Камандны гулец: прынцыпамі кіраўніцкай дзейнасці дзеліцца малады дырэктар з Брагіншчыны Андрэй Смаленчук

- 14:44Интервью, Школа управления

Андрэй Смаленчук — малады і амбіцыйны дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна. Літаральна за гадзіну, пакуль я была ва ўстанове, змагла ўбачыць яго мабільнасць, арганізаванасць і ўменне хутка прымаць рашэнні. Сёння ён дзеліцца прынцыпамі сваёй кіраўніцкай дзейнасці.

Выхоўваць уласным прыкладам

— Падчас візіту ў вашу школу заўважыла, што вы камандны гулец, а гэта складнік прафесіяналізму кіраўніка. Пачуццё каманды прыйшло адразу ці спатрэбіўся час?

— Насамрэч, каманда — тое паняцце, якое суправаджала мяне на кожным этапе майго жыцця. У шэсць гадоў я з сябрамі трапіў у першую для сябе каманду — футбольную. І сёння я ўсведамляю, што ўжо тады ў мяне пачало фарміравацца разуменне, няхай яшчэ і зусім дзіцячае, сапраўднай сумеснай дзей­насці. Дзейнасці, дзе ад кожнага члена каманды залежыць многае — поспехі і перамогі. На гэтым этапе я навучыўся чуць сваіх таварышаў, ацэньваць сітуацыю, браць адказнасць на сябе, а самае галоўнае — давяраць рашэнням капітана, бо гэта наша агульная справа. Адначасова з футбольнай камандай я быў у класным калектыве — па сутнасці, той жа камандзе, толькі з іншымі мэтамі. Там я атрымаў разуменне, што ад асабістых вынікаў кожнага залежыць імідж усяго калектыву.

Пасля заканчэння школы стаў студэнтам геолага-геаграфічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. І вось яна, яшчэ адна каманда, — група ГЭ-52. А гэта былі ўжо не маленькія дзеці і нават не пятнаццацігадовыя школьнікі-падлеткі. Студэнты — сфарміраваныя асобы, са сваім поглядам на жыццё, лідарскімі якасцямі. На гэтым этапе я навучыўся прымаць важныя рашэнні, каардынаваць работу, быць прыкладам. Паміж намі адбывалася многае: канфлікты, рэалізацыя сумесных планаў, абмен вопытам, мы радаваліся і засмучаліся, натх­няліся і расчароўваліся. Так назапашваўся вопыт пабудовы канструктыўнай камунікацыі, развіваўся эмацыянальны інтэлект. За гады вучобы я пераканаўся, што кожны чалавек каштоўны сваёй індывідуальнасцю і што для лідара важна ўмець раскрыць яе.

Усе атрыманыя ў студэнцкія гады ўменні і навыкі я змог прымяніць на сваім першым працоўным месцы — у калектыве Чамярыскай сярэдняй школы Брагінскага раёна.

— І калі сталі дырэктарам Хракавіцкай сярэдняй школы ў 25 гадоў…

— Тут я канчаткова ўсвядоміў, як важна ўмець чуць і слухаць, паважаць меркаванне кожнага чалавека, які побач, бо ты не адзін, ты — у камандзе. Я прыйшоў ва ўжо сфарміраваную каманду са сваімі традыцыямі і зразумеў: толькі акумулюючы раней назапашаны вопыт работы калектыву школы, змагу прыўнесці інавацыі, якія тым і добрыя, што не адмаўляюць традыцый, а дапаўня­юць і ўдасканальваюць іх. Вельмі дапамагала тое, што побач са мной былі мае папярэднікі з велізарным вопытам кіраўніцкай дзейнасці — Міхаіл Ярасавіч Казачэнка, Настасся Вітальеўна Ткачэнка — людзі, да якіх можна звярнуцца з любым пытаннем або просьбай. Я бязмерна цаню іх меркаванне, яны падтрымліваюць мяне ў прасоўванні новых ідэй.

Асноўным звяном маёй каманды з’яўляецца педагагічны калектыў, які не проста вучыць, а фарміруе асобу, грамадзяніна і патрыёта нашай краіны. Сёння наш калектыў — гэта 17 педагогаў (яшчэ двое — у дэкрэтным водпуску), практычна ўсе яны жыхары Хракавіч. Гэта адданыя і апантаныя людзі, якія ўсё сваё прафесійнае жыццё прысвяцілі педагогіцы і сваёй малой радзіме. Яны з’яўляюцца аб’яднальнай сілай для вучняў і бацькоў. А сэрца нашай школьнай каманды — навучэнцы. Сёння ў нас вучацца 73 дзіцяці. Яны — наша крыніца натхнення і матывацыі. Мы вучым іх пераадоль­ваць цяжкасці, будуем даверлівыя адносіны, дапамагаем і выхоўваем уласным прыкладам.

З упэўненасцю магу сказаць, што наш калектыў — гэта каманда аднадумцаў, якая прыняла мяне, даверылася і прызнала ўва мне кіраўніка, здольнага бачыць перспектывы, ставіць мэты і выбудоўваць тактыку іх дасягнення.

Дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна Андрэй Смаленчук стаў пераможцам рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады дырэктар установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Андрэй Аляксандравіч, ваша ўпэўненасць натхняе. Але думаецца, што за ёй стаіць штодзённая карпатлівая праца з перамогамі і няўдачамі. Якімі прынцыпамі кіруецеся ў адміністрацыйнай дзейнасці?

— Найперш вучуся не назапашваць праблемы, а шукаць шляхі вырашэння, робячы іх задачамі. Што да прынцыпаў, то гэта сумеснае планаванне, уласны прыклад, бесперапыннае асобаснае і прафесійнае развіццё, спалучэнне традыцый і інавацый, супрацоўніцтва і партнёрства.

Школа як квітнеючы парк

— Планаванне — адно з ключавых уменняў кіраўніка. А сумеснае планаванне з’яўляецца ўжо канцэптуальным, бо накіравана на ўмацаванне агульнай дзейнасці. Раскажыце, як вы гэта ажыццяўляеце.

— Калектыўнае планаванне пры вызначэнні мэт і задач развіцця ўстановы адукацыі, выбары форм і зместу мерапрыемстваў — важны складнік кіраўніцкай практыкі, бо дае магчымасць улічыць меркаванне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: настаўнікаў, якія ў ходзе работы абмяркоўва­юць і прапаноўваюць канкрэтныя мерапрыемствы для вырашэння пастаўленых задач; навучэнцаў, якія трансліруюць розныя ініцыя­тывы праз вучнёўскі савет; бацькоў, якія агучваюць свае прапановы на бацькоўскіх сходах або праз скарбонку прапаноў, якая знаходзіцца ў холе першага паверха школы.

Усе ўдзельнічаюць у планаванні, што павышае адказнасць кожнага за агульную справу, ці то гэта гадавое планаванне ўстановы адукацыі, ці то планы канкрэтных мерапрыемстваў. Так, калектывам навучэнцаў, іх бацькамі, педагагічнымі работнікамі з прыцягненнем тэхнічнага персаналу спачатку правялі аўкцыён ідэй па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, абмеркавалі іх, а пасля распрацавалі план рэалізацыі. Разгарнуцца ў нас ёсць дзе: прышкольная тэрыторыя — амаль два гектары. Практычна ўсе нашы міні-праекты па добраўпарадкаванні рэалізаваны за апошнія тры гады. У прыватнасці, з’явіліся лаўкі, вырабленыя дзецьмі і іх бацькамі ў месцах, якія прапанавалі самі навучэнцы. Яшчэ вырошчваем расаду кветак для кветнікаў, а ў перыяд цвіцення вызначаем самы жывапісны з іх падчас агульнага галасавання. Дарэчы, сумесную працу педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў па добраўпарадкаванні тэрыторыі навучэнцы прапанавалі назваць акцыяй “Школа — квітнеючы парк”. Так і зрабілі.

— Не менш важным кіраўніцкім навыкам з’яўляецца распрацоўка стратэгіі развіцця ўстановы адукацыі. Ведаю, што вы пастаянна самаўдасканальваецеся, вывучаючы асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай сістэмы адукацыі. Якія напрамкі развіцця для вас прыярытэтныя?

— У мяне як у маладога кіраўніка велізарная патрэба ў атрыманні прафесійных ведаў. За апошнія чатыры гады шмат разоў павышаў кваліфікацыю ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, асвоіў праграму перападрыхтоўкі на базе тады яшчэ Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджмент у сістэме адукацыі”.

Паступова і мэтанакіравана ўкараняем у адукацыйны працэс элементы лічбавізацыі. У самым пачатку сваёй кіраўніцкай дзейнасці пасля чарговага абласнога семінара ўзнікла неабходнасць вывучэння меркавання калектыву. Каб аператыўна рэалізаваць задачу, стварыў Google-форму, у якой выклаў усю неабходную інфармацыю, і прапанаваў анкету для галасавання. Адправіў у агульныя чаты ў Viber. Актыўнасць калег, навучэнцаў перасягнула ўсе мае чаканні. Сёння ў школе для аптымізацыі дакументаабароту, падрыхтоўкі аналітычнай інфармацыі па выніках дзейнасці функцыянуе лакальная сетка, усе галасаванні, апытанні праводзяцца з дапамогай лічбавых тэхна­логій.

Чатыры гады назад у школе з’явіўся першы мультыборд. На чарговым педагагічным савеце я прадэманстраваў яго магчымасці. Многія калегі зацікавіліся. Было арганізавана іх навучанне на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі і цяпер ужо Акадэміі адукацыі. Разам з намеснікамі сачылі за ўкараненнем атрыманых ведаў на ўроках і выхаваўчых мерапрыемствах. Затым правялі некалькі карпаратыўных вучэбных семінараў па выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе. Справа пайшла. Сёння на пасяджэннях школьных вучэбна-метадычных аб’яднанняў разглядаем магчымасці выкарыстання нейрасеткі ў адукацыйным працэсе. Настаўнік гісторыі на сваіх уроках ужо прымяняе штучны інтэлект — пры праектаванні развіцця гістарычных падзей і асоб. Праводзім школьны конкурс адкрытых урокаў па выкарыстанні ІКТ для павышэння якасці адукацыйнага працэсу.

Наспела патрэба ў арганізацыі сховішча для электронных версій метадычных распрацовак урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў. Гэта будзе воблачнае сховішча з доступам кожнаму жадаючаму праз сайт установы. Мы не перастаём вучыцца. Па­стаяннае развіццё мне як кіраўніку дазваляе быць актуальным для сваіх калег, рацыянальным і больш эфектыўным пры прыняцці рашэнняў.

— Адным з вашых прынцыпаў з’яўляецца спалучэнне традыцый і інавацый. Як гэта ажыццяўляецца на практыцы?

— У кожнай установы адукацыі павінен быць свой іміджавы складнік, які адрознівае яе ад іншых і фарміруе гордасць і прыхільнасць у вучняў, бацькоў і педагогаў. Спалучэнне традыцый і інавацый якраз гэтаму і спрыяе. Дарэчы, наша школа ў мінулым годзе адзначыла 160-годдзе.

У нас ёсць традыцыя выкарыстання края­знаўчага матэрыялу ў выхаванні пад­растаючага пакалення. Сумеснымі намаганнямі (педагогаў, вучняў і бацькоў) мы стварылі школьны дом-музей “Іванава хата”, у якім навучэнцы праводзяць экскурсіі для гасцей, зацікаўленых жыхароў наваколля. Музей стаў своеасаблівым месцам сілы для людзей розных узростаў, якія тут жывуць. Яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што мы аднавілі ўсе этапы тэхналагічнага працэсу па вырабе льнянога палатна: ад расліны да тканіны.

Разам рэалізуем міні-праекты класаў па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, вёскі, помнікаў загінуўшым салдатам. Нашы вучні ганарацца сваімі прадзедамі, звесткі пра якіх унесены ў раённую кнігу “Памяць”. Выхаванне адказнай грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення, жадання вывучаць гісторыю і культуру малой радзімы — важны складнік дзейнасці школы.

Фарміраванню ў вучняў патрыятычных пачуццяў, любові да малой радзімы спрыя­ла рэалізацыя праекта па пошуку месцаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі. У выніку стварылі карту тапонімаў — назваў гэтых геаграфічных аб’ектаў раёна.

Ствараюць імідж школы і перамогі вучняў у трэцім (абласным) этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, на раённых і абласных творчых конкурсах. Ганарымся тым, што прафесіяналізм педагогаў школы дазваляе ім перамагаць у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, абласным фестывалі “Педагагічныя надзеі”. Яшчэ мы ўключаны ў рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання інфармацыйнай бяспекі асобы ў сучаснай адукацыйнай прасторы”. Спалучэнне традыцый і інавацый у адукацыі дапамагае нашаму калектыву вырашаць пастаўленыя задачы і дасягаць вынікаў.

Канструктыўная камунікацыя

— На ўваходзе ў школу — вялікая адрамантаваная пляцоўка. Галаўны боль кожнага кіраўніка — рамонтныя работы. Як вы вырашаеце гэтае няпростае пытанне?

На дапамогу прыходзіць прынцып супрацоўніцтва і партнёрства. Мая задача — узмацняць матэрыяльна-фінансавыя магчымасці ўстановы з дапамогай партнёрскага ўзаемадзеяння. На адным з агульных сходаў прапанаваў калегам і бацькам, скарыстаўшыся скарбонкай прапаноў, выка­заць думкі пра тое, што трэба набыць у школу і чым мы можам быць карыснымі для патэнцыяльных спонсараў.

Аказалася, што нашы паштоўкі, якія мы робім з другасных матэрыялаў, і канцэрты мастацкай самадзейнасці запатрабаваны ў калектывах нашых сацыяльных партнёраў. Узнікла пытанне: а як запрашаць да супрацоўніцтва? Па-рознаму. Камусьці напісалі лісты, да кагосьці звярнуліся з відэазваротам, некага я наведаў асабіста.

Вельмі дзейсныя сувязі з былымі выпускнікамі школы, якія сёння могуць аказаць спонсарскую дапамогу. Прынамсі, так былі набыты швейныя машыны ў вучэбныя майстэрні, спартыўны інвентар, абсталяваны гульнявы пакой для навучэнцаў пачатковай школы.

Сумесна з вучнямі, бацькамі і педагогамі рэалізавалі праект па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі і высадзілі са­джанцы дрэў. Усе саджанцы фруктовых і дэкаратыўных дрэў прыжыліся і радуюць сёння сваёй прыгажосцю, а асобныя ўжо і пладамі.

Прапанавалі старшыні Чамярыскага сельскага выканкама сваю дапамогу па доб­раўпарадкаванні населенага пункта — узамен атрымалі неабходныя матэрыялы для рамонту школы. Бацькі дапамаглі абсталяваць каля школы веластаянку. У аснове такога ўзаемадзеяння — толькі канструктыўная камунікацыя. Усе разам мы паляп­шаем “дом, у якім жывём”.

— Андрэй Аляксандравіч, вы кіруеце школай пяць гадоў. Ці змяніліся вы за гэты час?

— Так. Стаў больш спакойным і разважлівым. Навучыўся расстаўляць прыярытэты падчас выканання задач. Зразумеў, што ўсё вырашальна, асабліва калі працуеш у зла­джанай камандзе.

— Дзякуй за цікавую размову і поспехаў вам ва ўсіх пачынаннях!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА