На XVII Адкрытай Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў (старшакласнікаў і студэнтаў) “Адукацыя. Навука. Прафесія” скарбонка дасягненняў Міншчыны папоўнілася высокімі ўзнагародамі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты“.
Дыплом ІІІ ступені атрымала вучаніца 11 класа беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава Дар’я Асвецімская. Навучэнка выступала ў секцыі “Лінгвістыка рускамоўная” са сваёй навукова-даследчай работай “Калі нукаем, то з сэнсам? (функцыянальны патэнцыял ну як дыскурсіўнага маркера)”. Над даследаваннем дзяўчына працавала разам са сваім навуковым кіраўніком, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцай рускай мовы і літаратуры беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава Вольгай Афонскай.
“Фармат канферэнцыі прадугледжваў абарону праектаў у анлайн-рэжыме, — расказвае пра падрыхтоўку і ўдзел у канферэнцыі Вольга Афонская. — Мэта адкрытай міжнароднай канферэнцыі — стварэнне матывацыі развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей у адораных старшакласнікаў і студэнтаў, фарміраванне ў навучэнскай моладзі навыкаў даследчай дзейнасці”.
У Вольгі Афонскай гэта не першы вопыт удзелу ў навуковай канферэнцыі: настаўніца займаецца са старшакласнікамі даследчай работай ужо 7 гадоў і столькі ж часу рыхтуе сваіх вучняў да адпаведных міжнародных спаборніцтваў.
“Упершыню ў адкрытай міжнароднай канферэнцыі мы паспрабавалі сябе ў 2016 годзе, — працягвае педагог. — Штогод на ёй дэманструюцца цікавыя доследы і назіранні, і бачна, што дзецям гэта цікава”.
З даследчай работай “Калі нукаем, то з сэнсам? (функцыянальны патэнцыял ну як дыскурсіўнага маркера)” Дар’я Асвецімская прадстаўляла сваю гімназію на абласной, а таксама на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ. Як вынік, на рэспубліцы дзяўчына таксама стала адной з лепшых, заваяваўшы дыплом ІІІ ступені.
“Мы вельмі ганарымся дасягненнямі сваіх навучэнцаў, якія паказваюць дастойныя вынікі ў даследчай і навуковай рабоце, — прызнаецца Вольга Афонская. — Дар’я Асвецімская паказала найлепшы вынік за апошнія гады”.
Рашэнне ўзяць для вывучэння тэму пра слова “ну”, яго выкарыстанне і сэнс настаўніца і яе навучэнка прынялі пасля таго, калі прааналізавалі маўленне. Яны зразумелі, што “ну” сустракаецца вельмі часта ў мове кожнага чалавека, пачынаючы ад дзіцяці і заканчваючы дарослым. Часціцу “ну” аднолькава часта ўжываюць у размове паміж сабой настаўнікі і ўрачы, праграмісты і прадаўцы.
“Слова “ну” вельмі распаўсюджана, — гаворыць В.Афонская. — Яно з’яўляецца дыскурсіўным маркерам, г.зн. дапамагае размове, мове быць больш плаўнай. У сваёй рабоце мы даказваем, што ну — той дыскурсіўны маркер, які людзі выкарыстоўваюць у камунікацыі паміж сабой. Калі ён не заўважаецца іншымі і ўспрымаецца нармальна, значыць, “ну” патрэбна. Але бывае і так, што “ну” з’яўляецца словам-паразітам. Для таго каб яго кваліфікаваць у такім выглядзе, трэба правесці шэраг іншых даследаванняў. Выявіць гэта магчыма, але ў межах іншай работы”.
Заняткі навуковай дзейнасцю вучаць аналізаваць, параўноўваць, класіфікаваць. Гэтыя метапрадметныя кампетэнцыі абавязкова спатрэбяцца кожнаму вучню ў дарослым жыцці.
Даказаць правільнасць сваіх назіранняў Вольга Афонская і Дар’я Асвецімская вырашылі пры дапамозе рускай літаратуры. Творы Гогаля, Грыбаедава, Тургенева — усё гэта стала аб’ектам аналізу на выкарыстанне часціцы “ну”.
“Даследаваннем літаратуры мы займаліся на працягу года, — дзеліцца настаўніца. — Мы ўважліва перачытвалі творы, а пасля абмяркоўвалі іх і выбіралі ўсе моўныя акты, дзе прысутнічала “ну”. Такая работа была каманднай, бо ў адзіночку перачытаць цэлы стос літаратуры і нічога не прапусціць вельмі складана. Пасля таго як з літаратурай разабраліся, мы правялі даследаванне аднаго дня. Яго мэта была ў тым, каб паназіраць і пералічыць, колькі разоў “ну” ўжываюць тыя, хто знаходзіцца побач з намі: настаўнікі, аднакласнікі, родныя і сябры. Дзякуючы ўсім гэтым этапам, мы напісалі выдатную работу. Нам спатрэбілася паўгода, каб прэзентаваць яе ў раёне. Далей былі абласны, рэспубліканскі ўзроўні і міжнародны конкурс”.
Разважаючы над тым, ці варта прыцягваць дзяцей да навукова-даследчай дзейнасці і ці падабаецца яна ім, Вольга Афонская адзначае, што навучэнцы з задавальненнем далучаюцца да такой дзейнасці.
“Па-першае, навучэнцам цікава займацца навукай і даследаваннямі, — заўважае В.Афонская. — Акрамя гэтага, заняткі навуковай дзейнасцю вучаць аналізаваць, параўноўваць, класіфікаваць. Гэтыя метапрадметныя кампетэнцыі абавязкова спатрэбяцца кожнаму вучню ў дарослым жыцці. Калі дзеці абараняюць свае работы, яны развіваюць аратарскія ўменні, валодаць якімі таксама вельмі важна і неабходна.
Даследчая дзейнасць — гэта вельмі перспектыўны кірунак, які вучыць камунікацыі, уменню адстойваць і абараняць свае погляды. Таму калі вучань цікавіцца навукай, а настаўнік бачыць гэта і гатовы дапамагчы навучэнцу раскрыцца, то ў іх абавязкова ўсё атрымаецца. Увогуле, я ўпэўнена, што матываваць займацца навуковай і даследчай дзейнасцю можна любога навучэнца. Галоўнае, каб у настаўніка было жаданне разварушыць свядомасць дзіцяці, падштурхнуць яго да гэтага, паказаўшы, да якіх высокіх вынікаў такая работа можа прывесці”.
Наталля САХНО