Карысна і бяспечна

- 11:03Выхаванне

Аб асноўных напрамках арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей у гэтым годзе нашай газеце расказвае Ларыса Васільеўна ЕМЯЛЬЯНЧЫК, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.

— Ларыса Васільеўна, з надыходам лета мы, як правіла, абмяркоўваем з вамі тэму адпачынку і азда­раўлення нашых дзяцей у час летніх канікул. Хочацца даведацца, як вялася сёлета падрыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона.

 — Традыцыйна падрыхтоўкай летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей мы займаемся на працягу ўсяго навучальнага года. Сумесна з органамі кіравання адукацыйнай галіной ва ўстановах адукацыі вывучаецца стан спраў, звязаны з рэальнай патрэбай у аздараўленні дзяцей у лагерах з кругласутачным і дзённым знаходжаннем у разрэзе летніх месяцаў. Асобны акцэнт зроблены на забеспячэнні пуцёўкамi ў аздараўленчыя лагеры дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей з апякунскіх сем’яў і дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Міністэрствам адукацыі выдадзены загад “Аб арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі 2020 года”, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі “У дапамогу арганізатарам летняга аздараўлення”, а таксама падрыхтаваны цэлы шэраг іншай нарматыўнай прававой дакументацыі і метадычных дапаможнікаў, аб’яднаных адной тэматыкай — правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі гэтага года.

У адпаведнасці з загадам галіновага міністэрства, работа аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем пачалася з 1 чэрвеня, а з кругласутачным — пасля 15 чэрвеня з улікам эпідэмічнай сітуацыі ў канкрэтным рэгіёне. У адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах з круглагадовым функцыянаваннем, такіх як Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, адкрыццё летняга аздараўленчага сезона адбылося 27 мая.

— Магчыма, выбраны пэўныя крокі, каб засцерагчыся ад каранавіруса ў час летняй аздараўленчай кампаніі?

 — Гэтая сітуацыя нас не застала знянацку. Мы прынялі ўсе неабходныя меры і ўнеслі пэўныя карэктывы ў арганізацыю летняй аздараўленчай кампаніі з улікам эпідэмічнай сітуацыі. Яна патрабуе асаблівага падыходу ў правядзенні летняга адпачынку і аздараўлення нашых дзяцей. З гэтай мэтай былі выпрацаваны планы дадатковых мерапрыемстваў па захаванні бяспекі і здароўя выхаванцаў, супрацоўнікаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі і прапісаны дакладны алгарытм дзеянняў у гэты перыяд часу. Мы рэкамендуем кіраўніцтву аздараўленчых лагераў выключыць масавасць у правядзенні выхаваўчых і забаўляльных мерапрыемстваў, праводзіць іх на адкрытым паветры, у саміх лагерах.

— Як увогуле фарміруецца здароўезберагальнае асяроддзе ў летні час?

— Для арганізацыі бяспечнага адпачынку і аздараўлення дзяцей  праводзіцца мэтанакіраваная работа па фарміраванні ў супрацоўнікаў і выхаванцаў ­аздараўленчых лагераў выразных установак пра неабходнасць выканання мер бяспекі, навучанні пэўным дзеянням у выпадку ўзнікнення небяспечных і на­дзвычайных сітуацый. Падрыхтавана памятка “Бяспечнае лета”, у якой прапісаны асноўныя правілы бяспечнага знахо­джання ў лагеры і азначаны крокі па іх выкананні. Асаблівая ўвага бяспецы дзяцей удзелена ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса.

Фарміраванне культуры бяспечнай жыццядзейнасці выхаванцаў з’яўляецца неад’емнай часткай зместу выхаваўчай работы ў аздараўленчым лагеры. У гэтым напрамку прымяняюцца аптымальныя прыёмы, метады і формы работы ў адпаведнасці з Праграмай выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў азда­раўленні. Адметна, што работа па фарміраванні культуры бяспечнай жыццядзейнасці выхаванцаў накіравана не толькі на набыццё выхаванцамі ведаў аб бяспецы, але і на развіццё ўменняў дзейнічаць у рэальных умовах пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. У першыя дні знаходжання дзяцей у лагеры арганізоўваюцца вучэбныя мерапрыемствы ў форме гульняў, якія скіраваны на фарміраванне правіл бяспечнага знахо­джання ў лагеры і іх замацаванне ў рэальным наваколлі.

Актуальнай застаецца арганізацыя выхаваўча-прафілактычнай работы па папярэджанні супрацьпраўных паводзін непаўналетніх, ужывання імі наркатычных і псіхатропных рэчываў. Неабходна забяспечыць максімальную прадукцыйную занятасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Арганізаваны лагеры ваенна-патрыятычнага і абаронна-спартыўнага профілю для непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, або ў адносiнах да якіх праводзiцца індывідуальная прафілактычная работа.

Падкрэслю, што неабходна максімальна прымаць меры па стварэнні адзінай выхаваўча-аздараўленчай прасторы, якая будзе спрыяць умацаванню фізічнага, псіхічнага, маральнага здароўя, фарміраванню матывацыі здароўя і здаровага ладу жыцця дзяцей, выхаванню ў іх адказных адносін да свайго здароўя. З гэтай мэтай на аснове Праграмы выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні, распрацаваны праграмы аздараўлення дзяцей у кожным аздараўленчым лагеры.

Адным з найважнейшых на­прамкаў фарміравання здаровага ладу жыцця ў аздараўленчым лагеры з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчая работа. Неабходна ў летніх лагерах право­дзіць работу па папулярызацыі фізкультуры і спорту сярод выхаванцаў, выкарыстоўваючы для гэтага шэраг мерапрыемстваў. Гэта можа быць правядзенне спартыўных спаборніцтваў і свят, тэматычных спартыўных дзён па папулярных відах спорту і інш.

 — Якія мерапрыемствы патрыятычнай тэматыкі  плануецца правесці для выхаванцаў аздараўленчых лагераў?

— Традыцыйным напрамкам застаецца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў патрыятычнай тэматыкі, перш за ўсё прысвечаных рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 75”. У рамках мерапрыемстваў, пры­свечаных 75-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, плануецца праводзіць у рэжыме анлайн спецыяльныя турыстычныя маршруты па месцах баявой славы з удзелам выхаванцаў аздараўленчых лагераў. Па магчымасці будзе арганізавана наведванне дзецьмі экспазіцый у рэгіянальных і школьных музеях.

Асаблівую ўвагу трэба ­ўдзяліць арганізацыі святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Найбольшую увагу трэба звярнуць на тыя кірункі, з дапамогай якіх можна пазнаёміць выхаванцаў з дасягненнямі нашай краіны за гады незалежнасці. 

 Вельмі актуальнай у час летняй аздараўленчай кампаніі павінна стаць арганізацыя работы цімураўскіх і маладзёжных валанцёрскіх атрадаў, шэфства над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобамі, прыраўнянымі да іх, інвалідамі, сем’ямі загінуўшых воінаў.

Тэматыка малой радзімы таксама павінна знайсці сваё адлюстраванне ў летняй аздараўленчай кампаніі. Выхаванцы лагераў павінны быць прыцягнуты да сацыяльна значных акцый, накіраваных на далейшае развіццё рэгіёнаў, іх добраўпарадкаванне.

Кіраўніцтва лагераў, педагогі могуць распрацоўваць свае ідэі па кірунках выхаваўчай работы, вызначаць канкрэтныя мерапрыемствы, творча падыходзіць да сваёй справы і тым самым ствараць зону камфорту сваім выхаванцам.

— Як гэтаму паспрыяе выкарыстанне інтэрнэт-прасторы?

— Мэтанакіраванае выкарыстанне канструктыўных і карысных інтэрнэт-рэсурсаў у працэсе падрыхтоўкі і правядзення выхаваўчай работы ў лагеры, безумоўна, спрыяе фарміраванню інфармацыйнай культуры выхаванцаў. Інтэрнэт-прастора павінна стаць не толькі пляцоўкай для дзіцячых забаў, але і крыніцай карыснай інфармацыі, неабходнай платформай для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі.

Будзе працягвацца работа па стварэнні пазітыўнай інтэрнэт-прасторы выхаваўча-азда­раўленчых устаноў адукацыі. Тэматычныя анлайн-пляцоўкі для дзяцей, педагогаў і бацькоў, дыстанцыйныя кансультацыйныя пункты для бацькоў дазваляюць павышаць выніковасць узаемадзеяння з сям’ёй, арыентаваць дзяцей і падлеткаў у інтэрнэт-прасторы.

Асаблівую актуаль­насць цяпер набываюць віртуальныя бацькоўскія сходы. Вопыт выкарыстання такой формы ўзаемадзеяння з бацькамі ў нашым “Зубраняці” на працягу апошніх некалькіх гадоў паказвае яе высокую эфектыў­насць. Для выніковай зваротнай сувязі з баць­камі і выхаванцамі можна выкарыстоўваць афіцыйныя групы ў сацыяльных сетках, асабліва для размяшчэння інфармацыйных матэрыялаў і справаздач пра жыццё дзяцей у выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі (прыклады выкарыстання гэтай формы работы можна паглядзець у афіцыйных групах НДЦ “Зубраня”).

— Як сёлета будуць функцыянаваць профільныя лагеры?

— Лета павінна прайсці з карысцю. Для гэтага прадугле­джаны і профільныя лагеры, якія прыйшліся даспадобы нашым дзецям.

Такія лагеры не толькі прадугледжваюць аздараўленне і адпачынак, але і даюць магчымасць папоўніць багаж ведаў, замацаваць атрыманыя на працягу навучальнага года навыкі, практычна адпрацаваць свае прафесійныя ўменні. З гэтай мэтай і ствараюцца лагеры па профілі, напрамку дзейнасці, які адпавядае інтарэсам дзяцей і іх бацькоў.

  З улікам гэтага прадугле­джаны стабільны рэжым функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў летні перыяд, правядзенне заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах розных профіляў па гнуткіх графіках работы, у тым ліку ў рэжыме анлайн. Акрамя таго, гэтыя ўстановы аказваюць падтрымку ў функцыянаванні профільных лагераў.

Важнай умовай паспяховай работы такіх лагераў з’яўляецца якасная рэалізацыя праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па профілі змены. Распрацоўваючы праграмы, неабходна арыентавацца на тыпавыя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама на праграмы, распрацаваныя ўстановамі вышэйшай адукацыі і рэспубліканскімі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Адзначу, што пры падрыхтоўцы праграм правядзення змен па профілі, напрамку дзейнасці неабходна выразна падзяляць забаўляльныя мерапрыемствы профільнай тэматыкі і заняткі па праграме дадатковай адукацыі ў адпаведнасці з профілем змены, улічваць узрост выхаванцаў, з якімі рэалізуецца праграма. Пры выбары профілю праграмы павінны быць сарыентаваны на патрэбы выхаванцаў і рэсурсныя магчымасці аздараўленчага лагера.

Пры арганізацыі работы лагераў па профілі, напрамку дзейнасці для старшакласнікаў неабходна забяспечыць інтэнсіўную прапрацоўку профільнага на­прамку за кошт павелічэння колькасці гадзін у праграме, адыходу ад прапедэўтычных курсаў да больш глыбокіх ведаў, прыцягваючы для правядзення заняткаў адпаведных спецыялістаў.

— Як будзе арганізавана работа валанцёрскіх педагагічных атрадаў?

— Папулярызацыя педагагічных прафесій павінна стаць адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці лагераў па профілі, напрамку дзейнасці. Выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы адукацыі маюць высокі патэнцыял для практычнага прымянення выхаванцамі атрыманых ведаў і адпрацоўкі сфарміраваных уменняў. Работа валанцёрскіх педагагічных атрадаў у лагерах па профілі, напрамку дзейнасці дазваляе забяспечыць бесперапыннасць адукацыйнага працэсу ў педагагічных класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

 У апошнія гады ў аздараўленчых лагерах шырока практыкуецца работа валанцёрскіх педагагічных атрадаў, якая ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з педагагічнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі. Так, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка гэтым летам арганізавана работа 28 педагагічных атрадаў, у складзе якіх будуць працаваць 400 студэнтаў. Падобныя атрады ствараюцца і ў іншых рэгіёнах.

 Хачу падкрэсліць, што пад­рыхтоўка праграм дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі і арганізацыя работы ў такіх азда­раўленчых лагерах павінна ажыццяўляцца ў цесным узаемадзеянні з педагагічнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі.

— Правільна выбудаваная выхаваўчая работа ў азда­раўленчым лагеры дазваляе ў поўнай меры раскрыцца лідарскім якасцям выхаванцаў.

— Так, сапраўды. Вялікую сацыяльную значнасць у гэты час набывае задача выяўлення сярод дзяцей і падлеткаў лідараў і стварэнне ўмоў для развіцця і ўдасканалення іх лідарскіх якасцей. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць арганізацыі дзіцячага самакіравання, развіваючы якое педагог фарміруе адказнасць кожнага з дзяцей за вынікі сумеснай работы. Важна забяспечыць планамернасць у дзеяннях дзіцячага актыву з выкарыстаннем гульнявых, інтэрактыўных і іншых педагагічных методык, накіраваных на фарміраванне лідарскіх, арганізатарскіх, камунікатыўных якасцей, здольнасцей, ведаў, уменняў і навыкаў. Неабходна ствараць умовы для ўключэння дзіцячага самакіравання ў жыццядзей­насць дзіцячага аб’яднання (удзел у журы конкурсаў, інфармаванне на зборах атрадаў, каардынацыя арганізацыйна-гульнявых праектаў, падрыхтоўка атрадных і агульналагерных мерапрыемстваў і г.д.).

Павінна быць працягнута актыўная работа па азнаямленні выхаванцаў з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у галіне маладзёжнай палітыкі, выбарчага права, па павышэнні ўзроўню прававой свядомасці і фарміраванні правільнага разумення сваіх правоў і абавязкаў.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.