Вялікі тэатр Беларусі прадставіў гледачам доўгачаканую прэм’еру гэтага сезона — пастаноўку “Канёк-Гарбунок” балетмайстра Юрыя Траяна. Як “ажывала” знакамітая павучальная казка Пятра Яршова на тэатральнай сцэне, хто меў дачыненне да стварэння новай дзіцячай пастаноўкі і чаму яе варта паглядзець дарослым, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У час канікул многія бацькі і педагогі ламаюць галаву над пытаннем, куды звадзіць дзяцей, каб яны з карысцю правялі вольны час. Адзін з варыянтаў прапануе Вялікі тэатр, у афішы якога з’явілася новая пастаноўка — балет у дзвюх дзеях “Канёк-Гарбунок”. Гэта чароўная музыка, прыгожыя дэкарацыі, захапляльны танец, таленавітыя артысты і знакамітыя пастаноўшчыкі, а яшчэ царскі конь-каталка і руская печ, велічныя дэкарацыі, сотні метраў адзення сцэны і 180 касцюмаў, вышытых стразамі і бісерам. А яшчэ гэта павучальная гісторыя і чароўная атмасфера, супрацьстаянне дабра і зла, сапраўднага кахання і банальнага эгаістычнага жадання валодаць кімсьці. А яшчэ ўсім вядомыя персанажы: Іван, Канёк-Гарбунок, Цар-дзяўчына, Цар, Жар-птушка і Марская царэўна, якім давядзецца перажыць шмат розных прыгод як у свеце людзей, так і ў казачнай рэальнасці.
Кастынг на галоўныя ролі даходзіў да пяці артыстаў на месца. “У гэтым спектаклі складаныя ў тэхнічным плане партыі, якія спалучаюцца з акцёрскімі навыкамі, таму конкурс на ролі быў даволі вялікі. Цяпер мы маем тры склады, якія гатовыя да выканання гэтага спектакля, хоць ёсць і чацвёрты, які мы падрыхтуем крыху пазней. Але калі салісты чаргуюцца, то кардэбалет пастаянны, ён танцуе кожны дзень”, — расказаў галоўны балетмайстар народны артыст Беларусі Юрый Траян. На пытанне, якую б ролю ён выбраў для сябе, адказаў, што Цара: “Там шмат цікавых акцёрскіх момантаў, якія трэба вельмі тонка выконваць і пры гэтым не пераігрываць. Наогул, на жаль, не ўсе артысты балета, якія добра танцуюць, з’яўляюцца выдатнымі акцёрамі, але бывае і наадварот”.
Дарэчы, у спектаклі галоўную ролю Івана выконвае артыст балета француз Эвен Капітэн. “Эвен гучыць амаль як Іван, — прадоўжыў балетмайстар. — Ён вучыўся “па-руску” танцаваць размахі і скачкі. Цяжэй за ўсё яму было ўлавіць гэтую манеру, але ў яго атрымліваецца. А наогул, з кожным танцорам даводзіцца працаваць індывідуальна. Для мяне самае галоўнае — паказаць іх майстэрства”. Між іншым разам з французам выступае яшчэ адзін замежнік — японец Таро Курачы (Канёк-Гарбунок).
“Канёк-Гарбунок” стане ўпрыгажэннем рэпертуару Вялікага тэатра на многія гады.
Каб дзіцячая казка была цікавай і дарослым, яе трэба рабіць “добра, прафесіянальна і з душой”: “Я імкнуся да таго, каб дарослыя, якія прыйдуць разам з дзецьмі, маглі сябе таксама адчуць дзецьмі, каб усе сышлі з нейкім унутраным святлом”, — падкрэсліў Ю.Траян.
Дарэчы, упершыню ў Вялікім тэатры прагучыць чароўная музыка Радзівона Шчадрына. “Для нас, музыкантаў, вялікае шчасце — выконваць музыку Шчадрына, — прызнаўся дырыжор-пастаноўшчык балета Мікалай Калядка. — Якасць музыкі, святло, якое зыходзіць ад яе, уражваюць неверагодна. У нашым тэатры музыка Шчадрына прагучыць упершыню. Гэтаму балету ўжо 60 гадоў, а ён увесь час адраджаецца, прычым у розных інтэрпрэтацыях. Але мы ідзём па класічным варыянце, і хачу сказаць, што партытура па сваёй складанасці і драматургіі разлічана на падрыхтаванага слухача. Задача стаяла вельмі няпростая, але аркестр — нашы віртуозы — справіўся з ёй. У нас чыстай музыкі — паўтары гадзіны. Пры гэтым мы ніводнай ноты не выправілі, толькі зрабілі купюры, таму што ў Шчадрына напісаны 4 дзеі, аднак наўрад ці хтосьці вытрымае такі працяглы балет”.
Стварэнню казачнай атмасферы дапамагаюць дэкарацыі і касцюмы. Перад мастакамі таксама была пастаўлена няпростая задача — зрабіць лёгка пазнавальнымі ўсіх персанажаў. “Канёк-Гарбунок” — казка, квінтэсенцыя народнай мудрасці. Мне хацелася гэта перадаць і ў дэкарацыях, таму я ўзяла самае лепшае, што адпавядае гэтай казцы, з народнага мастацтва. Сцэнаграфію я паспрабавала зрабіць праз прызму мадэрну, натхнялася карцінамі мастакоў залатога стагоддзя рускага мастацтва, старалася знайсці вобразы, якія даюць нам прастор для ўяўлення”, — адзначыла мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава. А мастак па касцюмах Кацярына Булгакава акцэнтавала ўвагу на тым, што на стварэнне такіх прыгожых касцюмаў яе вельмі натхніла эмацыянальнасць музыкі Шчадрына, таму ёй захацелася і ў касцюмы ўнесці эмацыянальныя фарбы, а яшчэ, ствараючы эскізы, яна шукала натхненне ў ілюстрацыях рускіх мастакоў Івана Білібіна і Льва Бакста.
“Казка “Канёк-Гарбунок” — класічны твор. Я ўпэўнены, што многія выраслі на ім, бо гэта адна з першых кніг, якую чытаюць нам бацькі або мы самі чытаем у дзяцінстве, таму мне прыемна, што казка знайшла ўвасабленне на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета. Я перакананы, што гэты спектакль будзе цікавы не толькі дзецям, але і бацькам, якія, прывёўшы дзяцей у тэатр, закладуць аснову любові да балетнага мастацтва”, — сказаў гендырэктар тэатра Вячаслаў Гарбузаў.
Паводле яго слоў, пастановачная група правяла вялікую якасную работу, таму ніхто з гледачоў не застанецца абыякавым. “Пастановачная група вельмі якасна падышла і да касцюмаў, і да харэаграфіі, і да музычнага матэрыялу, і да сцэнаграфіі”.
Цікава, што балет “Канёк-Гарбунок” — адна з першых работ Р.Шчадрына. Уявіце сабе, на момант напісання твора яму было крыху больш за 20 гадоў. Ёсць меркаванне, што на стварэнне музыкі кампазітара натхніла паездка ў беларускую вёску. А вось партытуру ён прысвяціў Маі Плісецкай, якая пасля стала яго жонкай.
Наступныя паказы балета “Канёк-Гарбунок” на сцэне Вялікага тэатра адбудуцца 6 лістапада і 23 снежня.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.