Канікулы па-беларуску

- 10:39Адукацыйная прастора, Рознае

“Канікулы адсутнічаюць у выхаванні”. Гэтая педагагічная формула з’яўляецца правілам творчага падыходу да канікул — вясёлага і шчаслівага часу духоўнага і фізічнага росту кожнага дзіцяці.

Летні аздараўленчы лагер дае магчымасць арганізаваць адпачынак навучэнцаў у цікавай форме. Таму кожны год педагагічны калектыў Пагарэльцаўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна распрацоўвае праект, які рэалізоўваецца ў рамках прышкольнага аздараўленчага лагера “Купалінка”. Сёлета гэта праект “Вясковая хатка”. Ствараючы яго, педагогі ставілі перад сабой наступную мэту: вяртанне да беларускіх народных, фальклорных, этнаграфічных традыцый; усведамленне ўдзельнікамі праекта нацыянальнай самабытнасці; далучэнне вучняў да культурнага жыцця праз нацыянальныя святы і абрады, песні, танцы, гульні. Удзельнікамі праекта сталі 20 вучняў школы рознага ўзросту і іх законныя прадстаўнікі, настаўнікі, прадстаўнікі царквы, бібліятэкі, СВК “Агракамбінат “Сноў”.

У аздараўленчым лагеры былі створаны ўмовы для творчай дзейнасці вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў. Усе традыцыйныя для любога лагера мерапрыемствы: творчыя конкурсы, спартыўныя гульні — мелі нацыянальны каларыт. Таксама дзеці бралі ўдзел у народных святах і абрадах, афармлялі школьныя кабінеты ў стылі беларускай сялянскай хаты, вывучалі прылады працы сялян. Гутарка-прэзентацыя “Прадметы побыту беларускіх сялян” дала магчымасць пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з гісторыяй іх узнікнення, прызначэннем, садзейнічала фарміраванню самасвядомасці і беражлівых адносін да нацыянальнага багацця Бацькаўшчыны. Дзеці пазнаёміліся з ільночасалкай, верацяном, калаўротам, кроснамі, драўлянай ступай, бязменам, дзяжой. Асаблівую цікавасць выклікала гісторыя ўзнікнення ткацтва на беларускіх землях. Удзельнікі праекта параўналі арнамент абрусаў, ручнікоў, адзення нашай мясцовасці з рэчамі іншай мясцовасці Беларусі.

Дзяцей чакалі такія мерапрыемствы, як “Сёмуха”, гульня “Жыж унадзіўся”, круглы стол “Бабуліны ручнікі”, пазнавальная гутарка “Беларускае адзенне”, гульнявая праграма “Куфэрак мудрасці”, конкурс працоўных спраў “Сялянскія майстры”, пазнавальная гутарка “Праваслаўныя святы”, прэзентацыя нацыянальных страў “Бульбяны фэст”, наведванне Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту і інш.

Прадоўжылі навучэнцы знаёмства з нацыянальным адзеннем і асаблівасцямі жыцця беларускіх сялян, удзельнічаючы ў тэатралізаваных пастаноўках. Рыхтуючыся да выступленняў, успомнілі такія якасці беларусаў, як гасціннасць і дабрыня, працавітасць і ўзаемавыручка, даведаліся пра тэхналогію вырошчвання лёну. З задавальненнем пагулялі ў нацыянальныя гульні “Пчолкі”, “Ручаёк”, “Бульба”, “Лявоны”, “Зачэп”, “Пастушкі”, “Гарачыя гаршочкі”, “Вожык і мышы”, “Падсечка”, “Блін гарыць”, “Пярсцёнак”, праявіўшы пры гэтым спрыт і кемлівасць.

Знаёмства з духоўна-маральнымі традыцыямі свайго народа, вяртанне да яго гістарычна-традыцыйных, духоўных і культурных каштоўнасцей, знаёмства з праваслаўнымі і нацыянальнымі святамі — адзін з кірункаў супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і Праваслаўнай царквы. Гэты кірунак знайшоў адлюстраванне і ў праекце “Вясковая хатка”. Наведваючы праваслаўны храм, святое месца, дзеці вучыліся бачыць яго прыгажосць, разумець яго сімволіку. Вялікае выхаваўчае значэнне мелі таксама апавяданні аб жыцці святых.

У нашай “Вясковай хатцы” значная ўвага ўдзялялася мерапрыемствам, звязаным з юбілейнымі датамі выдатных дзеячаў культуры нашай краіны. Кожны тыдзень праводзіўся літаратурны калейдаскоп: “Да 140-годдзя Цёткі”, “Да 125-годдзя М.Багдановіча”, “Да 95-годдзя народных пісьменнікаў Беларусі І.Мележа і І.Шамякіна” і інш. Не засталася без увагі рэспубліканская акцыя “Лета — пара спартыўная!”, у рамках якой школьнікі сталі ўдзельнікамі не толькі эстафет і спаборніцтваў, але і беларускіх народных гульняў, якія спрыяюць фізічнаму развіццю: “Прывітанне, лета!”, спартыўная гульня “Лясны карнавал”, ваенна-спартыўная гульня “Разведчыкі”, гульня “У пошуках салодкага дрэва”, гульнявая праграма “Куфэрак мудрасці”, спаборніцтвы “Вышэй! Далей! Хутчэй!”, Міжнародны алімпійскі дзень. Асабліва спадабалася дзецям вясёлая гульня “Жыж унадзіўся”. Рыхтуючыся да мерапрыемства, вучні з цікавасцю прачыталі пра бога агню Жыжаля, а падчас гульні з захапленнем паказвалі, як ён можа хадзіць, з-за чаго могуць здарыцца пажары, якія знішчаюць лясы, выпальваюць сенакосы, сушаць агароды.

Падчас рэалізацыі праекта “Вясковая хатка” мы не пакінулі без увагі акцыю “Лета на карысць”. Праца выхоўвае глыбокае пачуццё патрыятызму — любоў і павагу да зямлі-маці, зямлі-карміцелькі, да Бацькаўшчыны. Удзельнікі акцыі яшчэ ўвесну пасеялі насенне кветак на расаду, а летам на прышкольнай тэрыторыі з’явіліся дзве новыя клумбы, прысвечаныя Вялікай Перамозе.
Канікулы — неад’емная частка жыццядзейнасці дзяцей і падлеткаў. У праекце “Вясковая хатка” мы паспрабавалі гарманічна спалучыць духоўна-эстэтычныя, пазнавальныя, маральныя асновы жыцця сапраўднага беларуса, дапамаглі дзецям дакрануцца да той багатай спадчыны, якую нам пакінулі нашы продкі. Школьнікі, якія завіталі ў нашу “хатку”, добра і цікава адпачылі, спасціглі мудрасць, гумар і майстэрства беларускага народа, у іх узмацнілася любоў і павага да роднай мовы і свайго краю.

Наталля ХАДАКОВА,
дырэктар Пагарэльцаўскай сярэдняй школы
Нясвіжскага раёна.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.