Днямі Мінск наведалі прадстаўнікі гарадскога ўпраўлення адукацыі і кіраўнікі дашкольных устаноў Цверы (Расія). Расіяне пазнаёміліся з вопытам работы дашкольных устаноў Ленінскага раёна нашай сталіцы, прынялі ўдзел у круглым стале, падчас якога разам з беларускімі калегамі абмеркавалі пытанні якасці дашкольнай адукацыі, а таксама пазнаёміліся са сталіцай Беларусі падчас экскурсіі.
Наведаўшы новабудоўлі ў мікрараёне Лошыца — яслі-сады №№ 137 і 8, госці былі прыемна ўражаны матэрыяльна-тэхнічнай базай устаноў, іх адукацыйным асяроддзем, комплексам дадатковых адукацыйных паслуг, якія прапаноўваюцца выхаванцам, сістэмай бяспекі, а таксама той увагай, якая ўдзяляецца здароўю і дабрабыту дзяцей. Узведзеныя па сучасных праектах сады вельмі прасторныя, утульныя і камфортныя. Адразу бачна, што работнікі ўстаноў з душой, цярплівасцю і любоўю адносяцца да выхаванцаў.
Аднымі з асноўных кірункаў работы ясляў-сада № 8 Мінска з’яўляюцца здароўезберажэнне і эстэтычнае выхаванне. Ва ўстанове ёсць басейн, дзеці маюць магчымасць займацца аквааэробікай, наведваюць фітабар. У наступным годзе сад стане рэсурсным цэнтрам эстэтычнага развіцця дзяцей. Тут пастаянна папаўняецца і ўзбагачаецца прадметна-развіццёвае асяроддзе. Многае ў афармленні сада зроблена рукамі выхавальнікаў, а штуршком для такой дзейнасці часта служаць ідэі загадчыцы Анжалікі Юр’еўны Ганчарык, якая і сама любіць памайстраваць. Справай рук педагогаў з’яўляюцца сенсорныя дыванкі, зрокавыя арыенціры, прадметна-гульнявы модуль, а таксама розныя дэкаратыўныя вырабы. Педагогі прыклалі шмат намаганняў і пры афармленні куткоў па проціпажарнай бяспецы і па Правілах дарожнага руху.
Дзіцячыя сады, якія размешчаны ў густанаселеным мікрараёне Лошыца, сёння перапоўнены. Так, сад № 8, які разлічаны па праектнай умяшчальнасці на 190 месцаў, зараз наведваюць 272 выхаванцы. 40 працэнтаў з іх — дзеці са шматдзетных сем’яў. Увогуле ў Ленінскім раёне напаўняльнасць садоў складае 130—140%. Але 3—5-гадовых малышоў прымаюць абавязкова.
— У чарзе на ўладкаванне ў дашкольныя ўстановы раёна зараз знаходзяцца каля 10 тысяч дзяцей ад 0 да 6 гадоў, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Антаніна Анатольеўна Цімашэнка. — Большасць з іх — ад 2 да 3 гадоў. Паколькі напаўняльнасць ясельных груп згодна з нарматывамі невялікая, то і ствараецца іх няшмат, жадаючых жа разы ў тры больш. І толькі ў асобных садах ёсць магчымасць прымаць малышоў ад 1,5—2 гадоў.
Кадравае пытанне ў раёне ў гэтым годзе можна лічыць вырашаным, вакансій у 2 разы менш у параўнанні з мінулым годам: актыўна падключаюцца да работы ў садах студэнты апошніх курсаў педагагічных устаноў.
Зарплата дашкольнага педагога залежыць ад яго стажу, адукацыі і кваліфікацыйнай катэгорыі. Дзейнічае таксама палажэнне аб устанаўленні персанальных надбавак і аказанні матэрыяльнай дапамогі. Той педагог, які падчас сваёй дзейнасці ўкараняе элементы новых методык, дзеліцца вопытам з калегамі, творча падыходзіць да справы, атрымлівае даплату.
Вялікая ўвага ўдзяляецца навучанню дзяцей з АПФР. У Ленінскім раёне ў 48 садах дзейнічае 41 спецыяльная група, 29 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, працуюць групы інтэграванага навучання і выхавання. Гэта дазваляе ахапіць усіх дзяцей з абмежаваннямі карэкцыйнай дапамогай.
— У Расіі з прыняццем новага закона аб адукацыі дашкольная адукацыя стала называцца “першым узроўнем адукацыі”, — паведаміла начальнік аддзела карэкцыйнай работы і дашкольных устаноў упраўлення адукацыі адміністрацыі Цверы Таццяна Валянцінаўна Серая. — Адпаведна з’явіўся федэральны дзяржаўны адукацыйны стандарт, былі распрацаваны агульнаадукацыйныя праграмы дашкольнай адукацыі. У нашым горадзе 112 дашкольных устаноў, іх наведваюць больш за 20 тысяч дзяцей. Нам таксама знаёма праблема вялікіх чэргаў у сады. Мы ў пастаянным пошуку: як зрабіць дашкольную адукацыю больш варыятыўнай, што падразумявае, напрыклад, існаванне груп кароткачасовага наведвання, калі дзіця прыходзіць у сад толькі па адукацыйныя паслугі, а таксама сямейных садоў, дзе мама аднаго або часта некалькіх дзяцей знаходзіцца на пасадзе выхавальніка і прымае да сябе на выхаванне іншых малышоў. Развіваюцца новыя формы арганізацыі дзейнасці дашкольных устаноў, напрыклад, з’яўляюцца сады з фінансава-гаспадарчай самастойнасцю.
У апошнія гады кіраўніцтва краіны звярнула асаблівую ўвагу на фінансаванне нашай сістэмы. На працягу трох гадоў (да 2014 года) грашовыя сродкі мэтавым патокам з федэральнага бюджэту накіроўваліся на мадэрнізацыю агульнай адукацыі — школ. Зараз жа плануецца накіроўваць фінансы на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзіцячых садоў. А яшчэ праз 3 гады мэтавыя сродкі пойдуць на дадатковую адукацыю. Сёння выхаванцы нашых дашкольных устаноў атрымліваюць усё неабходнае для заняткаў: кожны забяспечваецца мэбляй, дапаможнікамі, фарбамі, алоўкамі і г.д. Сады фінансуюцца з некалькіх крыніц. Так, зарплата педагогам і кіраўнікам паступае ад суб’ектаў гаспадарання вобласці, выдаткі на навучанне — з федэральнага бюджэту, а сродкі на капітальны рамонт і ўтрыманне будынкаў — з фінансаў муніцыпалітэта.
Традыцыйна бацькі аплачваюць расходы на харчаванне дзяцей у садах. Пры гэтым аплата часткова кампенсуецца дзяржавай. Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя (акрамя тых, што маюць лёгкія маўленчыя парушэнні) наведваюць дашкольныя ўстановы бясплатна. Для іх адкрыты 7 відаў дашкольных устаноў кампенсуючага профілю (напрыклад, па зроку, слыху, парушэннях функцыі апорна-рухальнага апарату, інтэлекту) і 25 дашкольных устаноў камбінаванага тыпу, у якіх створаны спецыяльныя групы. Новы закон аб адукацыі зацвердзіў інклюзіўную адукацыю і рэгламентаваў адкрыццё інклюзіўных груп. У многіх установах яны пачалі з’яўляцца ўпершыню, як эксперыментальныя. Ёсць у садах групы кароткачасовага наведвання для дзяцей з інваліднасцю. Цяпер многія з малышоў з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, якія маглі раней наведваць толькі рэабілітацыйныя цэнтры, ходзяць у звычайныя дзіцячыя сады: спачатку ў групы кароткачасовага наведвання, а калі адаптуюцца, пераходзяць у групы на пастаяннай аснове. Як адзначылі педагогі, стварэнне безбар’ернага асяроддзя — гэта па вялікім рахунку не праблема, а толькі тэхнічны бок пытання. Самае галоўнае, каб наша грамадства было гатова да таго, што дзеці з абмежаваннямі наведваюць звычайныя ўстановы адукацыі, каб бацькі здаровых малышоў і самі дзеці прынялі іх. Сёння, на жаль, гэта сур’ёзная праблема.
— Мы ўжо трэці раз у Беларусі, раней былі ў Магілёве і Віцебску, — адзначыў напрыканцы сустрэчы дырэктар Цэнтра развіцця адукацыі Цверы прафесар Міхаіл Мікалаевіч Арцаў. — Супастаўляем, што агульнае паміж намі, у чым адрозненні. Нас цікавіць ваш вопыт, які насычаны пэўнымі нацыянальнымі традыцыямі. Нам важна асэнсаваць, якімі шляхамі, спосабамі і сродкамі рэалізуецца ў Беларусі галоўная мэта дашкольнай адукацыі — развіцця і выхавання дзяцей. І трэба сказаць, мы ўзбагаціліся ў вас шматлікімі канструктыўнымі і крэатыўнымі ідэямі і знаходкамі. Паспрабуем рэалізаваць іх у сваіх установах.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.