Кампетэнтнасная эрудзіраванасць на вышыні

- 11:02Адукацыйная прастора

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі сёлета гасцінна прымалі сталічныя ўстановы адукацыі: сярэдняя школа № 61 і Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”.

Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 106 юных знаўцаў геаграфіі, з іх 35 змагаліся ў групе дзевяцікласнікаў (у тым ліку 8 васьмікласнікаў і сямікласнік), 36 навучэнцаў 10-х і 35 — 11-х класаў. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў — 73 навучэнцы ліцэяў і гімназій, 33 — сярэдніх школ, двое з якіх — прадстаўнікі сельскай мясцовасці.

Па словах намесніка старшыні журы, загадчыка кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў садружнасці геаграфічнага факультэта БДУ, кандыдата геаграфічных навук Генадзя Зянонавіча Озема, сёлетняя алімпіяда была нетрадыцыйнай, бо мела шматлікія новаўвядзенні: адбыўся пераход да мадэлей ацэньвання і суадносін балаў па турах, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, пашырыўся практычны тур, які сёлета ўпершыню складаўся з палявога і камеральнага этапаў. Праектна-практычны тур прайшоў у вёсцы Гарадзішча Шчомысліцкага сельскага Савета Мінскага раёна, шэраг заданняў удзельнікі выконвалі каля сцен гарадзішча ў даліне ракі Менкі — каля вытокаў Мінска. Сума балаў за практычны тур была роўная суме балаў, набраных на тэарэтычным туры. Мультымедыйны тур стаў больш кампактным, ён перайшоў на адну тэставую форму, як, дарэчы, і на міжнароднай алімпіядзе, і за яго можна было атрымаць да 20 працэнтаў ад агульнай колькасці балаў.

У алімпіядзе было прадугледжана правядзенне дадатковага тура на англійскай мове па жаданні навучэнцаў. З 51 удзельніка пісьмовага тэсціравання гэтага тура 20 былі запрошаны на субяседаванне, а 7 вучняў паказалі бліскучыя веды па выніках дадзенага тура.

Як адзначыў старшыня журы алімпіяды, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі БДУ, доктар геаграфічных навук, прафесар Пётр Сцяпанавіч Лопух, глыбокія веды вучні паказалі на тэарэтычным туры, набраўшы найбольш высокія балы. І гэта было чаканым. Заданні становяцца навукаёмістымі, практыка-арыентаванымі, набліжанымі да ўзроўню міжнароднай алімпіяды. Мультымедыйны тур паказаў, што эрудыцыя і кругагляд юных географаў на дастаткова высокім узроўні, а вось у практычным туры выступленне дзяцей аказалася слабейшым.

— Няма вялікага адрыву ў набраных балах сярод школьнікаў. Вучні дастаткова роўныя па сваіх ведах, уменнях і навыках, і асаблівых разрываў паміж паралелямі не было. Больш жорсткая канкурэнцыя назіралася паміж дзесяцікласнікамі, — падкрэсліў Г.З.Озем.

Усяго заваявана 47 дыпломаў: 9 — І ступені, 12 — ІІ ступені і 26 — ІІІ ступені. Спе­цыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны самы юны ўдзельнік алімпіяды навучэнец 7 класа Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Іван Зайцаў. Прыз мэра Мінска “Лепшаму навучэнцу сталічнай каманды” ўручаны навучэнцу 11 класа гімназіі № 61 Мінска Івану Наркевічу.

Дыпломамі І ступені адзначаны дзевяцікласнікі Вікторыя Ганчарык (сярэдняя школа № 9 імя Г.М.Халасцякова Баранавіч; настаўніца Наталля Леанідаўна Логіна), Аляксей Казека (гімназія № 3 Баранавіч; настаўніца Алена Пятроўна Шымчык), Максім Хамета (гімназія № 33 Мінска; настаўніца Таіса Леанідаўна Хадаронак); дзесяцікласнікі Антон Засімук з гімназіі № 1 Брэста (Алена Арнольдаўна Сакалоўская), Андрэй Васілюк з гімназіі № 18 Мінска (Аксана Міхайлаўна Рашатняк), Міхаіл Міціловіч з гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мін­ска (На­дзея Міхайлаўна Сямашка). Патэнцыяльнымі студэнтамі УВА сталі адзінаццацікласнікі Ягор Гафараў з гімназіі № 1 Віцебска (Людміла Ціханаўна Карніенка), Іван Наркевіч з гімназіі № 61 Мінска (Тамара Лявонцьеўна Новікава) і Канстанцін Купрыянюк з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (Людміла Рыгораўна Альгамец). Лідарам па колькасці заваяваных дыпломаў стала Брэсцкая вобласць.

Вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 9 Баранавіч Вікторыя Ганчарык вельмі задаволена сваім выступленнем. Да алімпіяды рыхтавалася разам з настаўніцай Наталляй Леанідаўнай Логінай, якая выступіла галоўным матыватарам, а таксама на алімпіядных зборах займалася з выкладчыкамі УВА. Геаграфія Вікторыі вельмі падабаецца за яе мнагаграннасць. Асабліва імпануе эканамічная геаграфія, бо дзяўчына таксама ладзіць з матэматыкай.

У спаборніцтвах па геаграфіі навучэнец 11 класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Канстанцін Купрыянюк удзельнічае другі год. Мінулы год не даў жаданага выніку, а ў гэтым годзе ўдалося атрымаць дыплом і датэрмінова стаць студэнтам геаграфічнага факультэта БДУ. Канстанцін хоча стац­ь геолагам. “Калі ты рыхтуешся да алімпіяды, то не бачыш ужо, дзе рэальнасць, а дзе геаграфія, — заўважае юнак. — Абсалютна ўсё вакол пераўтвараецца ў падрыхтоўку. Геаграфія прыцягвае сваёй шматпланавасцю, рознаўзроўневасцю. Любоў да прадмета мне прывіла настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 218 Мінска Тэрэза Францаўна Лабадаева, за што ёй вялікі дзякуй.

Удзельнікі і члены журы алімпіяды адзначылі дакладнасць і зладжанасць работы яе арганізатараў, якія зрабілі ўсё магчымае, каб алімпіядныя туры прайшлі ў камфортнай рабочай атмасферы, а адпачынак стаў яркім і запамінальным.

З пераможцаў алімпіяды сфарміравана зборная каманды краіны. І пасля яшчэ аднаго адборачнага тура лепшыя школьнікі прадставяць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах па геаграфіі, якія ў жніўні пройдуць у Сербіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.