Канікулы ў арміі

- 11:52Адукацыйная прастора

Многія вучні гэтым летам чарговы раз аддалі перавагу арганізаванаму адпачынаку ў… арміі. Так, так, у сапраўднай вайсковай часці, дзе ёсць свой узвод, камандзір і нават салдацкі ложак. Армія з’яўляецца любімым месцам для падлеткаў, дзе можна цікава і з карысцю правесці летнія канікулы: пазаймацца спортам, вывучыць асновы ваеннай навукі, знайсці з аднагодкамі агульныя інтарэсы.

На базе 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты спартыўна-патрыятычны лагер кругласутачнага знаходжання “Абаронца Айчыны” для дзяцей з няпоўных, мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. У першай змене 60 школьнікаў з Барысаўскага і Капыльскага раёнаў Мінскай вобласці атрымалі магчымасць добра адпачыць, пазнаёміцца з рэаліямі вайсковага жыцця, спазнаць цану сапраўднай мужчынскай дружбы, паспаць на салдацкім ложку і нават пагуляць у вайнушку. Не менш важна тое, што хлопцы тут 24 гадзіны ў суткі знаходзяцца пад наглядам і пастаянна заняты справай.

— З камандаваннем вучэбнага цэнтра па арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў на базе вайсковай часці мы цесна супрацоўнічаем ужо больш за паўтара дзясятка гадоў, — распавядае нязменны начальнік лагера Ірына Жалабковіч, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 10 Барысава. — Акрамя аздараўлення падлеткаў, наша галоўная задача — патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Не менш важна паказаць дзецям значнасць службы ў арміі.

Камандаванне вучэбнай часці, якой кіруе гвардыі падпалкоўнік Віталь Мазейчык, з належнай увагай паставілася да стварэння лагера. Прывіць густ да нармальнага жыцця, выхаваць у дзяцей лепшыя якасці грамадзяніна-патрыёта — справа добрая, хоць і няпростая. Пад лагер шчасліўчыкам выдзелілі цэлы паверх курсанцкай казармы, забяспечылі адпачывальнікаў пасцельнай бялізнай і спартыўным інвентаром. Кіраўніцтва вучэбнага цэнтра прадаставіла школьнікам у распараджэнне неабходную вучэбна-матэрыяльную базу, салдацкую бібліятэку, клуб, лазню, спартыўныя пляцоўкі. Людзі ў пагонах дапамаглі скласці педагогам-выхавальнікам цікавую праграму. Яна ўключае наведванне Музея баявой славы славутага вучэбнага злучэння, гістарычных і памятных месцаў рэгіёна, сустрэчы з ветэранамі вайны і Узброеных Сіл. Для вучняў запланаваны таксама візіты на “Барысаў-Арэну” з праглядам футбольных матчаў, паходы на возера.

Афіцэры і найбольш падрыхтаваныя салдаты і сяржанты дапамагаюць адміністрацыі лагера арганізоўваць і праводзіць з падлеткамі спартыўныя спаборніцтвы і эстафеты, інтэлектуальныя гульні, віктарыны і конкурсы патрыятычнай накіраванасці, гутаркі пра здаровы лад жыцця. У праграму мерапрыемстваў традыцыйна ўключылі шэраг азнаямленчых заняткаў па розных ваенных дысцыплінах. За змену хлопцы змогуць пазнаёміцца са стралковай зброяй і ваеннай тэхнікай, наведаць вучэбны корпус, парк баявых машын, паўдзельнічаць у спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. У выхаванцаў лагера тут няма вольнага часу ў звычайным разуменні гэтага слова. Хлопцы з самай раніцы заняты справай, атрымліваюць новыя веды і навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым жыцці. Выхаванцам лагера пашанцавала і з начальнікам, і з педагогамі Сяргеем Глушаніным, Аляксандрам Фёдаравым, Святланай Макаранка, Валянцінай Мельнікавай і многімі іншымі, якім падабацца працаваць з дзецьмі. Лагер для іх — гэта нешта накшталт хобі або стыль жыцця. Тут не школа і не праца, хутчэй сям’я, дзе галоўнае — выхоўваць і вучыць, развіваць падапечных, дапамагаючы кожнаму стаць сапраўдным мужчынам, грамадзянінам, патрыётам.

— Сярод нашых выхаванцаў нямала дзяцей з цяжкім лёсам, многія патрабуюць ад педагогаў павышанай увагі, — заўважыла Ірына Міхайлаўна Жалабковіч. — Але да кожнага з іх трэба знайсці ключык, каб разняволіць, запаліць іх маладыя сэрцы, зацікавіць і развіць у кожнага здольнасці, аб’яднаць агульнымі інтарэсамі.

Вайсковая абстаноўка, у якой падлеткі знаходзяцца 18 дзён, адрозніваецца ад санаторнай — армія ўсё ж такі. Але ў гэтым і заключаецца ўсё хараство адпачынку ў вайсковай часці. Хлопцам такая абстаноўка прыйшлася даспадобы. Ім толькі першыя дні цяжкавата прывыкаць да строгага распарадку дня. Многім нязвыкла спачатку штодня хадзіць на ранішнюю зарадку, засцілаць ложак і інш. Затое ўсім адразу спадабалася кухня. Кормяць хлопцаў кухары ў мясцовай сярэдняй школе № 7. Як паказвае практыка, за змену ў лагеры ў асноўным падлеткі мяняюцца ў лепшы бок, заваёўваючы сярод аднагодкаў сапраўдны аўтарытэт.

Многія хлопцы адпачываюць у вайсковай часці не першы раз, як, напрыклад, 12-гадовы Раман Бейнер. У лагеры ён ужо чацвёрты раз. Пагутарыўшы з 15-гадовым Яўгенам Хадаронкам і іншымі яго аднагодкамі, якія з году ў год сюды імкнуцца, я заўважыў адну заканамернасць. На пытанне “Чым прыцягвае гэты лагер у вайсковай часці?” я атрымліваў прыкладна адзін і той жа адказ: “Нам тут не даюць сумаваць і гультаяваць”. Кожны дзень нешта новае, цікавае, пазнавальнае. У лагеры дзеці не толькі ўмацуюць здароўе, але і набудуць самастойнасць, правільныя жыццёвыя каштоўнасці і арыенціры. Для хлопцаў лагер стане добрай школай армейскай і патрыятычнай загартоўкі.

Мікалай МАКАРЭВІЧ.
Фота аўтара.