У Беларусі пачалася рэалізацыя праекта па выкананні капітальнага рамонту жылых дамоў за адзін месяц. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка.
“Прынята рашэнне аб пераглядзе нарматыўных тэрмінаў правядзення работ пры капітальным рамонце жылля. Стаіць задача праводзіць яго ў максімальна кароткія тэрміны. Цяпер у кожнай вобласці Беларусі вызначаны дамы для пілотнага праекта па правядзенні капрамонту за адзін месяц. Пры гэтым якасць работ будзе высокай”, — сказаў Андрэй Рамашка.
Ён таксама падкрэсліў, што капрамонт жылога шматкватэрнага дома прадугледжвае рамонт агульнай маёмасці: даху, сістэмы ацяплення, водазабеспячэння, газазабеспячэння, інжынерных сістэм, каналізацыі. Для выканання работ па замене агульнадамавых сетак будаўнікам трэба будзе заходзіць у кватэры. “У цэлым пілотны праект прадугледжвае, што з моманту ўладкавання будаўнічага гарадка да яго зняцця павінен прайсці месяц”, — растлумачыў ён. Цяпер нарматыўныя тэрміны правядзення капітальнага рамонту жылфонду складаюць 3,5—5 месяцаў.
Андрэй Рамашка растлумачыў мэты пілотнага праекта: “Гэты эксперымент павінен паказаць рэзервы скарачэння затрат і павелічэння якасці капрамонту. Чым менш будаўнікі будуць знаходзіцца на аб’екце, чым тэхналагічней будзе працэс рамонтных работ, тым гэты рамонт будзе таннейшы”.
Акрамя таго, ён адзначыў, што адна з галоўных задач дзяржзаказчыка заключаецца ў арганізацыі работы са спажыўцом: “Недзе можна і ў пазарабочы час арганізаваць дадатковую змену такім чынам, каб гэта было зручна ўсім жыльцам, прапаноўваць падыходы. Па графіку работы павінны быць выкананы без замінкі”.