На парламенцкіх выбарах у Беларусі забяспечана максімальная адкрытасць і роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў. Такое меркаванне выказаў першы сакратар ЦК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Андрэй Белякоў.
“На наш погляд, кампанія максімальна адкрытая, гэта кампанія з роўнымі магчымасцямі для ўсіх кандыдатаў”, — адзначыў Андрэй Белякоў. Ён падкрэсліў, што ўсе прэтэндэнты на парламенцкае крэсла маюць магчымасць выступіць на тэлебачанні, размясціць сваю праграму ў СМІ, паўдзельнічаць у адкрытых дыялогах БРСМ. “Усё гэта сведчыць аб абсалютнай адкрытасці”, — лічыць Андрэй Белякоў.
На яго думку, у парламенце павінны быць людзі, якія працуюць у першую чаргу на карысць краіны. “Што тычыцца будучыні Беларусі праз 10—15 гадоў, то нам бы хацелася, каб тое, што цяпер ёсць у краіне, мы захавалі і прымножылі”, — сказаў першы сакратар ЦК ГА “БРСМ”. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць самае галоўнае — мір. Гэта каласальная каштоўнасць, якая ў апошнія гады набыла асаблівае значэнне. “Нашы людзі галасуюць за мір, за стабільнасць, за развіццё нашай краіны”, — перакананы Андрэй Белякоў.