Капыль аб’яднае словам

- 9:40Культура

Наша краіна мае ўнікальную штогадовую вераснёвую традыцыю — святкаванне Дня беларускага пісьменства. Сёлета яно адбудзецца ўжо 28-ы раз — 4—5 верасня ў Капылі Мінскай вобласці пад слоганам “Слова нас аб’ядноўвае”. Напярэдадні мерапрыемства прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і беларускіх выдавецтваў расказалі, чым будуць здзіўляць і ўражваць гасцей свята.

Адзінства

Да XXVIII Дня беларускага пісьменства застаецца 18 дзён. Месца яго правядзення — невыпадковае: Капыль — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. “Калі выбіраецца горад для правядзення Дня беларускага пісьменства, у першую чаргу мы звяртаем увагу на пісьменнікаў і гістарычных дзеячаў, якія жылі ў гэтай мясцовасці. Гісторыя Капыля вельмі багатая на культурныя факты і падзеі, у тым ліку і звязаныя з выдавецкай дзейнасцю. Напрыклад, у гэтым мястэчку пачынаў сваю прафесійную дзейнасць знакаміты беларускі
пісьменнік і публіцыст Цішка Гартны з выпускаў часопісаў “Заря” і “Голос низов”, — нагадаў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч.

Асноўным тэматычным стрыжнем мерапрыемства стане “Год народнага адзінства”, у адпаведнасці з якім будзе пабудавана праграма мерапрыемстваў, уключаючы цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, калясцэнічных пляцовак. Тэму адзінства плануецца раскрываць праз знакавыя для краіны падзеі і даты: 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры, а таксама гісторыка-культурную і духоўную спадчыну Капыльшчыны. Дарэчы, больш за 50 вядомых пісьменнікаў, прадстаўнікоў творчых колаў былі ўраджэнцамі гэтых мясцін.

“У гэтым годзе падчас Дня беларускага пісьменства пройдуць не толькі традыцыйныя мерапрыемствы, але і новыя праекты, якія тычацца падзей краіны. У канцэпцыю свята закладзена тэма Года народнага адзінства, якая стане неад’емнай часткай нашага свята як на ўзроўні твораў, кніг, так і на ўзроўні праектаў, якія будуць прэзентаваны. Арганізатары імкнуліся адлюстраваць знакавыя падзеі краіны, што аб’яднаны пісьменніцкім словам”, — падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Традыцыйна Дзень пісьменства пачнецца з Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святынь”, якая праходзіць пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адправіцца экспедыцыя 1 верасня, а завершыцца 5 верасня ў Капылі.

Асноўныя ж падзеі свята адбудуцца 5 верасня. Цэнтральная пляцоўка будзе называцца “Адзінства”, яе аформяць у адпаведнасці з зададзенай тэмай і прадставяць газеты і часопісы 1921—1939 гадоў. “Мы пастараемся гісторыю наблізіць да сучаснасці. Моладзі, людзям, якія сёння, можа быць, не чытаюць газету, мы хочам падаць яе так, каб яна была цікавай, яркай і каб вярнула ў тую гісторыю, калі беларусы імкнуліся на працягу доўгага часу да адзінства, аб’яднання зямель і магчымасці жыць на сваёй роднай зямлі. Гэта гістарычныя факты, якія будуць прэзентаваны праз газеты, выданні, прыватныя калекцыі”, — акцэнтаваў увагу намеснік міністра.

“Выставу газет і часопісаў мы рыхтуем разам з Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем. Яна будзе называцца “17 верасня — Дзень народнага адзінства”. Планавалася адкрыць яе менавіта 17 верасня ў гістарычным музеі, але па прапанове Мінінфармацыі ўсё ж такі вырашылі, што ў Капылі падчас свята зробім анонс гэтай вялікай выставы. У Капылі будуць паказаны ўнікальныя артэфакты таго часу, звязаныя з уз’яднаннем беларускага народа. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей прадставіць плашч і кабуру Сяргея Прытыцкага, які падпісваў у Маскве дакументы па ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Будуць таксама паказаны ўнікальныя газеты, якія выдаваліся з 1921 па 1939 год на тэрыторыі Заходняй Беларусі. І паверце, гэтых газет у нас у краіне практычна няма”, — расказаў гісторык, калекцыянер, лаўрэат прэміі прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір Ліхадзедаў.

На выставе будзе экспанавацца падборка матэрыялаў, каб госці свята змаглі ўбачыць, што ў тыя гады пісалі беларускія газеты і часопісы па тэме аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР. “Беларускія газеты тады не былі кансалідаваны: адны падтрымлівалі тых, іншыя — другіх. Але ў плане беларускага пытання ўсе яны былі адзіныя: Беларусь знаходзілася пад прыгнётам, і яна павінна быць свабоднай”, — дадаў гісторык.

Круглы стол, канферэнцыя, фестываль кнігі

Адной з важных частак Дня пісьменства па традыцыі стане правядзенне міжнароднага круглага стала з удзелам пісьменнікаў, філосафаў, грамадскіх і культурных дзеячаў блізкага і далёкага замежжа. Мерапрыемства пройдзе 4 верасня ў фарматах афлайн і анлайн. А таксама ў гэты ж дзень адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Капыльскія чытанні” і творчы вечар для ўдзельнікаў і гасцей свята ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. “Плануем запрасіць вялікую колькасць яркіх адметных людзей, будуць цікавыя сустрэчы і абмеркаванні. Улічваючы эпідэмічную сітуацыю і станоўчы вопыт папярэдняга года, прадугледжваецца анлайн-фармат выступленняў замежных аўтараў, а таксама трансляцыя мерапрыемства на YouТube-канале, — патлумачыў І.Бузоўскі. — Яшчэ, гаворачы пра канферэнцыю, варта адзначыць, што там прагучыць доўгатэрміновая інфармацыя на перспектыву. Больш за 20 вучоных рыхтуюць унікальныя даклады па гэтым рэгіёне, пра выбітных дзеячаў Капыльшчыны, якія ў будучыні, спадзяёмся, стануць падмуркамі для новых кніг”.

Традыцыйна на працягу двух дзён будзе працаваць Фестываль кнігі і прэсы, які ўключае пяць тэматычных павільёнаў: “Памяць”, “Традыцыі і сучаснасць”, “Слова пісьменніка”, “Разам з кнігай мы расцём” і “Адзінства”, пра які ўжо гаварылася.

Так, у павільёне “Памяць” пазнаёмяць з літаратурнымі навінкамі, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства з дапамогай інтэрактыўнага стэнда праекта partizany.by змогуць знайсці свайго гераічнага продка з ліку партызан і падпольшчыкаў, прайсці тэст на ваенную тэматыку і атрымаць сувенір, даведацца новыя факты пра партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі, а таксама азнаёміцца з інтэрактыўнай выставай “Партызаны Беларусі”, заснаванай на дакументах унікальнага аднайменнага інтэрнэт-праекта Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” і Нацыянальнага архіва Беларусі.

Адпаведную атмасферу і настрой створаць песні ваенных гадоў і песні пра Беларусь. Падчас работы павільёна плануецца таксама правядзенне прэзентацый: “Вялікая Айчынная вайна. Беларусь у 1941 годзе”, удзельнікі якой змогуць убачыць і патрымаць у руках рэчы, што належалі савецкім салдатам, і “Нам не трэба вайны!”, дзе юнае пакаленне зачытае творы беларускіх паэтаў.

Павільён “Традыцыі і сучаснасць” прадставіць выставу кніг пра традыцыі і звычаі Беларусі. Акрамя таго, там арганізуюць паказ абраду “Цары”, уключанага ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, прычым будзе магчымасць для моладзі прыняць удзел у аўтэнтычным вясельным абрадзе.

На пляцоўцы “Разам з кнігай мы расцём” можна не толькі азнаёміцца з літаратурнымі навінкамі для дзяцей і падлеткаў, але і паўдзельнічаць у майстар-класах, віктарынах, гульнях. А павільён “Слова пісьменніка” дасць магчымасць сустрэцца з сучаснымі беларускімі аўтарамі.

Фэнтэзі, саўндтрэкі і літаратурная прэмія

“Адкрыццё і закрыццё Дня пісьменства ў гэтым годзе будуць неардынарнымі, з пэўным крэатывам. Адкрыццё галоўнай пляцоўкі аформяць у стылі фэнтэзі. Мерапрыемства будзе пададзена праз пэўную нерэальнасць, таму што творчасць — гэта заўсёды палёт, казка, фантазія таго, што чалавек хоча выказаць”, — падзяліўся думкамі намеснік міністра інфармацыі. Паводле яго слоў, на закрыцці падача будзе зусім іншай: “Гэта будзе не канцэрт, а праект, які сумяшчае культуру, кінематаграфію, пісьменніцкае асяроддзе — канцэрт у выглядзе саўндтрэкаў па беларускіх кнігах. Гэта значыць, гледачам прадставяць не проста песеннае выкананне, а сумяшчэнне літаратурных твораў і канцэртнага нумара. Натуральна, гэта будуць беларускія творы і фільмы. Я шчыра спадзяюся, што такая падача будзе цікавай як для тых, хто будзе знаходзіцца ў імправізаванай зале на адкрытай пляцоўцы, так і для тэлегледачоў. Такой падачы яшчэ не было, і магчыма, яна нават стане традыцыйным пасылам для далейшых крэатыўных рашэнняў рэжысёраў і арганізатараў”.

У асноўны дзень свята, 5 верасня, адбудзецца і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, на якую сёлета пададзена больш за 60 заявак. Пра гэта расказаў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Іван Саверчанка: “Нацыянальная літаратурная прэмія — важны стымул для развіцця айчыннай літаратуры. У гэтым годзе на заключным этапе конкурсу разглядалася 58 твораў. Пераможцы адбіраюцца па сямі намінацыях: паэзія, проза, публіцыстыка, крытыка і літаратуразнаўства, драматургія, кнігі для юнацтва і дзяцей, дэбют. Журы вельмі складана выбраць толькі 7 пераможцаў, і яму даводзіцца працаваць усё лета”.

Іван Васільевіч падкрэсліў: адметнай рысай гэтага года стала тое, што не толькі пісьменнікі, але і грамадскія дзеячы даслалі на конкурс свае мемуары і ўспаміны: “Актыўна ўключыліся ў конкурс публіцысты, журналісты. Мне здаецца, што пераможцамі стануць вельмі яркія творчыя асобы і выбітныя літаратурныя творы. Парадавала ў гэтым годзе наша літаратура для дзяцей і юнацтва, таму што кнігі прадстаўлены на любы густ і ўзрост. Цікавыя і насычаныя проза і паэзія. Карацей, у нас ёсць што пачытаць!”

У сваю чаргу Ігар Бузоўскі нагадаў, што пераможца літаратурнай прэміі атрымлівае ўзнагароду ў памеры 100 базавых велічынь: “Гэта даволі сур’ёзныя грошы для падтрымкі новых праектаў беларускіх
пісьменнікаў. Кожны аўтар, які атрымлівае прэмію, атрымлівае і пэўны пасыл да новых творчых дасягненняў”.

“Чытанка”, QR-квест і футбольны матч

У час свята пісьменства адбудзецца таксама прэзентацыя мабільнага дадатку аўдыякніг “Чытанка”, які сёння дазваляе праслухаць каля 30 кніг беларускіх класікаў. “Каб пачаць карыстацца “Чытанкай”, трэба зайсці ў любы інтэрнэт-магазін бясплатных дадаткаў на мабільнай прыладзе і спампаваць яе. Там пакуль сабрана не вельмі вялікая колькасць твораў, у асноўным класіка. Дадатак пастаянна дапаўняецца кнігамі беларускіх пісьменнікаў, а аўтары і запрошаныя дыктары начытваюць творы, — анансаваў намеснік старшыні Саюза
пісьменнікаў Беларусі Анатоль Мацвіенка. — Праект створаны для таго, каб, перамяшчаючыся на машыне, у падарожжы, у гарадскім транспарце, у вольны час і ва ўмовах, калі няма магчымасці камфортна чытаць папяровую кнігу, чалавек чуў цудоўнае беларускае слова”. У далейшым плануецца пашырыць каталог новымі аўтарамі, аўдыяспектаклямі з фондаў Белтэлерадыёкампаніі і ў перспектыве дадаць раздзел з электроннымі кнігамі.

Да таго ж 5 верасня запланавана адкрыццё помніка Цішку Гартнаму (Зміцеру Фёдаравічу Жылуновічу) — ураджэнцу Капыля, беларускаму пісьменніку, драматургу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, акадэміку НАН Беларусі. Таксама адбудзецца традыцыйная цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXVIII Дню беларускага пісьменства. 

Акрамя таго, упершыню будзе зладжаны таварыскі футбольны матч паміж камандамі беларускіх пісьменнікаў і капыльскіх навучэнцаў. Адбудзецца творчы вечар Саюза пісьменнікаў Беларусі для ўдзельнікаў і гасцей свята.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Саюз мастакоў вырашыў адкрыць алею пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі. Упершыню пройдзе інтэрактыўны пешаходны QR-квест “Капыльскі рог”. Яго ўдзельнікі змогуць праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці, лагічнае мысленне, уменне арыентавацца ў горадзе, паспрабуюць свае сілы ў разгадванні беларускіх народных загадак, даведаюцца шмат новага пра беларускіх пісьменнікаў і паўдзельнічаюць у літаратурным конкурсе. На маршруце квеста гульцоў сустрэнуць вобразы пісьменнікаў-класікаў і казачных істот.

— Капыль знаходзіцца недалёка ад Мінска, а таму мы чакаем вялікую колькасць гасцей, знаходжанне якіх на свяце пастараемся зрабіць максімальна бяспечным і камфортным, — рэзюмаваў Ігар Бузоўскі, дадаўшы, што 5 верасня адбудзецца і перадача эстафеты Добрушу Гомельскай вобласці — наступнай сталіцы Дня беларускага пісьменства.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БелТА і з адкрытых крыніц інтэрнэту.