Практыка паказвае, што менавіта класны кіраўнік можа дапамагчы падлеткам пераадолець цяжкасці і не здзяйсняць правапарушэнні. Для гэтага неабходна навучыць школьнікаў выкарыстоўваць прававыя веды ў рэальным штодзённым жыцці.
Покинут счастьем будет тот,
кого ребенком плохо воспитали.
Побег зеленый выпрямить легко,
сухую ветвь один огонь исправит.
Лепш пра задачы і вынікі выхавання і не скажаш. Маральна-прававое выхаванне займае важнае месца ў выхаваўчай рабоце класнага кіраўніка. Дабрата, прыстойнасць, сумленнасць, праўдзівасць, справядлівасць, працавітасць, дысцыплінаванасць, калектывізм, якія рэгулююць індывідуальныя паводзіны чалавека. Вось уласцівасці і якасці асобы, якія характарызуюць паняцце “маральнасць”. Яно павінна быць планамерным, паступовым, развівацца. Як мага раней навучэнцам неабходна прывіваць асновы прававых ведаў, пры гэтым фарміруючы дакладнае ўяўленне не толькі пра правы, але і пра абавязкі, адказнасць. Важна выхоўваць навучэнцаў у духу няўхільнага выканання законаў. На класных гадзінах яны даведаюцца сэнс такіх паняццяў, як правапарушэнне, злачынства, пакаранне, выбар, правы, абавязкі.
Прававое выхаванне навучэнцаў заключаецца ў кіраванні педагогам развіцця здольнасці навучэнцаў выбіраць той варыянт паводзін, які не парушыць юрыдычных норм у пэўнай сітуацыі. Вядома, што ў шэрагу выпадкаў правапарушэнні і злачынствы здзяйсняюцца з прычыны няўмення непаўналетніх вырашаць свае шматлікія праблемы законным шляхам. Фарміраванне ўяўленняў аб прававым полі, развіццё ўменняў арыентавацца ў ім, бачыць розныя спосабы вырашэння сітуацый — адна з задач класнага кіраўніка ў галіне прававога выхавання. Падчас класнай гадзіны прадугледжваецца вырашэнне розных супярэчнасцей, якія з’яўляюцца крыніцамі развіцця прававых ведаў. Прававое выхаванне фарміруе элементы прававой этыкі, павагу закона, правасвядомасць асобы і грамадства, высокай прававой культуры.
Прапаную выхаваўчы кейс у галіне маральна-прававога выхавання для навучэнцаў з вопыту работы. Кейс — гэта апісанне канкрэтнай сітуацыі ці выпадку. Кейс змяшчае не проста апісанне, але і праблему ці супярэчнасць і будуецца на рэальных фактах. Значыць, рашыць кейс — гэта прааналізаваць прапанаваную сітуацыю і знайсці аптымальнае рашэнне. Перавагі кейс-метаду ў параўнанні з традыцыйнымі метадамі навучання ў трох галоўных адрозненнях:
- Практычная накіраванасць. Кейс-метад дазваляе прымяніць тэарэтычныя веды да рашэння практычных задач.
- Інтэрактыўны фармат. Кейс-метад забяспечвае больш эфектыўнае засваенне матэрыялу за кошт высокай эмацыянальнай уцягнутасці і актыўнага ўдзелу навучэнцаў. Удзельнікі паглыбляюцца ў сітуацыю з галавой: у кейса ёсць галоўны герой, на месца якога ставіць сябе каманда і вырашае праблему ад яго асобы. Акцэнт пры навучанні робіцца не на авалоданні гатовымі ведамі, а на іх выпрацоўцы.
- Канкрэтныя навыкі. Кейс-метад дазваляе ўдасканальваць мяккія навыкі (soft skills), якім не вучаць у школе, але якія аказваюцца неабходнымі ў рэальным жыцці.
Сумесны разбор жыццёвых сітуацый — універсальны спосаб навучання. Рашэнне кейсаў складаецца з некалькіх крокаў: даследавання прапанаванай сітуацыі (кейса); збору і аналізу адсутнай інфармацыі; абмеркавання магчымых варыянтаў вырашэння праблемы; выпрацоўкі найлепшага рашэння.
Метад case-study, або метад канкрэтных сітуацый (ад англійскага case — выпадак, сітуацыя), — метад актыўнага праблемна-сітуацыйнага аналізу, заснаваны на навучанні шляхам рашэння канкрэтных задач-сітуацый.
Дзяцінства — гэта дзівосны перыяд у жыцці чалавека. Дзіцячыя ўражанні застаюцца на ўсё жыццё. Выбіраючы тэму класнай гадзіны, я часцей за ўсё арыентуюся на маральныя пачуцці (сумленне, абавязак, вера, адказнасць, грамадзянскасць, патрыятызм) і маральнае аблічча (цярпенне, міласэрнасць, лагоднасць, незласлівасць). І тэмы гучаць вельмі проста, але ёміста: “Дараванне”, “Люблю”, “Сяброўства”, “Дзяцінства”, “Здароўе”. Чалавек як асоба закладваецца ў дзяцінстве. Навукоўцы ў галіне педагогікі выявілі, што ў розныя ўзроставыя перыяды ёсць неаднолькавыя магчымасці для маральна-прававога выхавання. Дзіця, падлетак і юнак па-рознаму ставяцца да розных сродкаў выхавання. Працуючы над праблемамі маральнай і прававой выхаванасці навучэнцаў, трэба ўлічваць іх узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці. У сённяшняй жорсткай рэчаіснасці дзіцяці неабходна ўвядзенне ў духоўна-маральную культуру, у асяроддзе адносін чалавека і прыроды, мастацтва і чалавека, чалавека і грамадства, чалавека і Бога. Арганізаваць такое асяроддзе для навучэнцаў — задача класнага кіраўніка. Эфектыўнасць маральна-прававога выхавання навучэнцаў залежыць ад дасведчанасці педагога, разнастайнасці метадаў, якія ён прымяняе, і эмацыянальнага водгуку дзяцей.
Распрацоўка кейса для навучэнцаў 5—7 класа
Фармат кейса — тэматычны.
Узровень складанасці — структураваны.
Мэта: навучыць школьнікаў аналізаваць інфармацыю, выяўляць ключавыя праблемы, ацэньваць сітуацыю, знаходзіць аптымальны варыянт дзеянняў і фармуляваць праграму дзеянняў.
Задачы: садзейнічаць прэвентыўным мерам праяўлення крадзяжу ў навучэнцаў, фарміраванню маральных прынцыпаў; развіваць уменні работы ў групе, садзейнічаць згуртаванню дзіцячага калектыву.
Уступнае слова настаўніка.
Настаўнік. Добры дзень! Сёння я не буду называць тэму класнай гадзіны, а раскажу вам гісторыю, праслухаўшы якую, вы зможаце назваць тэму нашай размовы. У канцы жніўня кожная сям’я, дзе ёсць школьнікі, збірае дзяцей у школу. Адна з такіх звычайных сем’яў жыла ў сельскай мясцовасці. Бацькі лета адкладвалі грошы дзецям на адзенне і школьныя прылады. У апошнюю нядзелю перад школай маці з трыма дзецьмі паехала ў горад на школьны базар, каб закупіць усё адразу. Прайшлі па гандлёвых радах, прымералі форму, нагледзелі сшыткі і іншыя канцтавары. Прыкінулі, ці хопіць на ўсё сабраных грошай. Нават і на паход у “Макдональдс” заставалася. Пайшлі набываць пакупкі. Падышлі да палаткі з адзеннем для школьнікаў. Яшчэ раз усё прымералі. Папрасілі прадаўца ўсё ўпакаваць. Маці пачала разлічвацца за пакупкі. Адкрыла кашалёк… Змоўкла. З яе вачэй цяклі слёзы. Старэйшы сын спытаў…
Як вы думаеце, што спытаў сын у маці? (Адказ навучэнцаў: “Што здарылася?”.) Правільна. “Што здарылася?” — гэта і ёсць тэма нашай размовы сёння. Мы часта так гаворым, калі не можам растлумачыць тое, што адбываецца. (Настаўнік піша тэму на дошцы.)
Сёння вы будзеце працаваць з кейсам, вырашаць жыццёвыя сітуацыі. Працаваць будзеце ў групах. (Навучэнцы загадзя рассаджваюцца за сталы ў групы па 4—6 чалавек.) Падумайце, што адказала маці сыну на пытанне “Што здарылася?”. Правільна. Укралі грошы. Такое здараецца. Здаралася і ў вас, калі ў кішэнях верхняга адзення знікалі грошы.
На вашых сталах кейсы з матэрыяламі і заданнямі. Выберыце ў групе тых, хто: будзе сачыць за часам; будзе зачытваць заданні і пытанні; будзе запісваць рашэнні групы; будзе афішыраваць рашэнні групы перад класам.
Склад кейса
- Сюжэтная частка.
Тэкст 1. Навучэнцам прапануецца пісьмо з часопіса “Гаспадынька”.
“Дарагая рэдакцыя! Хачу падзяліцца з табой сваёй бядой. Справа ў тым, што мой 10-гадовы сын… крадзе і бярэ грошы ў дамашніх. Усё гэта пачалося год назад, калі мы пераехалі з Брэста ў вёску да маіх бацькоў. Менавіта тады ён пачаў лазіць у шафу, кашалёк і браць адтуль грошы. Купляе прысмакі і раздае іх дзецям. Больш за ўсё мяне засмучае тое, што ён ні разу ў гэтым не прызнаўся, гэта значыць, увесь час падманвае мяне. Я ўжо яго і біла, і ўгаворвала, і тлумачыла, як гэта дрэнна. І ў царкве ён з бацюшкам размаўляў. Думала, што ён усё зразумеў. І вось зусім нядаўна ён зноў залез у кашалёк да майго бацькі і ўзяў сотню. Я яго спытала, навошта ён гэта зрабіў, але канкрэтнага адказу не пачула. Самае галоўнае, што кішэнныя грошы ў яго заўсёды ёсць і ён ні ў чым не мае патрэбы. Можа, у яго прага накапляльніцтва? Парай, дарагая “Гаспадынька”, што рабіць. Мне не хочацца ісці да школьнага псіхолага, а ў газеце я прачытала б меркаванне спецыяліста”.
Тэкст 2. “Нядаўна ў інтэрнэце чытаў пра прызнанні падлетка аб тым, як яны з прыяцелем налаўчыліся бясстрашна красці жвачкі з супермаркета (“А чаго баяцца? Дробны крадзеж — гэта адміністратыўка, тым больш не пасадзяць, бо яшчэ няма 16!”), і які раз падумаў аб тым, што маральнасць — лепшая абарона ад пагрозы пакарання, а амаральным людзям трэба вучыць увесь закон.
- Метадычная частка.
Заданне 1. Прачытайце тэкст 1; выберыце з тэксту (падкрэсліце) дзеясловы, якія характарызуюць дзеянні хлопчыка; запішыце гэтыя дзеясловы ў правы слупок; выберыце дзеясловы, якія характарызуюць дзеянні маці хлопчыка; запішыце гэтыя дзеясловы ў левы слупок; злучыце дзеясловы стрэлкамі такім чынам, каб па стрэлках можна было зразумець, якія дзеянні хлопчыка выклікалі дзеянні маці. Адкажыце на пытанні.
Пытанні да тэксту 1: “А калі б з гэтай просьбай звярнуліся да вас, што б вы параілі?”, “А калі б вы даведаліся, што ваш сябар несумленны, не чысты на руку, што б вы яму сказалі? Як бы дапамаглі яму пазбавіцца гэтай заганы?”.
Заданне 2. Прачытайце тэкст 2; адкажыце на пытанне; вывучыце інфармацыю ў дадатку 1, 2.
Пытанне да тэксту 2: “Як вы думаеце, у гэтым выпадку гаворка ідзе аб дробным памеры ўкрадзенага ці аб групе асоб па папярэднім згаворы?”.
Заданне 3. Прыдумайце ў групе два аргументы для тых падлеткаў, якія задумваюць крадзеж, каб папярэдзіць іх праступак.
- Інфармацыйная частка.
Інфармацыя аб крымінальнай адказнасці падлеткаў (дадатак 1, 2).
Работа навучэнцаў з кейсам.
1 этап — азнаямленчы. Навучэнцы знаёмяцца са зместам кейса, чытаюць тэксты. Настаўнік уцягвае школьнікаў у абмеркаванне сітуацыі пры дапамозе заданняў і пытанняў.
2 этап — асноўны — работа ў групах. Навучэнцы працуюць у групах, абмяркоўваюць, прапануюць шляхі вырашэння, затым выказваюць сваё рашэнне. Кожны навучэнец выказвае ў групе сваё рашэнне. Вынікам работы ў групе з’яўляецца выпрацоўка агульнага рашэння, якое можа суправаджацца складаннем ліста “Сябру…”.
3 этап — выніковая прэзентацыя аўтарскага прадукту групы з наступнай дыскусіяй. Навучэнцы ў кожнай групе выбіраюць лепшы варыянт і афішыруюць яго перад класам. Клас заслухоўвае выступленні кожнай групы.
Рэфлексія.
На этапе рэфлексіі настаўнік прапануе навучэнцам метад “Мішэнь”. На аркушы паперы (ці на дошцы) намалявана мішэнь, падзеленая на 4 сектары. Кожны сектар мае назву: класная гадзіна прымусіла задумацца; класная гадзіна патрывожыла; класная гадзіна зацікавіла; я раней пра гэта не ведаў. Навучэнцы падыходзяць да мішэні і ставяць метку ў кожным сектары. Настаўнік падводзіць вынікі размовы.
Напрыканцы размовы настаўнік знаёміць навучэнцаў з сайтам “Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь”. Коратка расказвае навучэнцам пра Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі і пра дзіцячы прававы сайт (mir.pravo.by).
Злачынства і пакаранне
Дадатак 1
Мы сабе ўяўляем, наколькі сумна гучаць словы пра тое, што парушаць закон нельга і што за кожным злачынствам абавязкова настане пакаранне. Ты, напэўна, можаш прыгадаць дзясяткі выпадкаў, калі злачынства проста не раскрывалася, ці гісторыі, у якіх злачынныя аўтарытэты выступаюць у якасці ўладароў жыцця. На жаль, так здараецца. Але вельмі часта злачынцы трапляюць за краты, і тады ўсе гісторыі пра не вельмі разумных міліцыянераў і ўдачлівых гангстараў хутка знікаюць з галавы, а пазбаўленым волі не пазайздросціш.
Правы і адказнасць непаўналетніх пры здзяйсненні імі грамадска небяспечных дзеянняў распісаны ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 27. Узрост, з якога настае крымінальная адказнасць
Крымінальная адказнасць настае з 16 гадоў, АЛЕ з 14 гадоў да крымінальнай адказнасці можна прыцягнуць за наступныя віды злачынстваў: крадзеж (артыкул 205); грабеж (артыкул 206); разбой (артыкул 207); вымаганне (артыкул 208); крадзеж аўтадарожнага транспартнага сродку або маламернага воднага судна (артыкул 214); наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці (артыкул 218 ч. 2, 3); наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін (артыкул 309); крадзеж наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсараў (артыкул 327); хуліганства (артыкул 339); свядома непраўдзівае паведамленне аб небяспецы (артыкул 340); апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці (артыкул 341).
Пералік злачынстваў, за якія крымінальная адказнасць настае з 14 гадоў, з’яўляецца вычарпальным. Калі непаўналетні здзейсніў правапарушэнне, не названае ў гэтым пераліку, то адказнасць будуць несці яго бацькі (артыкул 9.4 КаАП).
За здзяйсненне злачынстваў, якія прадугледжаны Крымінальным кодэксам, да дасягнення ўзросту, з якога настае крымінальная адказнасць, непаўналетні з 11-гадовага ўзросту можа быць накіраваны па рашэнні суда ў спецыяльную вучэбна- ці лячэбна-выхаваўчую ўстанову на тэрмін, не большы за 2 гады.
За здзейсненыя злачынствы непаўналетняму могуць быць назначаны наступныя віды пакарання: штраф (артыкул 111 Крымінальнага кодэкса), арышт (артыкул 114 Крымінальнага кодэкса), пазбаўленне волі (артыкулы 115—116 Крымінальнага кодэкса), прымусовыя меры выхаваўчага характару (артыкул 1).
З 16 гадоў непаўналетняга могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці практычна за ўсе здзейсненыя ім злачынствы. За здзяйсненне злачынстваў у непаўналетнім узросце ў дапаўненне да вышэй названых падлетку могуць назначыць наступныя віды ПАКАРАННЯ: грамадскія работы (артыкул 110 Крымінальнага кодэкса), папраўчыя работы (артыкул 113 Крымінальнага кодэкса), пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю (артыкул 112 Крымінальнага кодэкса), канфіскацыя маёмасці (артыкул 109 Крымінальнага кодэкса).
Дадатак 2
Аб усіх нюансах адказнасці за крадзеж у супермаркеце па парадку.
Мяжой паміж адміністратыўным правапарушэннем і крымінальна-карным злачынствам з’яўляецца памер кошту ўкрадзенага ў магазіне. Калі сума ўкрадзенага не перавышае двухкратнага памеру базавай велічыні для фізічнай асобы і 10-кратнага памеру БВ для юрыдычнай асобы, правапарушальнік не падлягае крымінальнай адказнасці. У гэтым выпадку адказнасць будзе адміністратыўная, за дробны крадзеж (артыкул 10.5 КаАП). І так, адміністратыўная адказнасць па гэтым артыкуле надыходзіць з 16 гадоў. Але калі сума ўкрадзенага перавышае вызначаную мяжу, то гаворка можа ісці толькі аб крымінальнай адказнасці (артыкул 205 Крымінальнага кодэкса).
Здавалася б, зразумела ўсё. Усё, ды не ўсё.
Калі ў крадзяжы з супермаркета ўдзельнічалі некалькі падлеткаў (напрыклад, двое неразлучных сяброў, адзін непрыметна хаваў, а другі прыкрываў), то гэта ўжо злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэднім згаворы. У гэтым выпадку крымінальная адказнасць настане незалежна ад таго, наколькі дробным быў кошт украдзенага. Да крымінальнай адказнасці будуць прыцягнуты 14-гадовыя (артыкул 27 Крымінальнага кодэкса).
Небяспечна, ці не так? Можна апынуцца пад следствам, нават калі прыяцель нешта непрыметна ўкраў, але вы былі ў супермаркеце разам. Так, следства потым разбярэцца ў тым, ці быў паміж хлапчукамі згавор, але колькі нерваў родных і блізкіх будзе патрапана неразборлівым знаёмствам?
Асобна трэба сказаць пра выпадак няскончанага злачынства, калі ўкрадзенае не паспелі вынесці з гандлёвай залы і распарадзіцца ім, таму што пільная варта своечасова заўважыла крадзеж і затрымала зладзюжку каля касы або выхаду з супермаркета. Ці будзе тут крадзеж? У фармальным сэнсе — не, паколькі асоба не мела магчымасці распарадзіцца ўкрадзеным. Хутчэй за ўсё, дзеянні будуць кваліфікаваны як замах на крадзеж.
І тут зноў паўстане пытанне аб памеры кошту ўкрадзенага. Калі ён не перавышае вызначанай мяжы, то гэты зладзюжка нават не будзе прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці, паколькі ў КаАП адсутнічае артыкул за замах на дробны крадзеж. Калі ж кошт украдзенага перавышае мяжу, то нават нягледзячы на тое, што крадзяжу не было, ён быў папярэджаны, для чалавека, які замахваўся на крадзеж, прадугледжваецца крымінальная адказнасць. Тым больш яна прадугледжваецца для “сяброў” (групы асоб па папярэднім згаворы), якія замахваліся на крадзеж.
Яшчэ адно. Калі чалавек украў рэч, а нехта ўбачыў гэта і спрабаваў спыніць крадзеж (напрыклад, вартаўнікі), то самае неразумнае рашэнне — спрабаваць уцячы з украдзеным. У гэтым выпадку крадзеж перастае быць тайным і становіцца адкрытым. А гэта ўжо не крадзеж, а грабеж.
Алена ГАРБАР,
настаўнік-метадыст
сярэдняй школы № 42 Мінска,
член клуба “Крыштальны журавель”
Чытайце матэрыялы метадычнага дадатку “Партфоліа” ў нумары “Настаўніцкай газеты” ад 24 лістапада 2023 года.