Кансалідаваць Шэнгенскую зону і ўніфікаваць яе — прыярытэтная мэта

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Дэпутаты Еўрапейскага парламента адобрылі на пленарнай сесіі ў Страсбургу два даклады, якія прадугледжваюць стварэнне ў ЕС новай сістэмы кантролю за перасячэннем граніц. Аб гэтым паведамляе ТАСС.

Размова ідзе аб сістэме EEC (Entry/Exit System), прызначанай для кантролю за ўездам на кароткія тэрміны (90 і 180 дзён) у Шэнгенскую зону і выездам з яе асоб з трэціх краін. “Неабходна эфектыўным чынам гарантаваць кантроль на знешніх граніцах ЕС. Кансалідаваць Шэнгенскую зону і ўніфікаваць яе — гэта прыярытэтная мэта Еўракамісіі”, — заявіў еўракамісар па міграцыі, унутраных справах і грамадзянстве Дзімітрас Аўрамопулас.

Новая сістэма кантролю, як мяркуецца, будзе аўтаматызаванай. З яе дапамогай пагранслужбы будуць правяраць інфармацыю, змешчаную ў біяметрычных пашпартах асоб, якія прыбываюць як з краін, дзе не патрэбна віза для ўезду ў ЕС, так і з тых дзяржаў, у якіх атрыманне візы неабходна. Згодна з прадстаўленым дакладам, у мікрасхему пашпарта будуць унесены ў лічбавым выглядзе фатаграфія ўладальніка і адпячаткі яго пальцаў.

Аўтаматычная сістэма зможа звяраць знятую ёю асобу, якая ўязджае ў краіну, з яе электроннай фатаграфіяй у пашпарце. Гэта дасць магчымасць, як лічаць аўтары даклада, забяспечыць кантроль над нелегальнымі мігрантамі. Пры ўездзе ў Шэнгенскую зону сістэма сама вылічыць час знаходжання чалавека ў ёй і вызначыць, ці не перавысіў ён адведзены яму па візе тэрмін. Сістэма таксама дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць барацьбы супраць тэрарызму, выяўляючы падазроных асоб. Акрамя таго, праверкі дадуць магчымасць лягчэй выяўляць асоб, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы.

Адзначаецца, што сістэма будзе цэнтралізаванай, злучанай з адзінай сістэмай візавых даных ЕС і электроннымі банкамі даных паліцэйскай арганізацыі Еўрапал.

Частка даных адносна асоб, якія ўязджаюць і выязджаюць, будзе знаходзіцца ў свабодным доступе, але пад кантролем шэрага агульнаеўрапейскіх інстанцый, якія сочаць за выкананнем правоў чалавека. Даныя па грамадзянах, якія не парушалі правілы, будуць захоўвацца ў сістэмах на працягу 3 гадоў, па парушальніках — 5 гадоў.

Як паведаміў еўракамісар Дзімітрас Аўрамопулас, у выпадку адабрэння органамі ЕС, у прыватнасці Еўрапейскай камісіяй, сістэма ўступіць у сілу ўжо ў 2020 годзе.