“Калі мы лепш зразумеем адно аднаго, то ўзмоцнім супрацоўніцтва”

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Еўрасаюз вітае ўключанасць беларускіх дзяржаўных органаў у еўрапейскія інтэграцыйныя форумы. Аб гэтым заявіла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза і Беларусі Андрэа Віктарын на міжнародным семінары па тэматыцы сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Еўропе, які адбыўся 1 лістапада на базе факультэта міжнародных адносін БДУ ў рамках беларускага старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве.

Андрэа Віктарын канстатавала, што назірае, як павялічваецца ініцыятыўнасць Беларусі па ўдзеле ў мерапрыемствах “Усходняга партнёрства”. На яе думку, Беларусь больш актыўна ўдзельнічае ў розных міжнародных форумах і развівае супрацоўніцтва па многіх напрамках, звязаных як з УП, так і Еўрасаюзам у цэлым.

Акрамя таго, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС зрабіла акцэнт на важнасці ўдзелу Прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова ў мерапрыемствах, што адбыліся нядаўна ў Люксембургу, у ліку якіх быў Беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум. Яна лічыць важным умацоўваць узаемаразуменне паміж Беларуссю і ЕС. “Калі мы лепш зразумеем адно аднаго, то ўзмоцнім супрацоўніцтва”, — заўважыла Андрэа Віктарын.

Еўрасаюз надае вялікае значэнне маючаму адбыцца саміту ў Бруселі, на якім будуць разглядацца далейшыя перспектывы ўзаемадзеяння з краінамі — удзельніцамі “Усходняга партнёрства”, у тым ліку з Беларуссю. Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва, Еўрасаюз адзначае пазітыўную дынаміку супрацоўніцтва з Беларуссю, а таксама павышэнне ролі краіны на міжнароднай арэне, асабліва што тычыцца ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. “Я рада буду бачыць Беларусь на саміце “Усходняга партнёрства” ў Бруселі, які адкрые новыя перспектывы супрацоўніцтва, — сказала Андрэа Віктарын. — Гэты саміт — наша прапанова па прадаўжэнні супрацоўніцтва. Мы рады, што расце цікавасць да яго з беларускага боку”.

Закранаючы праведзены міжнародны семінар, кіраўнік прадстаўніцтва падкрэсліла: “Еўрасаюз падтрымлівае Цэнтральна-Еўрапейскую ініцыятыву, у якой цяпер старшынствуе Беларусь, і відавочна ўключанасць беларускіх дзяржаўных органаў у еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы”.

Андрэа Віктарын назвала вельмі важнай тэму гэтага семінара, які быў прысвечаны тэматыцы сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Еўропе. Яна лічыць, што абмеркаванне такіх важных тэм будзе садзейнічаць умацаванню ўзаемаразумення і далейшаму ўмацаванню ўдзелу Беларусі ў агульнаеўрапейскіх інтэграцыйных працэсах.