“Калі мы захочам быць разам, мы заўсёды будзем”

- 9:52Інфармацыйная гадзіна, Рознае

СНД павінна стаць палітычным і эканамічным цэнтрам сілы, прасторай для буйнамаштабных праектаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія прымалі ўдзел у XVI сесіі Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў — удзельніц СНД.

“Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна стаць не проста зручнай пляцоўкай для ўсёабдымнага перагаворнага працэсу, а палітычным і эканамічным цэнтрам сілы, прасторай для выпрацоўкі рэалізацыі буйнамаштабных сумесных праектаў у розных сферах”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў снежні Садружнасці споўніцца 25 гадоў. “Хацелася б, каб гэты юбілей даў актыўны кансалідуючы эфект у дзейнасці СНД, адкрыў для яе новыя гістарычныя перспектывы”, — сказаў прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сесіі Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў — удзельніц СНД, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што органы фінансавага кантролю могуць адыграць адну з вядучых роляў у працэсе далейшага станаўлення СНД і гарманізацыі адносін шырокага кола дзяржаў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўпарадкаванне руху грошай і каштоўных папер, выкарыстання іншых актываў на вялікай частцы еўразійскага кантынента — гэта гарант стабільнасці і эканамічнай бяспекі нашых краін.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, толькі пры ўмове жорсткага дзяржаўнага кантролю за фінансавымі патокамі, строгага выканання законнасці ў гэтым сектары мы можам паспяхова развівацца. “Неабходна паставіць неадольную заслону безгаспадарчасці, нямэтаваму выкарыстанню бюджэтных сродкаў, уцечцы капіталу за мяжу, незаконным валютным аперацыям, карупцыі і іншым негатыўным з’явам”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Узмоцненая каардынацыя дзеянняў кантралюючых органаў краін СНД з’яўляецца найважнейшай задачай стратэгічнага значэння, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паказальным з’яўляецца ўдзел у рабоце сесіі кіраўнікоў органаў фінансавага кантролю СНД прадстаўніка Славакіі. “Гэты факт сведчыць аб тым, што ідэя ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Усход — Захад усё больш актуальная, — упэўнены Прэзідэнт Беларусі. — Думаю, што ва Усходняй Еўропе добра памятаюць, наколькі эфектыўна дзейнічаў Савет эканамічнай узаемадапамогі, які аб’ядноўваў патэнцыялы многіх краін дзеля агульнай карысці”.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сёння невыпадкова гэтая ідэя адраджаецца ў формуле “інтэграцыя інтэграцый”, якую выстаўляе Беларусь, і каму, як не краінам Садружнасці, паказаць тут дастойны прыклад.
“Гэта асабліва важна цяпер, калі ў свеце адзін за адным адбываюцца крызісы, што вельмі неспрыяльна ўплывае на стан спраў у краінах Садружнасці. Таму ўзмоцненая каардынацыя дзеянняў кантралюючых органаў, выпрацоўка імі сумесных падыходаў да прадухілення фінансавых парушэнняў, абмен вопытам у асваенні новых метадаў работы — задача стратэгічнага значэння, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Паколькі, яшчэ раз паўтару, размова ідзе аб бяспецы кожнай з дзяржаў Садружнасці асобна і палітыка-эканамічнай жыццяздольнасці СНД у цэлым”.

Прэзідэнт заўважыў, што апошнім часам адзначаюцца негатыўныя тэндэнцыі, непаразуменні паміж членамі Садружнасці, жаданне некаторых з іх дыстанцыравацца ад якіх-небудзь абавязацельстваў і быць проста наглядальнікамі, а то і зусім выйсці з яе складу.

“Нягледзячы на тое, што СНД у яе цяперашнім выглядзе крытыкуецца, беларускі бок лічыць, што патэнцыял супрацоўніцтва далёка не вычарпаны, — заявіў Прэзідэнт Беларусі. — У нас ёсць усё, каб надаць ёй новы імпульс, узняць яе аўтарытэт на міжнароднай арэне, а галоўнае — у вачах уласных грамадзян”.

Беларусь і Расія адэкватна рэагуюць на ўзмацненне НАТА ля граніц Саюзнай дзяржавы, заявіў таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый.

“Расіяне часта гавораць аб тым, што ля граніц Расіі разгортваюцца новыя кантынгенты НАТА. Трэба падкрэсліць, што перш за ўсё ля нашых граніц, беларускіх граніц. Мы гэта бачым і прымаем без гвалту, без шуму адэкватныя меры”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Бачу, што і расійскае кіраўніцтва сёння дзейнічае ў гэтым жа ключы ў заходнім напрамку, маю на ўвазе, што ў нас сумесная групоўка Узброеных сіл на Захадзе, якая гарантуе бяспеку нашай айчыны — Беларусі і Расіі. І ў аснове гэтай групоўкі — часці беларускай арміі. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой, і на працягу кароткага часу сюды падцягваюцца часці, сканцэнтраваныя на захадзе Расійскай Федэрацыі”, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў: “Мы гэта не хаваем ад нашых заходніх не то калег, не то партнёраў, не то сапернікаў. Яны цудоўна ведаюць нашы дамоўленасці з Расіяй”.

“Я гэта гавару, каб вы зразумелі маю пазіцыю адносна СНД. Беларусь заўсёды была ініцыятарам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, — адзначыў беларускі лідар. — Мы выступалі і будзем выступаць за рэальнае збліжэнне рэспублік былога Савецкага Саюза”.

“Калі мы будзем у выніку пэўных замашак у пэўных дзяржавах асобных палітычных сіл прытрымлівацца іншых прынцыпаў, то мы ніколі не знойдзем супрацоўніцтва паміж рэспублікамі, паміж намі будуць узнікаць, як гэта цяпер ва Украіне і іншых частках СНД, сутычкі, не дай бог, яшчэ і войны”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены: “Усё ў нашых руках, не трэба лгаць нашым народам. Калі мы захочам быць разам, мы заўсёды будзем”.

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў сесіі гасцей горада-героя Мінска, нагадаў аб гераічным мінулым краіны. Ён падкрэсліў, што гэтая сустрэча праходзіць напярэдадні 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Прэзідэнт лічыць, што выстаяць і перамагчы ў той страшнай вайне ўдалося дзякуючы адзінству і брацкай падтрымцы народаў рэспублік Савецкага Саюза.

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў Беларусі, як нідзе на постсавецкай прасторы, шануюць гэтую Вялікую Перамогу. У краіне прадаўжаецца актыўная работа па пошуку невядомых раней пахаванняў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, а на месцы гібелі герояў устанаўліваюцца мемарыялы. “У нас няма нават у самай маленькай вёсачцы ніводнага закінутага помніка. Кожны год 9 Мая яны прыводзяцца ў парадак”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што важна помніць, якой дарагой цаной была дасягнута Вялікая Перамога.