Кантактная група па Украіне падрыхтуе меры для забеспячэння бесперабойнай работы воднай інфраструктуры. Аб гэтым паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік.
“Трохбаковая кантактная група аднагалосна падтрымала прапанову кіраўніка Спецыяльнай маніторынгавай місіі пасла Эртурула Апакана падрыхтаваць да наступнага разу меры для забеспячэння бесперабойнай работы воднай інфраструктуры”, — сказаў Марцін Сайдзік. У прыватнасці, гэта тычыцца водаправодаў і помпавых станцый у раёне населеных пунктаў Васільеўка, Пятроўскае, Чырвоны Ліман.
Тэма водазабеспячэння і яго аплаты таксама разглядалася рабочай групай па эканамічных пытаннях. Станоўчае тое, што з канца мая быў праведзены ўжо другі плацеж за пастаўкі вады ў асобныя раёны Луганскай вобласці. Гэта дало магчымасць забяспечыць вадой насельніцтва гэтых раёнаў. Удзельнікам рабочай групы яшчэ трэба будзе распрацаваць стабільны механізм аплаты за пастаўкі вады.
Паводле слоў Марціна Сайдзіка, пытанні водазабеспячэння па сваёй сутнасці цесна звязаны са спыненнем агню, адвядзеннем сіл і сродкаў, размініраваннем. У зоне канфлікту больш за 2 млн людзей па абодва бакі ад лініі сутыкнення залежаць ад існуючых у Данбасе агульных сістэм водазабеспячэння, у рабоце якіх бываюць перабоі і ў сувязі з абстрэламі.
Па матэрыялах БелТА.