Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе выкараніць магчымасці для вывазу за мяжу драўніны па шэрых схемах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, заслухоўваючы даклад па пытаннях рэалізацыі на экспарт круглых лесаматэрыялаў.
“Паўстае яшчэ адно пытанне, якое ўзнімае перад прэзідэнтам стар шыня КДК, які курыруе лес: калі будзе пастаўлена жалезная заслона шэрым схемам, па якіх вывозіцца лес з краіны? Гэта я ў вас павінен запытаць, чаму па шэрых схемах да гэтага часу ў краіне нехта прадаваў учора або прадае сёння, можа, і заўтра неабразны лес?” — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Вы мяне інфармавалі, што камерсанты купляюць на ўнутраным рынку кубаметр хвойных за 30 еўра, надпілоўваюць бярвёны з тарцоў, апрацоўваюць непасрэдна ў лесе і пад выглядам нейкіх слупоў, калоў перапрадаюць фактычна неапрацаваную сыравіну за мяжу”, — адзначыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў аб адказнасці тых, хто дапускае такія факты.
Як дакладваюць прэзідэнту, дзякуючы такім маніпуляцыям у кішэнях некаторых дзялкоў аселі мільёны долараў. “У каго ў кішэнях? Чаму яны яшчэ ў іх у кішэнях, гэтыя долары, а не ў бюджэце краіны ў трайным або дзесяцікратным памеры?” — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
“Калі такія выпадкі ёсць, я хацеў бы, каб мы сёння на гэтую тэму скончылі размову. Усё, што павінна паступіць у кішэню дзяржавы, павінна паступіць. Усё павінна быць сумленна і прыстойна”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Як расказаў журналістам пасля нарады міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч, урадам прыняты ўжо меры, каб піловачнік не ішоў на экспарт пад выглядам калоў і слупоў. “Прынята пастанова аб ліцэнзаванні гэтых відаў прадукцыі”, — сказаў ён.
Міхаіл Амельяновіч растлумачыў, што адпаведная пастанова прынята ўжо ў снежні 2016 года і ўступіць у сілу з 1 лютага бягучага года.