Абласны форум лідараў дзіцячага і маладзёжнага руху “Лідары XXI стагоддзя: новы фармат” у анлайн-рэжыме прайшоў на базе Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Разам з 30 лідарамі вучнёўскага самакіравання з усіх рэгіёнаў вобласці ў ім прынялі ўдзел госці і незалежныя эксперты, якія прадстаўляюць розныя структуры Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і мясцовых улад.
Юныя ўдзельнікі прэзентавалі сацыяльна значныя праекты. Для абароны непасрэдна на форуме аргкамітэт адабраў 9 з 30. Іх ацанілі эксперты. Дзеці з Добруша, Светлагорска, Мазыра, Буда-Кашалёва, Жлобіна, Рэчыцы, Чачэрска прапанавалі сваё бачанне вырашэння праблем фінансавай і медыядасведчанасці, кібербяспекі і працоўнай дзейнасці падлеткаў, падтрымкі інвалідаў і абароны экалогіі, патрыятычнага выхавання і захавання культурнай спадчыны.
Напрыклад, Вікторыя Пузік і Аляксандр Асновін пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” Валянціны Врадзінскай распрацавалі праект “Карта памяці”. Ён накіраваны на стварэнне інтэрактыўнай базы даных аб помніках і пахаваннях Вялікай Айчыннай вайны ў Жлобінскім раёне.
Васьмікласніца Вераніка Ляднёва з Мотнявіцкага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна распрацавала комплексны экскурсійны маршрут па мясцовых азёрах. Да яго ўвасаблення прапануе прыцягнуць мясцовыя ўлады і разам правесці работы па добраўпарадкаванні крыніц, месцаў адпачынку ля вадаёмаў…
Вучань гомельскай сярэдняй школы № 72 Глеб Караленка лічыць актуальнай сацыялізацыю дзяцей-інвалідаў падчас вучэбнага працэсу і арганізацыю інтэграванага прышкольнага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем, паколькі існуе праблема занятасці ў летні перыяд дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.
Падчас прэзентацыі геаграфія праектаў была адлюстравана на інтэрактыўнай карце, а самі праекты — на інтэрактыўнай дошцы, актыўная спасылка на якую знаходзіцца на сайце Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Галоўная выснова, зробленая і дзецьмі, і дарослымі, — трэба ісці наперад, спрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці, не спыняцца на дасягнутым. Таму што лідар — гэта ініцыятыва, праца і вынік.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.