16 студзеня ў сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” адбыўся ІІ адкрыты раённы конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне па адукацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, ЦДАДіМ “Ветразь”, кафедра этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Беларускі фонд культуры пры фінансавай падтрымцы раённых арганізацый (Кастрычніцкі раён Мінска), “Белая Русь” і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Навуковую канцэпцыю праекта распрацаваў вядомы этнограф, даследчык харэаграфічнай спадчыны беларусаў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, педагог ЦДАДіМ “Ветразь” Мікалай Козенка.
Конкурс сабраў каля 50 удзельнікаў з Мінска і Міншчыны ў чатырох узроставых катэгорыях: “А” (навучэнцы 2—4 класаў), “Б” (навучэнцы 5—7 класаў), “В” (навучэнцы 8—11 класаў) і “Г” (прадстаўнікі навучэнскай і студэнцкай моладзі, настаўнікі, удзельнікі калектываў аматарскай творчасці ва ўзросце ад 17 да 31 года). Канкурсантам неабходна было выканаць на сцэне казку і лічылку (для катэгорыі “А”), казку і скорагаворку (для катэгорыі “Б”), казку і легенду (для катэгорыі “В”), казку і імправізацыю на зададзеную тэму (для катэгорыі “Г”). Іх выступленні па 10-бальнай шкале на падставе калектыўнага абмеркавання ацэньвала рада экспертаў-прафесіяналаў, зыходзячы з такіх крытэрыяў, як мастацкая якасць узору, дасканалае веданне сюжэта, захаванасць дыялекту і мясцовага выканаўчага стылю, майстэрства імправізацыі, веданне разнастайных беларускіх казачных сюжэтаў (для імправізацыі на зададзеную казачную тэму), артыстычнасць выканання, сцэнічная культура.
Хочацца адразу сказаць, што вялікае фальклорнае свята 16 студзеня ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” удалося. Удалося, бадай, ва ўсіх сэнсах і што тычыцца ўсіх узроставых катэгорый. Да слёз расчульвалі самыя маленькія, 8—10-гадовыя, дзеткі, дэманстравалі этнаграфічную дакладнасць у засваенні традыцый народнай апавядальнай культуры больш дарослыя выступоўцы (асабліва што тычыцца канкурсантаў з ліку ўдзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага гурта “Берагіня”, якія выконвалі казкі, запісаныя непасрэдна ад носьбітаў традыцыі ў Барысаўскім раёне). Яскравым дадаткам да ўласна конкурснай часткі былі музычныя паўзы паміж пасяджэннямі экспертнай рады ў выкананні спецыяльна запрошаных фальклорных калектываў “Калыханка” Міханавіцкага дома фальклору (мастацкі кіраўнік Ларыса Рыжкова), “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь” (мастацкі кіраўнік Марыя Снітко) і “Жэўжыкі” ЦДАДіМ “Ветразь” (мастацкі кіраўнік Таццяна Каляшук). А самым драйвовым момантам мерапрыемства сталі імправізаваныя выступленні канкурсантаў у катэгорыі “Г”, якія, паводле ўмоў конкурсу, выцягвалі шляхам жараб’ёўкі заданні ў выглядзе своеасаблівых зачынаў (напрыклад, “Жылі дзед і баба. Баба ўмерла, а дзед застаўся адзін, і была ў яго дзевачка…” ці “Жылі-былі дзед і баба. Было ў іх тры сыны: два разумныя, адзін дурны…”), а потым спантанна стваралі самастойныя варыянты вядомых беларускіх народных казак, якраз гэтай сваёй імправізацыяй не на жарт заводзячы і саміх сябе, і ўдзячную публіку. Выступоўцаў у самай старэйшай катэгорыі, дарэчы, было няшмат — усяго трое, але ўсе яны асобы яркія, так бы мовіць, не толькі па конкурсе, але і па жыцці. Напрыклад, навучэнка Лінгвагуманітарнага каледжа (філіяла МДЛУ) Паліна Чэпа з’яўляецца ўдзельніцай фальклорнага калектыву “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь”, малюе, актыўна займаецца спортам. Супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юрась Барадзін (нарадзіўся ў 1989 годзе), як і Паліна, спявае і танцуе ў “Мілавіцы”, захапляецца сярэдневяковым фальклорам, выдаў альбом “Вікінгі”, да якога напісаў тэкст і музыку. Студэнтка БДУКіМ Патрыцыя Свіціна да сваіх сённяшніх 18 гадоў паспела ўжо стаць аўтарам каляднага мюзікла, які атрымаў узнагароду на Міжнародным конкурсе ў Польшчы, прадставіць уласны этнапраект ад Беларусі на 39 фестывалі Euroradio Folk Festival, не раз запісацца ў перадачах па беларускім радыё і тэлебачанні, сабраць неблагую калекцыю музычных інструментаў.
Выснова з вышэйадзначанага напрошваецца сама сабой: нецікавае, банальнае мерапрыемства (калі б такім быў ІІ адкрыты раённы конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак”) проста не прыцягнула б увагі такіх яркіх і актыўных юных і маладых людзей. Але ў сувязі з конкурсам узнікаюць пытанні і іншага кшталту. Наколькі эфектыўна дзейнічае сістэма далучэння дзяцей і моладзі, найперш сталічнага мегаполіса, да нематэрыяльнай мастацкай культуры беларусаў? На што варта звярнуць увагу педагогам, каб гэты кірунак паспяхова развіваўся на базе школ, устаноў дадатковай адукацыі, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў? Якіх памылак варта найбольш асцерагацца? А калі зусім коратка і проста: ці жывая сёння народная казка на асфальце?..
Сваімі прафесійнымі меркаваннямі мы папрасілі падзяліцца некаторых сяброў экспертнай рады і ганаровых гасцей ІІ адкрытага раённага конкурсу апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак”.
Дырэктар ЦДАДіМ “Ветразь” Валянціна РУМАВА: “Напэўна, у кожнай установе адукацыі ёсць педагогі, вакол якіх будуецца нейкі канкрэтны вялікі кірунак дзейнасці. І так ужо склалася, што ў “Ветразі” апынуліся разам выдатныя педагогі, якія займаюцца менавіта пытаннямі нематэрыяльнай спадчыны беларусаў, назапасілі бясцэнны вопыт работы з дзецьмі ў гэтым кірунку. Гэта і наш выдатны этнахарэограф Мікалай Козенка, і кіраўнік фальклорнага ансамбля “Мілавіца” Марыя Снітко, і выкладчык па народных музычных інструментах Алеся Герашчанка, і група педагогаў традыцыйнага цыкла ў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці пад кіраўніцтвам Алы Захарэвіч, і многія іншыя. Было б і недаравальна, і неразумна не выкарыстаць такі магутны педагагічны патэнцыял.
Безумоўна, этнакультурным выхаваннем у вялікім горадзе займацца значна цяжэй, чым у рэгіёне. Але мы скрупулёзна прааналізавалі біяграфіі нашых выхаванцаў (найперш адкуль паходзяць іх бацькі, бабулі і дзядулі), іх творчыя схільнасці, запыты бацькоў, і пад кіраўніцтвам Мікалая Козенкі на аснове рэспубліканскай праграмы “Традыцыйная культура і моладзь” была распрацавана аднайменная раённая культурна-адукацыйная праграма, разлічаная на 2015—2020 гады. Установа дадатковай адукацыі не павінна працаваць нейкімі аднаразовымі акцыямі, і таму ўсе нашы праекты разлічаны, скажам так, на перспектыву. Мы добра разумеем, што выхаваць гарманічна развітую, нацыянальна ідэнтычную асобу, асабліва ў горадзе, можна толькі так — паслядоўна і мэтанакіравана. Працуем у цеснай сувязі з МДІРА, НЦМТДіМ, БДУКіМ, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і іншымі інстытуцыямі. Работа па этнакультурным выхаванні нашай моладзі на самай справе ахоплівае вельмі вялікую колькасць нераўнадушных людзей. 18 ліпеня 2018 года ЦДАДіМ “Ветразь” набыў статус рэсурснага цэнтра па выхаваўчай рабоце “Фарміраванне нацыянальнай свядомасці асобы сродкамі традыцыйнага мастацтва беларусаў”.
Сярод нашых найбліжэйшых важных мерапрыемстваў — V адкрыты конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Ветразь” і ІІІ адкрыты конкурс беларускіх народных рамёстваў “Вышыўка”, якія пройдуць у красавіку. А што тычыцца конкурсу апавядальнікаў “Кацігарошак”, то мы невыпадкова далі яму такую назву. Кацігарошак — вядомы персанаж нашых казак, паданняў, легенд. Малады чалавек, моцны, смелы, кемлівы, ён вызваліў з палону Змея сваю сястру Ясаню і вярнуў да жыцця сваіх братоў, тым самым сабраў разам усю сваю сям’ю, якая пачала шчасліва жыць і працаваць на роднай зямлі… Сімвалічны вобраз”.
Загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дацэнт, доктар філалагічных навук Таццяна ВАЛОДЗІНА (старшыня экспертнай рады конкурсу): “Найперш мне хацелася б адзначыць, што ў параўнанні з папярэднім конкурсам узровень удзельнікаў значна вырас, дзеці сёлета больш падрыхтаваныя, але… Расказванне народнай прозы — гэта якраз тая навука, якая, у адрозненне ад тэатральнай сцэны, не патрабуе нейкіх асаблівых момантаў жэстыкуляцыі, інтанавання. Тут дзіця будзе яркае тады, калі яно вучыцца ў кіраўніка аб’яднання, у якім займаецца, а кіраўнік прадстаўляе і паказвае традыцыю. А яшчэ лепш было б, калі б дзеці вучыліся непасрэдна ў носьбітаў традыцыі, бабулек, якія самі расказваюць казкі, легенды, паданні, быліны. І, скажам, на фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” гэта выразна адчуваецца — вось дзіцяня сядзіць з бабкай на лаўцы ці на печы, слухае яе, запамінае, а потым пераказвае пачутае яе ж інтанацыямі, яе дыялектызмамі слаўнымі. Ва ўмовах Мінска такога чакаць не заўсёды даводзіцца. Тым не менш вельмі прыемна, што нават у Мінску ёсць людзі зацікаўленыя. Дзякуй галоўнаму натхняльніку гэтага праекта Мікалаю Козенку, усяму калектыву “Ветразя” і, безумоўна, дзякуй настаўнікам, якія правільна вучаць дзетак. Ну а дзеткі… Яны непасрэдныя і ў вёсцы, і ў горадзе. Сярод самых маленькіх нам было проста цяжка выбраць, хто з іх варты дыплома І ступені, а хто — ІІ ці ІІІ. Амаль кожнае дзіця яркае, эмацыянальнае, душэўнае, стараннае. Можа быць, асабліва хацелася б адзначыць Кірыла Кудзіна з Мётчы. Гэта такі праўдзівы беларусік! З беларускай інтанацыяй, эмоцыямі, нават з выразам твару, не найграным — сапраўдным! А вось старэйшых дзяцей ацаніць было больш складана. Яны ўжо глядзяць па тэлевізары канцэрты поп-выканаўцаў, розныя модныя сёння песенныя і танцавальныя конкурсы, што не можа не адкладваць свой адбітак. Іншым разам дзеці, чытаючы са сцэны народную прозу, больш думаюць не пра тое, што яны чытаюць, а пра сябе як артыстаў: вось выйсці на сцэну, паказаць сябе, пачуць апладысменты… Але ж добра, што яны гавораць па-беларуску і шмат імправізуюць сваімі словамі. Гэта рэальная ўлучанасць у традыцыю”.
Прафесар кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ кандыдат філалагічных навук Аляксей РАГУЛЯ: “Работа, якая праводзіцца па этнакультурным выхаванні, у тым выглядзе, у якім мы бачым яе і на фестывалі “Берагіня”, і тут, у “Ветразі”, каштоўная найперш сваім комплексным падыходам да інтэрпрэтацыі і засваення нашай нематэрыяльнай спадчыны. Філосафы гэта адзначаюць такімі паняццямі, як рэальная шматграннасць і філасофскае адзінства. То бок гаворка ідзе не столькі пра багацце форм, а менавіта пра адзінства, калі ў адной форме могуць дзейнічаць нават супрацьлеглыя інтэнцыі, калі логіка працуе не ў адрыве ад пачуццёвай і вобразнай семантыкі, а ў звязцы з вялікай фальклорнай анталогіяй. Гэта магутны супраціў аднабаковасці сучаснай цывілізацыі і яе індывідуалістычным выклікам”.
Загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, член Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, дацэнт, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў КАЛАЦЭЙ: “Конкурс “Кацігарошак” — гэта адзін з сатэлітаў фестывалю “Берагіня”, і вельмі добра, што ў асобных рэгіёнах, асобных установах адукацыі падхопліваюць агульную ідэю “Берагіні” і праводзяць свае конкурсы і фестывалі. Такім чынам ствараецца субкультура людзей, адбываецца іх непасрэднае далучэнне да традыцыйнага мастацтва, чаго вельмі цяжка дасягнуць у сучасных умовах, тым больш у мегаполісе. У горадзе проста не ўзнікае такіх абставін, каб дзіця захацела расказаць тую ж народную казку ці зымправізаваць казачную гісторыю на зададзены сюжэт. У крайніх выпадках гэта адбываецца на ўроках літаратуры, а каб у жывым непасрэдным асяроддзі — і наогул гаварыць не даводзіцца. І вось конкурс “Кацігарошак” якраз і стварае такія сітуацыі. Мала таго, што дзеці самі рыхтуюцца да конкурсу, яны яшчэ і глядзяць адно на аднаго і бачаць, што гэта абсалютна нармальна, нават цікава і захапляльна. Гэта, я лічу, адзін з крокаў, які можа прывесці да той сітуацыі, калі беларусы будуць не толькі называць беларускую мову роднай, але і пачнуць ёй карыстацца ў жыцці”.
Галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” сябра Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір ГІЛЕП: “Сённяшняя імпрэза, асабліва што тычыцца выступлення самых маленькіх, нагадала мне пасляваенныя дзіцячыя спектаклі. Я гэта добра памятаю, таму што сам быў іх удзельнікам. Недзе 1947 ці 1949 год, вёска Острава Капыльскага раёна, клуба няма, яго спалілі, і мы проста на вуліцы паказваем спектакль… Уся вёска сядзіць на лавах, на крэслах ці на зямлі — і глядзіць. Стапрацэнтнае захапленне і стапрацэнтная непасрэднасць! Не было ж ні пастаноўкі, ні тым больш нейкай імітацыі…
А яшчэ, калі дзеці чыталі лічылкі, у мяне адразу выпаўзла з памяці наступнае: ляжыш на ложку, а мая бабка Лізавета, каб унук заснуў, гладзіць мяне чамусьці толькі двума пальчыкамі па руцэ і спявае (сам пачынае спяваць): “Казачка, казачка, дзе ты была? У госці хадзіла, маслейка біла. А дзе ж тое маслейка? Мышка паела. А дзе ж тая мышка? У норку пабегла. А дзе ж тая норачка? Красачкамі зарасла…”
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.
Імёны дыпламантаў ІІ адкрытага конкурсу апавядальнікаў беларускай народнай прозы можна знайсці на сайце ЦДАДіМ “Ветразь” www.oktcvr.minsk.edu.by.