Кансультацыйная і тэхнічная падтрымка паспрыяе развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена шырэй узаемадзейнічаць з Еўрапейскай эканамічнай камісіяй (ЕЭК) ААН для развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Аб гэтым паведамілі ў пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе (Швейцарыя) па выніках удзелу беларускай дэлегацыі ў 11-й сесіі камітэта па інавацыйнай дзейнасці, канкурэнтаздольнасці і дзяржаўна-прыватным партнёрстве ЕЭК ААН.

Дэлегацыю Беларусі ўзначаліў намеснік міністра эканомікі Павел Уцюпін. “Пры разглядзе праграмы работы камітэта на 2018—2019 гады Павел Уцюпін унёс прапановы па пашырэнні ўзаемадзеяння з ЕЭК ААН у частцы аказання кансультацыйнай і тэхнічнай падтрымкі развіцця ДПП у Беларусі, у тым ліку на рэгіянальным узроўні”, — праінфармавалі ў прадстаўніцтве.

Намеснік міністра правёў сустрэчу з намеснікам выканаўчага сакратара ЕЭК ААН Андрэем Васільевым. Бакі абмяняліся бачаннем па пытаннях бягучага ўзаемадзеяння і перспектыў развіцця супрацоўніцтва Беларусі з ЕЭК ААН у частцы развіцця інфраструктуры, у тым ліку на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
У час сесіі, якая адбылася 20—22 сакавіка, разглядаліся актуальныя пытанні фінансавання інавацыйнай дзейнасці і развіцця ДПП у інтарэсах устойлівага развіцця, прадстаўлены вынікі дзейнасці групы спецыялістаў па ДПП ЕЭК ААН. Абмяркоўвалася незалежная ацэнка дзейнасці праекта ЕС/ПРААН “Умацаванне патэнцыялу ў падтрымку прымянення механізмаў ДПП у Беларусі”, а таксама стандарты і рэкамендацыі ў сферы ДПП, якія знаходзяцца ў працэсе падрыхтоўкі. Камітэт таксама абмеркаваў вынікі канферэнцыі “Закладваючы асновы ў рэгіёне ЕЭК ААН для эканамічнай інтэграцыі і ўстойлівага развіцця да 2030 года”, якая адбылася ў Мінску. Прадстаўнікі Беларусі прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні гэтых і іншых пытанняў парадку дня сесіі, правялі шэраг рабочых сустрэч і кансультацый з кіраўніцтвам і экспертамі камітэта і сакратарыята ЕЭК ААН.

Акрамя таго, на сесіі адбыліся выбары ў бюро, па выніках якіх на пасаду намесніка старшыні камітэта па інавацыйнай дзейнасці, канкурэнтаздольнасці і дзяржаўна-прыватным партнёрстве ЕЭК ААН выбраны намеснік дырэктара Беларускага інстытута сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы (ДУ “БеліСА”) Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзмітрый Паладзенка.