Канстанцін Крышталь: «Сучасны настаўнік павінен быць і акцёрам, і ўмелым апавядальнікам, і дасведчаным экскурсаводам»

- 12:19Учитель года

Сучасны настаўнік павінен быць шматфункцыянальным. Для гэтага трэба займацца самаразвіццём, цікавіцца маладзёжнай культурай, актыўна асвойваць сацыяльныя сеткі. Такім меркаваннем падзяліўся з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” настаўнік гісторыі і грамадазнаўства пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Канстанцін Крышталь.

У школе юнаку падабаліся ўсе прадметы, але гісторыя давалася лягчэй за ўсё. Яе ён урэшце і выбраў, пас­тупіўшы на гістфак БДУ. 

— Мне вельмі пашанцавала са школьнымі настаўнікамі і з універсітэцкімі выкладчыкамі, якія сфарміравалі не толькі адказныя адносіны да будучай работы і прафесіі, але і светапоглядныя арыенціры, — прыз­наецца Канстанцін Крышталь.

Пачынаць працоўную дзей­насць у палескай глыбінцы маладога педагога не пужала. Наадварот, было цікава. У Чухаўскай сярэдняй школе Пінскага раёна яму адразу даверылі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Цяжэй за ўсё было разаб­рацца ў спецыфіцы адміністрацыйнай дзейнасці, чаму не ву­чаць ва ўніверсітэце, — гаворыць Канстанцін Мікалаевіч. — Давялося доўга і шмат папраца­ваць з нарматыўнымі дакументамі. А вось наладзіць канструктыўныя адносіны з вопытным калектывам атрымалася даволі хутка, дзякуючы добразычлівай падтрымцы калег. З дзецьмі таксама праблем не ўзнікла, у тым ліку з-за невялікай розніцы ва ўзросце. Мы размаўлялі з імі, як ка­жуць, на адной мове і мелі шмат агульнага.

Педагагічнае крэда Канстанціна Мікалаевіча: “Вучыць не хадзе, а палёту”.

Пасля Чухаўскай сярэдняй школы Канстанцін Крышталь некаторы час працаваў у Азарыцкай базавай школе, а потым перайшоў у аддзел выхаваўчай работы Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Работа ў ім дала цікавы вопыт, пашырыла кола інтарэсаў і зносін за кошт актыўнага ўдзелу ў творчых і спартыўных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях. Акрамя таго, у ПалесДУ Канстанцін Мікалаевіч займаўся выданнем універсітэцкай газеты.

— Калі выхаваўчая работа кагосьці палохае, то мне вельмі падабаецца пастаянны варушняк, — усміхаецца педагог.

Аднойчы ў мясцовай газеце яму на вочы трапілася аб’ява з вакансіяй настаўніка гісторыі ў пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа. Падумалася: а чаму б і не? Тагачасны дырэктар установы Ігар Колб не пабаяўся ўзяць маладога педагога без кваліфікацыйнай катэгорыі, але з практычным вопытам і гарачым жаданнем працаваць. І не памыліўся.

— Сучасны настаўнік павінен быць шматфункцыянальным: і добрым акцёрам, і ўмелым апавядальнікам, і дасведчаным экскурсаводам, — лічыць педагог. — Для гэтага даводзіцца хутка вучыцца ўсяму новаму, зай­мацца самаразвіццём, цікавіцца маладзёжнай культурай, актыўна асвойваць сацыяльныя сеткі і папулярныя месенджары. А павысіць матывацыю выхаванцаў да прадмета дапамагаюць сучасныя тэхналогіі, калектыўныя і індывідуальныя спосабы навучання, метад праектаў, даследчая дзейнасць, музейная педагогіка, краязнаўства.  

У рабоце з дзецьмі Канстанцін Крышталь ідзе ад іх запытаў і ахвотна адгукаецца на розныя прапановы выхаванцаў. Адна з такіх тычылася распрацоўкі турыстычнага мабільнага дадатку EasyTour у рамках школьнага праекта Digital History. Яго карыстальнікі могуць знаёміцца з адметнымі турыстычнымі аб’ектамі Брэстчыны.

Настаўнік не толькі дае пэўныя веды, але і развівае творчыя здольнасці, фарміруе крытычнае мысленне, вучыць разва­жаць, аналізаваць, абагульняць, спрачацца, даказваць і аргументаваць сваю пазіцыю. Нездарма педагагічнае крэда Канстанціна Мікалаевіча гучыць так: “Вучыць не хадзе, а палёту”.

Да розных тэм па гісторыі ён падбірае адпаведную мастацкую літаратуру, з якой прапануе дзецям азнаёміцца. Спачатку яны скептычна адносіліся да гэтага, але потым уцягнуліся і ўжо самі просяць што-небудзь па­раіць пачытаць.

У рамках праектнай дзейнасці гімназісты здымаюць тэматычныя відэаролікі для YouTube i TikTok па гісторыі і грамадазнаўс­тве: “Беларуская кухня”, “Што такое любоў?”, “Мой любімы фільм”, “Мая любімая кніга”, “Гісторыя Пінска” і інш. Падчас такой работы дзеці не толькі даведваюцца шмат новага і цікавага, але і вучацца працаваць з відэа, манціраваць яго.

Каб адпавядаць сучасным трэндам, Канстанцін Крышталь знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку, апрабоўвае і прымяняе розныя методыкі. Педагог удзельнічаў у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання дзелавой актыўнасці вучняў на аснове іх далучэння да прадпрымальніцкіх праектаў”, а сёння працуе над метадычным дапаможнікам па арганізацыі міждысцыплінарнай даследчай дзейнасці з выкарыстаннем элементаў праграмавання для вывучэння гісторыі і грамадазнаўства.

Але і гэтым работа неўтаймоўнага настаўніка не абмяжоўваецца. Вялікую ўвагу ён удзяляе высокаматываваным вучням. За апошнія 5 гадоў Канстанцін Мікалаевіч падрыхтаваў больш за 30 пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый рознага ўзроўню. У сваёй дзейнасці педагог актыўна выкарыстоўвае выхаваўчы патэнцыял школьнага музея баявой славы імя Героя Савецкага Саю­за В.З.Каржа, кіраўніком якога з’яўляецца.

Да розных тэм па гісторыі педагог падбірае адпаведную мастацкую літаратуру, з якой прапануе дзецям азнаёміцца. Спачатку яны скептычна адносіліся да гэтага, але потым уцягнуліся і ўжо самі просяць што-небудзь параіць пачытаць.

У сёлетнім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” Канстанцін Крышталь вырашыў паўдзельнічаць дзеля цікавасці. Але ўжо ў ходзе спаборніцтва ім апанаваў нежартоўны азарт, без якога, напэўна, ён не перамог бы ў адпаведнай намінацыі.

Канстанцін Мікалаевіч вельмі ўдзячны калектыву гімназіі і вучням за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсных выпрабаванняў, а іх арганізатарам — за магчымасць бліжэй пазнаёміцца з калегамі з іншых рэгіёнаў, набыць карысны вопыт.

На дасягнутым педагог не спыняецца: у вольны час старанна вывучае праграмаванне, псіхалогію, сацыялогію, эканоміку, урбаністыку і сучасныя медыя, шмат чытае, займаецца края­знаўствам. А вось да далейшых планаў адносіцца іранічна, аддаючы перавагу канкурэнцыі з… самім сабой. З такім падыходам Канстанцін Крышталь адолее любую прафесійную вяршыню.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА