Кейк-попс і іншыя прыгоды школьнікаў

- 10:22Выхаванне

“Свет прафесій вачыма дзяцей” — пад такой назвай пачаты новы праект прафарыентацыйнай работы ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва, у якім прымаюць удзел вучні пачатковых класаў мінскіх школ у перыяд школьных канікул.

У гэтым праекце галоўнымі крытэрыямі з’яўляюцца сонечны настрой малодшых школьнікаў і іх зацікаўленасць новай справай. Розныя пірожныя, шакаладныя “вазачкі” і многа іншых смачных страў — іх неверагодна цікава гатаваць, фантастычна смачна дэгуставаць.

— Сёння мы будзем з вамі ствараць кейк-попс — невялікае пірожнае на палачцы, — звярнулася да маленькіх кандытараў майстар вытворчага навучання аддзялення дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў ліцэя Людміла Віктараўна Літвінчук. — Для яго вырабу патрэбны вашы жаданне i фантазія, а ўсяму астатняму мы вас навучым на нашым майстар-класе. Таму не хвалюйцеся і смела прыступайце да справы.

 Заняткі праходзяць у гульнявой форме, каб хлопчыкам  і дзяўчынкам ад 7 да 12 гадоў было цікава знаёміцца з новай прафесіяй. Гэта вялікая праца — завалодаць увагай гарэзлівых юных кандытараў на цэлыя дзве гадзіны. А менавіта столькі часу ідзе адзін майстар-клас. Але ў калектыву педагогаў аддзялення дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі ліцэя гэта атрымліваецца.

Калі ж пэўная колькасць пірожных дзецьмi выраблена, то частку іх плануецца пакаштаваць за святочна ўбраным сталом, а другую, упакаваўшы ў прыгожыя абгорткі, дзеці занясуць дамоў, каб прадэманстраваць бацькам свае здольнасці і пачаставаць прысмакамі.

Аб рабоце з дзецьмі і для дзяцей расказала загадчыца аддзялення Святлана Іванаўна Клішанец.

— Акрамя майстар-класа па кулінарыі, мы праводзім майстар-класы  для навучэнцаў школ па фларыстыцы, медыцыне, абслугоўванні гасцей, сталярнай справе. Майстар-класы прафесійнай накіраванасці — гэта творчыя заняткі, на якіх дзеці робяць першыя крокі ў выбары будучай прафесіі, — паведаміла Святлана Іванаўна.

Вясной ва ўстанове прайшоў майстар-клас, у якім прынялі ўдзел школьнікі малодшых класаў. Разам з імі шпакоўню выраблялі іх бацькі, дзядулі. На аснове тых захапляльных водгукаў, якія паступалі пасля правядзення такога майстар-класа, узнікла ідэя правесці падобныя мерапрыемствы ў летнія канікулы. Вось так і з’явіўся  новы праект “Свет прафесій вачыма дзяцей”, які пакуль адзіны ў краіне.

Новыя дзейсныя падыходы выпрацаваны ў ліцэі па арганізацыі прафарыентацыйнай работы. Вялікі пласт гэтай работы бярэ на сябе школа. Але методыка арганізацыі прафарыентацыі застаецца ранейшай, бо абмежавана магчымасцямі навучальнай установы. Настаўнікі звычайна расказваюць пра тую ці іншую прафесію. Але адна справа — словамі ахарактарызаваць нейкі від прафесійнай дзейнасці, а зусім іншая — даць магчы­масць дзецям паспрабаваць гэтую прафесію рукамі, зрабіць самім нейкую рэч. Гэта і стала асновай прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца ў ліцэі.

— Сёння не столькі важная сфера дзейнасці, колькі важна быць у ёй прафесіяналам, — адзна­чыла дырэктар ліцэя Інеса Леанідаўна Кузьміна.

— Наша ўстанова вельмі рада супрацоўніцтву з ліцэем у арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў, — падзялілася ўражаннямі Ганна Рыгораўна Егер, начальнік летніка “Сонейка” дзіцячага сада — пачатковай школы № 468 Мінска. — Галоўнае ў дзейнасці летніка, каб нашы дзеці не сумавалі, праводзілі свой вольны час з карысцю. Такія майстар-класы дораць дзецям і прафесійныя навыкі, і станоўчыя эмоцыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.