Ігар ГРЭЧКА
Сёння Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду. Для Беларусі дата асабліва важная. Яна чарговы раз нагадвае нам пра кожнага трэцяга, пра важнасць захавання гістарычнай памяці.
Акрамя 9 снежня, у нашым календары ёсць яшчэ некалькі нагод ушанаваць памяць ахвяр нямецка-фашысцкай акупацыі. Гэта 22 сакавіка, калі ў 43-м была знішчана Хатынь. 11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. І, канечне, 22 чэрвеня…
У гэтыя дні мы наведваем мемарыяльныя комплексы, праводзім урокі памяці, добраўпарадкоўваем брацкія магілы, сустракаемся з ветэранамі і малалетнімі вязнямі. Такія мерапрыемствы дазваляюць школьнікам пранікнуцца подзвігам народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, зразумець цану Перамогі. Найбольш дзейснай у справе патрыятычнага выхавання з’яўляецца работа пошукавых аб’яднанняў.
Нядаўні рэспубліканскі форум уразіў маштабам і вынікамі працы пошукавых груп, атрадаў, клубаў. Адзін толькі факт: кожны год у аўтаматызаваны банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь” уносіцца ад 8 да 10 тысяч раней не вядомых імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны. І значная заслуга ў гэтым удзельнікаў пошукавых аб’яднанняў, якіх ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае больш за 300.
“Нам пашанцавала. Мы не бачылі смерці, не чулі крыкаў адчаю, аглушальную чаргу аўтамата і выбухі снарадаў. Здаецца, з кніг і кінафільмаў мы ведаем пра Вялікую Айчынную вайну ўсё, а на самай справе ведаем вельмі мала. Мы не дзеці вайны, але ў нашых сілах зберагчы і захаваць памяць пра неверагодную сілу чалавечага духу прадстаўнікоў ваеннага пакалення, іх веру ў перамогу”, — такімі думкамі падзяліліся юныя пошукаўцы з гімназіі № 1 Любані.
Цікавыя факты гучалі пра вызваленне вёскі Пелішча Камянецкага раёна, пра ваенны лёс жыхароў гомельскай вуліцы Катоўскага. Гэтае даследаванне, дарэчы, правялі ўдзельнікі клуба “Пунсовыя пагоны” Гомельскага кадэцкага вучылішча, вучэбныя карпусы якога якраз і знаходзяцца на аднайменнай вуліцы. Традыцыйна шмат знаходак у “Слабадскіх следапытаў” з Лепельскага раёна, удзельнікаў ваенна-гістарычнага клуба з сярэдняй школы № 16 Мазыра, атрада “Кацюша” Жодзінскай жаночай гімназіі. Кожны рэгіён дзяліўся ўнікальным вопытам.
Дзейнасць пошукавых аб’яднанняў — гэта і ёсць прыклад сапраўднага патрыятызму, калі ты можаш не толькі доўга і прыгожа расказваць пра сваю палымяную любоў да Радзімы, але і пацвярджаеш гэтую любоў канкрэтнымі справамі.