Фінал спартыўнамасавага праекта “300 талентаў для Каралевы” аб’яднаў юных лёгкаатлетаў з усёй краіны.
У мінулую нядзелю выніковыя спаборніцтвы прайшлі на базе комплексу “Лёгкаатлетычны манеж” БДУФК і далі магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам з розных куткоў Беларусі праявіць сябе. Білет у вырашальны этап першынства атрымалі па 43 школьнікі з Мінска, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. 42 пуцёўкі дасталіся прадстаўнікам Брэсцкага рэгіёна.
Навучэнцы 2, 3 і 4 класаў на працягу навучальнага года праходзілі тэсціраванні, якія дазваляюць вызначыць самых развітых і здольных спартсменаў. Тры сотні лепшых абаранілі гонар свайго рэгіёна і паспаборнічалі ў бар’ерным бегу, кіданні кілаграмовага мяча з каленяў, скачку ў даўжыню з месца і эстафеце 8х50м. Паназіраць за барацьбой юных атлетаў прыехаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец:
— Самае галоўнае для нас — сабраць дзяцей з усёй краіны, прывіць ім любоў да спорту і дапамагчы зрабіць крок наперад для перамогі над сабой, — сказаў Андрэй Іванавіч. — У гэтых спаборніцтвах прыняў удзел кожны другі беларускі школьнік — усяго каля 270 тысяч навучэнцаў. Сёння ў камандзе пераможцаў ад кожнай вобласці мы вітаем 300 маладых талентаў. Конкурс арганізаваны такім чынам, каб як мага больш актыўных школьнікаў маглі ў ім паўдзельнічаць. Тут кожны можа праявіць сябе і адчуць атмасферу свята.
Галоўная мэта праекта “300 талентаў для Каралевы” — знайсці перспектыўных дзяцей і даць ім імпульс для далейшых заняткаў лёгкай атлетыкай.
Дапамагаюць запальвацца новым зоркам Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Арганізатары конкурсу ўдзялілі ўвагу стварэнню святочнай атмасферы, бо гэта дазваляе юным атлетам пазнаваць спорт не праз стрэс, які з’яўляецца неад’емнай часткай спаборніцкай барацьбы, а праз гульню, што далучае дзяцей да заняткаў фізкультурай і лёгкай атлетыкай.
Пасля заканчэння спаборніцкай часткі праграмы наступіў адзін з самых прыемных і хвалюючых момантаў — цырымонія ўзнагароджання. За чэмпіёнскі тытул змагаліся 7 каманд. Галоўны трафей — кубак пераможцы — заваявала Гомельская вобласць, прадстаўнікі якой набралі 4203 ачкі. На
2-м месцы размясцілася Гродзенская вобласць — у яе скарбонцы 4158 балаў. “Бронзу” павезлі дадому юныя лёгкаатлеты з Магілёўскай вобласці, набраўшы 3375 ачкоў. Кожны фіналіст атрымаў заслужаны медаль і памятны падарунак.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота аўтара.