Кампанія праходзіць актыўней, чым папярэднія

Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць больш актыўна, чым мясцовыя выбары чатыры гады назад. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына перад пачаткам семінара-вучобы з кіраўнікамі і арганізатарамі кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, які праходзіў у Магілёве.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, ініцыятыўных груп зарэгістравана па рэгіёнах прыблізна ў два разы больш, чым у папярэднюю кампанію. Сярод вылучэнцаў з’явілася шмат новых асоб. Павялічылася ў выбаркамах і колькасць прадстаўнікоў аб’яднанняў і палітычных партый, адзначаецца іх вялікая актыўнасць пры вылучэнні і зборы подпісаў. “Гэта ўсё будзе садзейнічаць таму, што павялічыцца яўка выбаршчыкаў, і, цалкам магчыма, выбарчая кампанія будзе праходзіць больш ажыўлена і цікава, чым звычайна”, — адзначыла яна.

Некалькі грамадскіх аб’яднанняў (“Белая Русь”, прафсаюзы, БРСМ) на ранняй стадыі вылучэння актыўна праводзяць агітацыю. “У Мінску даволі шмат пікетаў са сцягамі, партрэтамі кандыдатаў, што раней назіралася толькі на парламенцкіх выбарах”, — заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

“Што тычыцца новаўвядзенняў, то ў гэтую выбарчую кампанію будуць выкарыстоўвацца тыя дэмакратычныя напрацоўкі, якія прымяняліся раней пры прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, — сказала Лідзія Ярмошына. — Перш за ўсё, яны закранулі ўтварэнне выбарчых камісій. Значна больш дэмакратычныя рашэнні прыняты мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады наконт адвядзення месцаў для збору подпісаў. Таксама ў нас ідзе актыўнае інфармаванне насельніцтва праз інтэрнэт, а на папярэдніх мясцовых выбарах сацсеткі выкарыстоўваліся яшчэ толькі на першасным узроўні”.

Мясцовыя выбары назначаны на 18 лютага 2018 года.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *