Кіраўнік дзяржавы ўдзячны Сусветнаму банку за магутную падтрымку эканомікі і сацыяльных праектаў

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшым віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па аперацыйных пытаннях Кайлам Пітэрсам падзякаваў Сусветнаму банку за дапамогу і падтрымку ў рэалізацыі значных праектаў.

“Вельмі добра, што мы з вамі супрацоўнічаем, і, відаць, вы не маеце вялікіх прэтэнзій да нас, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Мы з вамі рэалізавалі амбіцыйную праграму і сёння распрацоўваем новы план, новую стратэгію супрацоўніцтва. Гэта сведчыць аб тым, што мы знайшлі агульную мову”.

“Галоўнае ў тым, што вы сваімі дзеяннямі ў Беларусі даяце нам альтэрнатыву”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. “Ваша работа ў Беларусі дае магчымасць абапірацца не толькі на адну-дзве крыніцы падтрымкі нашай эканомікі, сацыяльных праектаў, бюджэту, але і ў цэлым на вельмі магутную падтрымку Сусветнага банка. Вось за гэта я вам перш за ўсё ўдзячны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, калі няма альтэрнатывы, няма выбару, вельмі складана будаваць эканамічныя адносіны ўнутры і выбудоўваць сацыяльную палітыку. “Калі ёсць выбар, альтэрнатыва, больш магчымасцей прыйсці да поспеху”, — упэўнены прэзідэнт.

За час супрацоўніцтва з Беларуссю Сусветны банк інвесціраваў больш як $1,6 млрд з мэтай рэалізацыі значных для краіны праектаў.

“І цяпер у нас праграма амаль на $1 млрд”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе выконваць дамоўленасці і абяцанні.

Старшы віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па аперацыйных пытаннях Кайл Пітэрс на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў, што, знаходзячыся ў Беларусі, змог убачыць, як будуюцца праграмы, якія Сусветны банк рэалізуе. “Усе праграмы рэалізуюцца вельмі якасна”, — падкрэсліў ён.

“Мой цяперашні візіт таксама звязаны з развіццём і зацвярджэннем новай краінавай праграмы для Беларусі на наступныя тры-чатыры гады”, — паведаміў Кайл Пітэрс. Старшы віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка дадаў, што цяпер на парадку дня — 9 праграм агульнай сумай амаль $1 млрд. Яны тычацца інфраструктуры, водазабеспячэння, энергетыкі, транспартнай сферы, пачынаецца супрацоўніцтва ў галіне адукацыі.