Кіраўнік дзяржавы падтрымаў правядзенне ў Мінску Міжнароднай Ашчадбанкіяды

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку рабоце Ашчадбанка ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам старшынёй праўлення ПАТ “Ашчадбанк” Германам Грэфам.

“Удзячны вам за тое, што прадаўжаеце працаваць у Беларусі пры ўсіх праблемах у Расіі, у Беларусі. Тым не менш вы моцна стаіце на нагах. Бачу, што фізічных асоб сталі больш крэдытаваць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры ўдзеле Ашчадбанка прадаўжаецца і крэдытаванне эканомікі ў Беларусі. “Ідзе крэдытаванне эканомікі. Тэмпамі вышэйшымі за інфляцыю. Але паколькі ў банках ёсць ліквіднасць — і ў Расіі, і ў Казахстане, і ў Беларусі, то яны, безумоўна, гэтую ліквіднасць накіроўваюць на крэдытаванне насельніцтва. Галоўнае, каб у разумных межах”, — растлумачыў прысутны на сустрэчы старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур.

“Увогуле, тое, пра што мы некалі дамаўляліся, калі вы прыйшлі ў Бе­ларусь, вы цвёрда трымаеце. Я вельмі цаню вось гэтую вашу якасць: калі ўжо сказаў, значыць, зрабіў. Цяпер мала, на жаль, такіх людзей, якія трымаюцца свайго слова. Вы адзін з такіх, таму мне вельмі прыемна з вамі заўсёды сустракацца. Ведаю, што гэта будзе заўсёды на карысць”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзна­чыў правядзенне ў Мінску XIII летняй Міжнароднай Ашчадбанкіяды, падкрэсліўшы, што заўсёды падтрымлівае такія масавыя спартыўныя мерапрыемствы. Больш за тое, паспяховаму правядзенню гэтага мерапрыемства са­дзейнічае і інфраструктура ў Мінску, якая выкарыстоўвалася пры арганізацыі II Еўрапейскіх гульняў. “Якраз нам і рыхтавацца не трэба было — аб’екты і гэтак далей — усё было ў парадку, — заўважыў беларускі лідар. — Я наогул заўсёды падтрымліваю такія мерапрыемствы, таму што гэта не проста спартсмены за грошы выступаюць, а гэта людзі, якія сёння працуюць на вялікім прадпрыемст­ве Ашчадбанка. І вы арганізавалі ім такое свята, дзе яны могуць і сябе паказаць, і здароўе бясплатна атрымаць, і азнаёміцца бліжэй з Мінскам”.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на выгады беларускага боку ад правядзення Ашчадбанкіяды ў плане прыцягнення турыстычнага патоку. “Гэта людзі (удзельнікі Ашчадбанкіяды. — Заўв. БелТА.), якія актыўныя, раскажуць пра Беларусь шмат. Пасля прыедуць іх блізкія, родныя, сябры. Гэта вельмі выгаднае для Беларусі мерапрыемства. Таму я вам за гэта ўдзячны”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Ён дадаў, што Беларусь гатова прымаць не толькі такія спартыўныя форумы, якія праводзіць Ашчадбанк, але і іншыя мерапрыемствы. “Ведайце, што ў Беларусі ў вас ёсць надзейная апора”, — запэўніў прэзідэнт.

У сваю чаргу Герман Грэф па­дзякаваў за прыём і адзначыў вялікую падтрымку беларускага боку ў правядзенні Ашчадбанкіяды. “Усё працуе як гадзіннік. Цудоўная інфраструктура. Больш за 3 тысячы чалавек прыехалі і адчуваюць сябе тут вельмі камфортна”, — дадаў ён.

XIII летняя Міжнародная Ашчадбанкіяда 2019 года ПАТ “Ашчадбанк Расіі” праводзіцца ў Мінску з 15 па 21 ліпеня. У праграму Ашчадбанкіяды ўключаны спаборніцтвы па 12 відах спорту.