Калядная ёлка сабрала дзяцей

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Больш за 1,5 тысячы дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прынялі ўдзел у 24 рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Калядная ёлка — нашы дзеці”.

Акцыя адкрылася па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі каляднай літургіяй у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе прысутнічала больш за 400 дзяцей з Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Буда-Кашалёўскага, Нараўлянскага, Хойніцкага, Мазырскага раёнаў Гомельскай вобласці, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Усе ўдзельнікі сустрэчы — адораныя дзеці, якія ў 2017 годзе сталі фіналістамі XXXI Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця: у будучыню — з надзеяй”.

Мітрапаліт Павел павіншаваў усіх прысутных са святам усёдаравання, светлых пачуццяў і любові, прачытаў малітву за дзяцей Беларусі і благаславіў удзельнікаў акцыі. У знак удзячнасці дзеці паднеслі ўладыку святочныя творчыя віншаванні і сувеніры, вырабленыя сваімі рукамі. “Мерапрыемства “Калядная ёлка — нашы дзеці” сапраўды добрае. Усе дзеці, якія сёння сюды прыйшлі, пакінуць гэтую светлую падзею ў сваёй памяці, у сэрцы і ў свядомасці. Глядзіш на іх — і радасна становіцца. Яны жывуць добрым жыццём. Хочацца пажадаць, каб гэтая дзіцячая чысціня захавалася ў іх як мага даўжэй”, — сказаў мітрапаліт Павел.

Кожны год арганізатары і ўдзельнікі “Каляднай ёлкі” сімвалічна адзначаюць дзень нараджэння праекта — у гэтым годзе яму 24. Столькі свечак было запалена на традыцыйным святочным калядным пірагу.

У мерапрыемстве прынялі ўд зел міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў, каардынатар валанцёрскага руху “Добрае сэрца”, старшыня цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова.

Прадоўжылася свята ў Беларускім дзяржаўным цырку, яно аб’яднала больш за 1,5 тысячы дзяцей з раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Юныя ўдзельнікі акцыі акунуліся ў чароўную атмасферу прыгод з героямі “Навагодняй казкі”. Кульмінацыяй урачыстасці стала ўручэнне дзецям салодкіх падарункаў.

Уладзімір Вашчанка падкрэсліў, што дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу падрастаючаму пакаленню, а каляднае свята для дзяцей з забруджаных тэрыторый ужо стала традыцыйным.

Арганізатарамі 24 рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Калядная ёлка — нашы дзеці” выступаюць БРСМ, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Епархіяльнае ўпраўленне Беларускай Праваслаўнай Царквы, Беларускі фонд міру пры падтрымцы Мінадукацыі і Белдзяржцырка. Праект з’яўляецца кульмінацыйным мерапрыемствам дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” і праводзіцца ў мэтах духоўнай, сацыяльнай і творчай падтрымкі дзяцей, якія пражываюць у аддаленых і пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах Беларусі. За гады правядзення “Калядная ёлка — нашы дзеці” аб’яднала каля 49 тысяч дзяцей.