Кавуновыя эксперыменты

- 11:19Выхаванне

Вясной “Настаўніцкая газета” расказвала пра старт ініцыятывы па сортавывучэнні кавуноў “Кавун і яго сябры”, якая разгортвалася на базе школ Гомельскай вобласці. За некалькі апошніх месяцаў удзельнікі прывучалі гэтую паласатую культуру да сваіх школьных участкаў і вырошчвалі ўраджай. Цяпер засталося самае прыемнае — прадэгуставаць кавуны і адабраць на перспектыву самыя лепшыя гатункі. На календары — жнівень, значыць, час падводзіць салодка-сакавітыя вынікі праекта.

Вялікая каманда

Да ініцыятывы падключыліся 42 каманды з сельскіх школ і ўстаноў дадатковай адукацыі Лоеўскага, Брагінскага, Чачэрскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага, Гомельскага, Петрыкаўскага і Мазырскага раёнаў. Гэта нетолькі навучэнцы і педагогі, але і мясцовыя жыхары, бо эксперымент выйшаў за межы школ і працягнуўся на спецыяльных доследных пляцоўках на прысядзібных участках вучняў, педагогаў і іншых паслядоўнікаў кавуновай ідэі.

Акрамя таго, геаграфія кавуновага эксперымента не абмежавалася Гомельскай вобласцю: у ім узяла ўдзел каманда Хімаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама дзеці з сямейнага клуба, створанага на базе адукацыйнага цэнтра “Экалогія і здароўе” грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” на Смалявіччыне (Мінская вобласць). Ды і ўласна кавун не стаў адзінай мэтай: у некаторых школах вырасцілі яшчэ і яго сяброў — дыні, гарбузы і іншыя віды сельгаскультур.

Метадычнае суправаджэнне эксперымента ўзяў на сябе Гомельскі абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, а яго навуковым кансультантам стаў доктар сельска­гаспадарчых навук дацэнт Інстытута агародніцтва НАН Беларусі Мечаслаў Францавіч Сцяпура. Менавіта дзякуючы яму, кавуны ўжо не першы год вырошчваюць у рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі.

Ініцыятыва праводзіцца ў рамках праекта “EU4Youth: школьны сад для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”.

Вясновы старт…

У межах праекта яшчэ вясной падчас семінара і некалькіх вучэбных заняткаў прадстаўнікі каманд і патэнцыяльныя мясцовыя кансультанты атрымалі ўсю неабходную інфармацыю па агратэхніцы вырошчвання кавуноў і методыцы правядзення доследу, а таксама ўсё неабходнае для вырошчвання кавуноў ад спонсараў праекта: насенне трох галандскіх гібрыдаў (“топ ган”, “раманза” і “бедуін”), гаршкі, паддоны і глебу для расады, укрывальныя матэрыялы, гумінавыя экаўгнаенні, біягумус і інш. Тады ж быў прадстаўлены электронны журнал эксперымента — спецыяльная інтэрнэт-платформа, дзе ўдзельнікі праекта павінны былі рэгулярна фіксаваць свае назіранні і даныя, размяшчац­ь фатаграфіі і задаваць пытанні кансультантам. Журнал адкрыты для ўсіх, і любы жадаючы можа пазнаёміцца з камандамі і ўбачыць, як ідзе работа на іх доследных пляцоўках.

На першым этапе работ юныя эксперыментатары вучыліся рыхтаваць глебавую сумесь для расады і адбіраць пробы грунту для лабараторнага аналізу, сеялі насенне, назіралі і даглядалі ўсходы, рабілі разбіўку схем участкаў, уносілі ўгнаенні, высаджвалі расаду і ўкрывалі яе ад холаду, праполвалі і палівалі пасадкі, фіксавалі назіранні ў дзённіках дос­леднай працы — іншымі словамі, асвойвалі навыкі карыснай працы, вывучалі агратэхніку вырошчвання сельгаскультур і спасцігалі асновы эксперыментальнай дзейнасці.

…і творчы летні працяг

У рамках ініцыятывы “Кавун і яго сябры” з 15 чэрвеня па 15 жніўня праводзіцца міжнародны творчы конкурс. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе, каго тэма кавуна натхніць на стварэнне цікавага рэпартажнага матэрыялу. Удзельнікамі конкурсу мо­гуць стаць і прадстаўнікі эксперыментальных каманд, якія раскажуць пра свой вопыт вывучэння гатункаў кавуноў, і агароднікі-аматары, якія падзеляцца дасягненнямі на сваіх прысядзібных участках, і тыя, хто захоча выступіць у ролі журналіста, фотарэпарцёра або відэарэжысёра і раскажа пра поспехі вырошчвання кавуноў удзельнікамі праекта. Конкурс праводзіцца сярод жыхароў трох краін — Беларусі, Украіны і Малдовы.

Удачы і няўдачы на бахчы

Са слоў педагогаў, дзеці з задавальненнем вучыліся клапаціцца пра сваіх зялёных гадаванцаў і радаваліся, назіраючы за іх ростам. Першыя поспехі ўжо ёсць. Яшчэ ў першай дэкадзе ліпеня на доследных пляцоўках пачалі спець першыя кавуны, чаму паспрыяла гарачае надвор’е пачатку лета. Нават тыя калівы, лёс якіх спачатку выклікаў асцярогі, цяпер развіваюцца цалкам паспяхова. Зараз на эксперыментальных дзялянках ужо грэюць бакі сакавітыя кавуны, многія з якіх школьнікі пакаштавалі.

Так, у невялічкай Ручаёўскай сярэдняй школе Лоеўскага раёна 68 вучняў не могуць нават справіцца з вырашчаным ураджаем. Кіраўніком эксперымента і ў школе, і ў раёне з’яўляецца настаўнік хіміі і біялогіі гэтай школы Уладзімір Абібок.

— У нас ужо заканчваецца трэцяя хваля ўраджаю. За гэты час мы знялі са школьнай бахчы 134 кавуны. Надвор’е нам па­спрыяла — паўтара месяца не было дажджоў, што пры паспяванні — неабходная ўмова. Толькі цяпер крыху пахаладала і часта ідуць даж­джы, таму мы ўжо не надта спадзяёмся на багаты жнівеньскі ўраджай. Ва ўсялякім разе, не ўпэўнены, што нам удасца паставіць новы рэкорд па вазе. Пакуль самы вялікі кавун у нас заважыў 12 кг 250 г. Цяпер у школе працуе летнік працы і адпачынку, таму яго ўдзельнікі ахвотна частуюцца ўраджаем. Кажуць, вельмі смачныя кавуны, — дзеліцца вынікамі эксперымента Уладзімір Канстанцінавіч, а на маё пытанне: “Няўжо самі не пакаштавалі?” адказвае: — Пакаштаваў, але яны надта салодкія, а я салодкае не люблю. Лепш буду яблыкі есці.

Аналізуючы асаблівасці трох гатункаў, настаўнік больш плюсоў ставіць “бедуіну F1”, бо, кажа, яны вельмі добра завязваюцца. А самым далікатным аказалася “раманза F1”: прыжываецца яна горш, праўда, тыя, якія пайшлі ў рост, даюць ураджай з лішкам. Менавіта на “раманзу F1” яму найбольш скардзіліся ўдзельнікі эксперымента з раёна, бо яна вяла, сохла на ўчастках.

Не абышлося без цяжкасцей і ў Іялчанскай сярэдняй школе Брагінскага раёна, якая каардынуе работу чатырох каманд: тры з іх, з мясцовых жыхароў, ставяць эксперыменты на сваіх прысядзібных участках, і дзве, са школьнікаў,  — пры школе. Дырэктар гэтай школы Таццяна Нікалаенка расказала, што яе каманда сутыкнулася з праблемай дрэннай усходжасці насення з-за нізкай тэмпературы ў памяшканнях пасля ацяпляльнага сезона, а з-за недахопу асвятлення параст­кі выцягваліся і павольна развіваліся. Таму, як толькі пацяплела, яна вырашыла падстрахавацца і пасеяць кавуны яшчэ і насеннем прама ў грунт.

— У нашым эксперыменце прымалі ўдзе­л лі­таральна ўсе навучэнцы школы, а іх у нас 60. Акрамя таго, далучыліся і выхаванцы дзіцячага садка. Кожны назіраў за сваімі гаршчочкамі, выстаўляючы ў радочак, мералі вышыню расады, імкнучыся абагнаць іншых. У гэтым годзе мы распрацоўвалі новы ўчастак на 50 сотак. З іх 4 соткі адвялі пад кавуновы эксперымент. На дзвюх сотках выса­дзілі расаду, а яшчэ на дзве засеялі насенне. Праўда, распрацавалі ўчастак мы пазнавата, таму насенне ў грунт удалося пасеяць толькі 30 мая. І вельмі знерваваліся, бо гэта было занадта позна: у нашым раёне ў гэты час была засуха і моцная спякота. Але кропельны паліў выправіў сітуацыю, і цяпер кавуны растуць на “дзясятку”, — расказвае Таццяна Іванаўна і запэўнівае, што не меншую адзнаку кавуны атрымалі і на дэгустацыі: — Ніхто з нас не верыў, што яны мо­гуць быць такімі смачнымі. У прывазных кавунах салодкая толькі сярэдзіна. Нашы ж кавуны аднолькава салодкія да самай скуркі. Праўда, хутка яны адыдуць, але ў ліпені толькі сталі завязвацца кавуны на познім участку, дзе мы сеялі насеннем. Таму кавуноў нам хопіць і на жнівень, і, думаю, яшчэ на верасень. У наступным годзе мы будзем, ужо не баючыся, са­дзіць кавуны не толькі расадай, але і сеяць адразу ў грунт.

Святлана Лявоненка, педагог Мікуліцкай школы Брагінскага раёна, адзначыла, што складанасці ў іх ўзніклі пасля высадкі расады ў грунт: доўгі час расада была млявай і зжаўцела, частка яе нават загінула. У некаторых школах расаду пасля высадкі пабіла даж­джом. Псавалася надвор’е і калі ўтвараліся плады, таму на некаторых дзялянках частка іх падгніла.

Безумоўна, кавун — культура новая для вырошчвання, таму натуральна, што ў хо­дзе эксперымента ўзнікалі самыя розныя пытанні: як дапамагчы раслінам у перыяд адаптацыі пасля высадкі, як правільна праводзіць апрацоўкі і падкормкі, як прысыпаць плеці, калі рабіць прышчыпванне, ці трэба абрывац­ь лішнія завязі? Па ўсіх гэтых пытаннях удзельнікаў кансультаваў Мечыслаў Сцяпура.

Смачная справаздача

Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагаро­джанне пераможцаў адбудзецца 24—25 жніўня ў Лоеве падчас першага ў Беларусі свята “Дзень кавуна і яго сяброў”. На беразе Дняпра ўдзельнікі сеткавага эксперымента прадставяць вынікі сваёй паўгадавой працы. Плануецца, што свята аб’яднае ўсіх, каго цікавіць гэтая тэма: вучняў і настаўнікаў, сем’і з дзецьмі, моладзь і пенсіянераў, аматараў-агароднікаў і мясцовых вытворцаў сельгаспрадукцыі.

Госці свята змогуць не толькі прадэгуставаць кавуны, дыні і іншыя дары садоў і агародаў, вырашчаныя ўдзельнікамі экс­перымента, але і пачаставацца стравамі традыцыйнай мясцовай кухні, стаць сведкамі кавуновых мізансцэн на фоне рачнога вакзала, намаляванага на сцяне набярэжнай Дняпра, азнаёміцца з рэгіёнам, адправіўшыся на экскурсіі па Лоеўскім краі.

25 жніўня ў працяг свята на базе Лоеўскай цэнт­ральнай раённай бібліятэкі адбудзецца семінар для ўдзель­нікаў ініцыятывы і ўсіх, хто цікавіцца тэмай вырошчвання кавуноў і іншых сельгаскультур. Асаблівая ўвага будзе ўдзе­лена новым для гэтага рэгіёна відам і гатункам сельгаспрадукцыі, вырошчванне якіх становіцца магчымым дзякуючы істотнаму змяненню клімату, які адбыўся за апошнія дзесяцігоддзі. У праграме семінара — дэгустацыя ўра­джаю, вырашчанага ўдзельнікамі ініцыятывы, абмен вопытам, прадстаўленне перспектыўных гатункаў ад прадаўцоў насення, прэзентацыя дзейнасці цэнтра па распаўсюджванні прадукцыі школьных садоў. Кавунаводы-экс­перыментатары абяцаюць — гэтыя два дні на Лоеўшчыне будуць вельмі салодкімі.

Але галоўнае, на што разлічваюць ініцыятары праекта,— цяпер школы стануць цэнтрамі распаўсюджвання ведаў аб сучасных бяспечных агратэхналогіях, новых прадукцыйных гатунках і відах сельгаскультур, а тыя веды і навыкі, якія дзеці атрымаюць дзякуючы ўдзелу ў праекце, спатрэбяцца ім у будучыні. Магчыма, хтосьці з іх, атрымаўшы вопыт паспяховай працы на зямлі, пачне вырошчваць кавуны на сваёй малой радзіме, а значыць, дапаможа зрабіць жыццё ў роднай вёсцы лепшым.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Сямёна ШАЎЦОВА.