Кампетэнцыі для вучня — гэта вобраз яго будучыні

- 11:54Адукацыйная прастора

Часта можна пачуць “Вам гэта спатрэбіцца ў жыцці…”, “З гэтым можна сустрэцца на практыцы”. Для многіх школьнікаў установа адукацыі — месца, дзе чалавек набірае аб’ём карыснай інфармацыі, якую неабходна нейкім чынам “закансерваваць” на будучыню. У выніку запатрабаванасць засвоенай інфармацыі аказваецца вельмі нізкай, а неабходныя, жыццёва важныя ўменні застаюцца незапатрабаванымі.

Стандартная сітуацыя, калі пасрэдны вучань становіцца больш паспяховым у жыцці, чым яго аднакласнік-выдатнік, які старанна вывучаў законы і правілы. Адказ просты: першы змог прымяніць свае веды на практыцы, выкарыстаць свой творчы патэнцыял, адсеяць непатрэбную састарэлую тэарэтычную інфармацыю.

Кампетэнтнасны падыход з’яўляецца адлюстраваннем запатрабаванасці грамадства ў падрыхтоўцы людзей, якія ўмеюць прымяніць свае веды для паспяховай прадукцыйнай дзейнасці на практыцы. Кампетэнтнасны падыход прадугледжвае не засваенне вучнем адасобленых ведаў і ўменняў, а авалоданне імі ў комплексе. Задача школы — сфарміраваць такі ўзровень кампетэнтнасці вучняў, які дазволіў бы вырашаць праблемы ў розных сферах дзейнасці ў канкрэтных сітуацыях. І гэта ў першую чаргу залежыць ад таго, хто будзе фарміраваць такія кампетэнцыі. І тэма педсавета, які адбыўся ў нашай гімназіі, была вельмі актуальнай: “Ад кампетэнтнаснага настаўніка да кампетэнтнаснага вучня”.

Трэба было дасканала разабрацца як у тэорыі гэтага даволі складанага пытання, так і ў яго практычным увасабленні ў адукацыйным працэсе гімназіі. Педсавет вырашана было правесці ў два этапы. На першым былі праведзены семінарскія заняткі з педагогамі гімназіі. Каб кожны педагог грунтоўна папрацаваў з тэарэтычным матэрыялам, зразумеў яго значнасць для асабістай дзейнасці, змог выказацца і ўдакладніць спрэчныя пытанні, увесь калектыў (а гэта 108 педагогаў) быў падзелены на групы, у якія ўвайшлі настаўнікі блізкароднасных прадметаў. Матэрыялы па падрыхтоўцы да педсавета былі размешчаны ў бібліятэцы ў электронным выглядзе. Было прыемна, што настаўнікі прыйшлі на семінар падрыхтаванымі і нават з дадатковай інфармацыяй па тэме.

Семінарскія заняткі праводзілі намеснік дырэктара Вольга Галабародава і настаўнік-метадыст Эла Якубоўская. Спачатку настаўнікам было прапанавана папрацаваць з тэрмінамі “кампетэнтнасць”, “кампетэнцыя”, “кампетэнтнасны падыход”. Была звернута ўвага, што ў параўнанні з іншымі вынікамі адукацыі кампетэнтнасць з’яўляецца інтэграваным вынікам, які праяўляецца пры выкарыстанні ў практычнай дзейнасці і жыццёвых сітуацыях, існуе ў форме дзейнасці, а не інфармацыі пра яе (у адрозненне ад ведаў), праяўляецца свядома (у адрозненне ад навыку), уяўляе сабой усвядомленае прымяненне ведаў, уменняў і навыкаў у практычнай жыццёвай сітуацыі.

З’яўленне новага выніку адукацыі ніякім чынам не прадугледжвае адмаўленне старых, традыцыйных вынікаў. Наадварот, кампетэнтнасць разглядаецца як нейкі інтэграваны вынік, які ўключае ў сябе ўсе традыцыйныя. У час семінарскіх заняткаў педагогі гімназіі вылучылі асноўныя прафесійныя кампетэнцыі, якімі павінен валодаць сучасны настаўнік, і шляхі самаадукацыі, якія дапамогуць іх удасканаліць. Сярод акрэсленых кампетэнцый найбольш часта называліся наступныя:

* валоданне сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, тэхналогіямі педагагічнай дыягностыкі;

* медыяпісьменнасць, выкарыстанне даных з актуальных крыніц інфармацыі для будовы сучасных заняткаў з навучэнцамі;

* уменне весці школьную дакументацыю на электронных носьбітах;

* уменне рэалізаваць ідэі здароўезберагальнай педагогікі, уважлівасць да ўласнага фізічнага і псіхічнага здароўя.

У нашай навучальнай установе была распрацавана асобасная мадэль выпускніка гімназіі. У час семінарскіх заняткаў патрабавалася ўдасканаліць яе з пункту гледжання валодання вучнем ключавымі кампетэнцыямі. За аснову класіфікацыі ключавых і прадметных кампетэнцый была прынята класіфікацыя доктара педагагічных навук, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі адукацыі А.В.Хутарскога. Для выпускніка гімназіі былі вылучаны і абгрунтаваны наступныя кампетэнцыі:

* каштоўнасна-сэнсавая;

* агульнакультурная;

* вучэбна-пазнавальная;

* інфармацыйная;

* камунікатыўная;

* сацыяльна-працоўная;

* кампетэнцыя асобаснага самаўдасканалення.

Было вырашана, што для фарміравання такой асобы патрэбна выкарыстоўваць кампетэнтнасны падыход. Педагогі ў інтэрактыўнай форме вызначылі дыдактычныя і метадычныя асновы кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні. Настаўнікі выбіралі з прапанаванага спіса праблем, якія існуюць у сучаснай адукацыі, тыя, якія можна вырашыць з дапамогай кампетэнтнаснага падыходу, размяркоўвалі вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі па відах, вылучалі, чым вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі адрозніваюцца ад прадметных уменняў. Асаблівая ўвага была ўдзелена структуры вучэбных заняткаў на аснове кампетэнтнаснага падыходу. Заняткі, па меркаванні педагогаў, павінны змяшчаць наступныя этапы:

1. Самавызначэнне да дзейнасці.

2. Актуалізацыя ведаў і фіксацыя цяжкасці ў дзейнасці.

3. Пастаноўка вучэбнай задачы.

4. Прапанова праекта выхаду з праблемнай сітуацыі.

5. Першаснае замацаванне вучэбнага матэрыялу.

6. Самастойная работа.

7. Уключэнне новых ведаў у сістэму і паўтарэнне.

8. Рэфлексія дзейнасці.

Настаўнікі гімназіі прапанавалі апрабаваныя імі методыкі і прыёмы, якія дазволяць ажыццявіць кампетэнтнасны падыход на вучэбных занятках. Сярод іх былі наступныя: тэхналогія крытычнага мыслення, праектна-даследчы метад, стратэгія актыўнай ацэнкі, арганізацыя разнастайных форм дыялогу і дыскусій, праблемны і інтэрактыўны метады навучання. Усе яны, па сутнасці, зводзяцца да аднаго — пошуку такіх форм арганізацыі заняткаў, у якіх навучэнец змог бы максімальна праявіць свае здольнасці, авалодаць адпаведнымі кампетэнцыямі ва ўмовах самастойнай працы.

Напрыканцы семінарскіх заняткаў была праведзена рэфлексія. Настаўнікам было прапанавана адказаць на пытанні: якая інфармацыя была найбольш карыснай, якія ўзніклі пытанні, у чым вы бачыце цяжкасці? Для самаацэнкі сфарміраванасці кампетэнцый настаўнікі запоўнілі адпаведную анкету.

У якасці дамашняга задання кожнае метадычнае аб’яднанне павінна было распрацаваць ці падабраць з розных крыніц серыю заданняў, накіраваных на фарміраванне канкрэтных кампетэнцый (ключавых і прадметных) на ўроках. Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні мяняюць арганізацыю традыцыйнага ўрока. Яны грунтуюцца на ведах і ўменнях, але патрабуюць навыка прымяняць назапашаныя веды ў практычнай дзейнасці. Прызначэнне такіх заданняў — паглыбляцца ў вырашэнне жыццёвай задачы. Такім чынам, да другога этапу педсавета ў школьнай сетцы павінен быў пачаць фарміравацца банк заданняў па розных прадметах.

***

Праз тры тыдні адбыўся другі этап, які праводзіў дырэктар гімназіі Генадзь Коршун. На ім падводзіліся вынікі. Прайшоў свайго роду самааналіз прафесійных кампетэнцый, неабходных настаўніку для развіцця ключавых кампетэнцый у вучняў. Быў дадзены адказ на пытанне, з дапамогай якіх механізмаў можна арганізаваць педагагічную дзейнасць, накіраваную на развіццё прафесійнай кампетэнтнасці. Такіх механізмаў шмат. Гэта навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі, работа ў метадычных аб’яднаннях, творчых групах, педмайстэрнях, актыўны ўдзел у педсаветах, семінарах, канферэнцыях, удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, абагульненне і распаўсюджванне вопыту, публікацыі, атэстацыя.

Былі разгледжаны пытанні, якія настаўнікі вызначылі падчас рэфлексіі: цяжкасці выпрацоўкі кампетэнцый у вучняў, рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ва ўмовах дэфіцыту часу, распрацоўка адпаведных урокаў свайго прадмета, адпаведнасць праграмы навучання і жыццёвых сітуацый, наяўнасць падручнікаў. Заданні, якія настаўнікі прапанавалі для выкарыстання на ўроках, былі рознага ўзроўню і валодалі розным патэнцыялам для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу, але ўсе яны былі накіраваны на практычнае прымяненне школьных ведаў у розных жыццёвых сітуацыях. Асабліва цікавыя, дзейнасныя, прадукцыйныя былі заданні, прапанаваныя настаўніцай матэматыкі Ірынай Хмяльніцкай і настаўніцай інфарматыкі Ірынай Бароўскай. Гэта пацвердзіла, што педагогі гімназіі рухаюцца ў правільным напрамку.

Аналіз анкетавання “Прафесійна-педагагічная кампетэнтнасць педагога” выстветліў, што значная частка педагогаў лічыць недастаткова сфарміраванай для сябе метадычную кампетэнцыю абагульнення, распаўсюджвання і трансляцыі свайго педагагічнага вопыту. Такім чынам, з’явіўся новы кірунак для далейшай работы метадычнай службы гімназіі.

Была прадстаўлена выпрацаваная і абагульненая мадэль выпускніка гімназіі, які валодае ключавымі кампетэнцыямі. У ёй пералічваюцца маральныя і грамадзянскія якасці, інтэлектуальныя здольнасці, ключавыя кампетэнцыі, якія гімназія хацела б бачыць у сваіх выпускніках. Кампетэнцыі для вучня — гэта вобраз яго будучыні. Менавіта выхаванню такой асобы будзе падпарадкоўвацца ўся дзейнасць гімназіі.

Інфармацыя, якая асабліва зацікавіла педкалектыў, тычылася правядзення міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў PISA. Як вядома, галоўная ўвага ў ёй удзяляецца праверцы міжпрадметных кампетэнцый. Заданні ўяўляюць сабой практычныя жыццёвыя сітуацыі, да якіх прапаноўваецца некалькі пытанняў рознага ўзроўню складанасці. Ад навучэнцаў патрабуецца перавесці жыццёвую сітуацыю ў прадметную — вырашыць, якія веды і ўменні неабходны для вырашэння прапанаванай праблемы. Абвешчана, што Беларусь упершыню прыме ўдзел у гэтай праграме ў 2018 годзе. Не выключана магчымасць, што і вучні гімназіі, якія зараз вучацца ў 7 класе, будуць праходзіць выпрабаванне. І да гэтага таксама трэба быць падрыхтаванымі.

Праведзенае мерапрыемства яшчэ раз даказала, што педагагічны савет у гімназіі — месца, дзе кожны член калектыву мае права быць пачутым, дзе агульныя праблемы вырашаюцца разам, дзе даецца старт новым пачынанням і падводзіцца вынік ужо зробленай рабоце. Гэта калектыўны роздум над значнай праблемай. Праца педкалектыву гімназіі паказвае, што педагагічны савет рэальна ператварыць у крыніцу педагагічных ідэй, інавацый, а таксама зрабіць яго дзейснай формай унутрышкольнага павышэння кваліфікацыі настаўнікаў.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна.
Фота Вольгі ГАЛАБАРОДАВАЙ.