічнай станцыі, убачылі на свае вочы самалёт, на якім лятаў Ю.Гагарын, і, канечне, сустрэліся з Алегам Навіцкім.

Выхаванцы Алены Леанідаўны якраз перад чарговым яго палётам дасылалі яму сваё відэавіншаванне з Днём касманаўтыкі, а Алег Віктаравіч паляцеў у космас з фотаздымкам “свайго” атрада і з адкрытага космасу дасылаў ім відэапрывітанне.

“У мінулым навучальным годзе да нас прыязджаў Уладзімір Кавалёнак, — расказвае Алена Леанідаўна. — Ён расказаў шмат гісторый са свайго жыцця ў космасе. Напрыклад, калі быў на сустрэчы са школьнікамі, адна дзяўчынка спыталася, як у космасе гарыць запалка, а адказу ён не ведаў: даследаванняў працэсаў гарэння ў космасе на той момант не праводзілася. І ён паабяцаў: “У наступны раз палячу — праверу”. І нам ужо расказваў, што запалка гарыць, але не такім вострым полымем, як на Зямлі, а вогненным шарыкам. З гэтага і пачаліся эксперыменты з агнём у космасе”.

На наступным тыдні васьмікласнікі зноў чакаюць у госці Алега Віктаравіча Навіцкага. У найбліжэйшы час плануюць пры падтрымцы аэраклуба і асабіста Мікалая Пятровіча стварыць у гімназіі музей касманаўтыкі. Наступнай восенню ў межах правядзення Міжнароднага касмічнага кангрэса яны будуць закладваць Алею Касманаўтаў у парку Чалюскінцаў. Тэндар на правядзенне гэтага маштабнага мерапрыемства, якое аб’яднае касманаўтаў усяго свету, менавіта ў Беларусі вясной гэтага года выйгралі У.Кавалёнак і М.Мачанскі на Міжнародным касмічным выканкаме ў Францыі.

З марай пра неба

“Тэма космасу вельмі захапляльная для ўсіх нас, незалежна ад полу, інтарэсаў і г.д., — гаворыць васьмікласніца Ілона Дзялендзік. — Мы ганарымся, што сябруем з касманаўтамі і можам бачыць тое, што закрыта для іншых. І многія з нас мараць аб прафесіях, так ці інакш звязаных з космасам, з касмічнымі тэхналогіямі. Некаторыя хлопцы мараць стаць касманаўтамі. Прычым гэта не проста мара, а мэта, і таму яны мэтанакіравана да яе ідуць. Яны ведаюць, што касманаўту трэба мець бездакорнае здароўе, і таму ўжо цяпер робяць усё, каб яго не згубіць, а, наадварот, умацаваць, з дзяцінства выбудоўваюць здаровае жыццё, займаюцца ў спартыўных секцыях, гуляюць у футбол, хакей”.

Цяпер дзеці ведаюць, што мноства прадпрыемстваў Беларусі працуюць на космас. Гэта такая каласальная прафарыентацыя і падштурхоўванне на выбар сумежных касмічнай індустрыі спецыяльнасцей, якія дазволяць калі не паляцець у космас, то спрыяць палётам.

“Я з нецярпеннем чакаю зімы, бо пачнуцца мае заняткі парашутным спортам, — гаворыць васьмікласнік Мікалай Мачанскі. — Пакуль я вельмі актыўна займаюся падводным спортам і хакеем, каб мець добрую фізічную форму. У будучыні планую паступаць у лётнае вучылішча і, спадзяюся, звяжу сваё жыццё з авіяцыяй — тым самым працягну сямейную дынастыю”.

Старэйшы сын Мікалая Пятровіча Аляксей — лётчык. Унук таксама займаецца авіяцыйным спортам і ўжо лятае. Лятае з татам і Коля, двойчы скакаў з парашутам. Да Колі далучылася і аднакласніца Ілона Дзялендзік. З парашутам скочыла нават Алена Леанідаўна! А яшчэ на самалёце яна зрабіла ўвесь комплекс вышэйшага пілатажу: штопар, бочку, васьмёрку і інш.

Дагэтуль дзеці расказваюць сваім сябрам, якая ў іх класная класная, а бацькі яе нават узнагародзілі ордэнам Мужнасці.

“Акрамя Колі, у мяне ёсць двое старэйшых дзяцей, таму я ў сваім жыцці бачыў шмат настаўнікаў. І часта з жонкай мы адзначаем, што нам з класным кіраўніком сына пашанцавала. Упэўнены, што гэтага ж меркавання будуць літаральна ўсе бацькі ў класе, — гаворыць Мікалай Пятровіч Мачанскі. — Яна робіць тое, што любіць і ўмее рабіць у дасканаласці. Дзеці цэняць яе, аберагаюць.

Па-першае, яна ніколі не крытыкуе дзяцей (а ў падлеткавым узросце заўсёды хапае прычын, звязаных і з вучобай, і з паводзінамі), а дае слушныя парады — кожнаму дзіцяці індывідуальна. Па-другое, і дзецям, і мне імпануе тое, што, каб у поўнай меры зразумець авіяцыйную, касмічную тэматыку, якой захоплены ўвесь клас, яна не пабаялася акунуцца ў авіяцыю. Для прафесійнага ўзроўню, для пашырэння кругагляду і, безумоўна, для атрымання дзіцячага аўтарытэту гэта вельмі карысна. Па-трэцяе, Алена Леанідаўна жыве класам, упісваецца ў яго жыццё. Часам глядзіш на яе — ну, вучаніца 8 класа! Яна дасканала валодае камп’ютарнымі тэхналогіямі, далучае да іх асваення і дзяцей, ведае ўсе гульні, у якія гуляюць падлеткі, і зрэдку нават можа з імі пагуляць”.

Піянерскі крэатыў

“Пасля інстытута я прыйшла ў школу працаваць піянерважатай, і ў нас быў вопытны настаўнік музыкі, які мне даў адну параду: “Калі заходзіш у клас да пяцікласнікаў, ты павінна стаць пяцікласніцай. Калі працуеш са старшакласнікамі — вырастай з імі. Ты павінна жыць іх жыццём”. Я гэта запомніла на ўсё жыццё і стараюся так рабіць”, — гаворыць Алена Леанідаўна.

Разважаючы пра асаблівасці работы з сучаснымі піянерамі, мая суразмоўніца адзначае: “Мой прынцып — не стаяць на месцы, увесь час рухацца наперад, ды і самі піянеры мяняюцца. Ні да адной справы нельга падыходзіць фармальна. Павінен быць вынік вашай агульнай работы, дзеці павінны адчуць гэта на сабе. Калі тэатральная пастаноўка, то гэта не сумны спектакль у паўпустой зале са зробленымі за ноч дэкарацыямі, а феерычнае шоу з бездакорнай ігрой, з шыкоўнымі дэкарацыямі, спецэфектамі. Так, на нашы пастаноўкі задоўга раскупляюцца білеты, прыходзяць не толькі бацькі, сябры, але і незнаёмыя людзі, рэпартажы пра шоу трансліруюцца на Беларускім тэлебачанні. Нашы акцёры ганарацца тым, што робяць.

Маральныя якасці і патрыятычныя пачуцці можна і трэба выхоўваць сучаснымі спосабамі. У тым ліку і з дапамогай камп’ютара. Вось прыклад. Вывучаючы кантэнт еўрапейскіх сайтаў, мы звярнулі ўвагу на тое, што нашу краіну амаль заўсёды называюць Беларусіяй. Мы папрасілі выказаць перад відэакамерай свой пункт погляду на гэтую памылку вядомых людзей: намесніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце Рэспублікі Беларусь, кіраўніка Парка высокіх тэхналогій, лётчыка, урача, тэлежурналіста і іншых, — і ўсе гэтыя інтэрв’ю зманціравалі ў адзін відэаролік. Гэты ролік і прымацаваную да яго петыцыю, якую склалі самі, мы адправілі на Change.org — анлайн-платформу для размяшчэння петыцый. У петыцыі мы прасілі правільна, карэктна называць нашу краіну: не Беларусіяй, а Рэспублікай Беларусь. Петыцыю падпісалі і ўсе вучні нашай гімназіі, і педагогі, і бацькі, і звычайныя анлайн-карыстальнікі. Дапамагаў нам выпускнік Дзмітрый Савелаў, дырэктар Change.org па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Як вынік, у Вікіпедыі зрабілі папраўку — у тлумачэнне дадалі афіцыйную назву — Рэспубліка Беларусь. (Гэтая ініцыятыва, дарэчы, сёлета прынесла перамогу Алене Леанідаўне ў фінале гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Cталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. — Заўв. аўт.)

Абавязкова трэба мяняць формы работы. Не трэба абмяжоўвацца выступленнямі агітбрыгад і лозунгамі — акуніце дзяцей у блізкую да іх сферу. Калі сёння ім бліжэй камп’ютар, камеры — разам здымайце відэа, манціруйце ролікі, падбірайце музыку, навучыце працаваць з сайтамі. Дарэчы, цяпер я абагульняю ўсю сваю работу па тэме “Фарміраванне інфармацыйнай кампетэнцыі ў класных кіраўнікоў”.

Поспехаў вам, Алена Леанідаўна!

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва А.Л.Грышанавай.