Кіраўнік дзяржавы патрабуе больш эфектыўнай работы з кадрамі і новых ідэй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад Адміністрацыі прэзідэнта прынцыпова змяніць стыль работы і наладзіць больш эфектыўную работу з кадрамі. Аб гэтым прэзідэнт заявіў, прымаючы з дакладам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца.

“У вас вельмі вялікая запазычанасць перад прэзідэнтам па прапрацоўцы кадравых пытанняў. Па суб’ектах гаспадарання, вызначальных прадпрыемствах фактычна няма кіраўнікоў не адзін дзень і не адзін тыдзень”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама даручыў з першага студзеня будучага года прынцыпова змяніць стыль і сістэму работы Адміністрацыі прэзідэнта. “Я ўвяду ў практыку (а вы вазьміце на кантроль) заслухоўванне раз у квартал кіраўніцтва адміністрацыі, якое прыйдзе да мяне і даложыць нейкія новыя ідэі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Прыму я іх ці не, — гэта ўжо мая справа і маё права, але ідэі гэтыя павінны быць — зямныя, прыземленыя, непрычэсаныя. Гэтыя ідэі павінны быць ад канкрэтных людзей. І прычэсваць іх на ўзроўні кіраўніка адміністрацыі і намеснікаў ні ў якім разе нельга. У адваротным выпадку ўсялякая творчасць і свабода дзеянняў знікае ў дзяржаўнага служачага”.

На сустрэчы разглядалася планаванне дзейнасці кіраўніка дзяржавы, у тым ліку ў сферах кадравай палітыкі, пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, нацыянальнай бяспекі, міжнароднай дзейнасці. “Зыходзячы з гэтага, мы абмеркавалі пытанні праекта плана на 2017 год. Ён даволі насычаны і ўключае ў сябе гэтыя напрамкі, ідэі, маштабныя мерапрыемствы, якія неабходна будзе разгледзець у кіраўніка дзяржавы ў частцы інвестыцыйнай палітыкі, развіцця аграпрамысловага комплексу, радыёэлектронікі, будаўнічага комплексу. Таксама гэта пытанні развіцця спорту, адукацыі, навукі, жыллёва-камунальнай сферы”, — расказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта па выніках даклада.

Паводле яго слоў, усё гэта будзе суправаджацца напружанай работай, звязанай з наведваннем рэгіёнаў, розных суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці.

Была разгледжана рэалізацыя даручэнняў, якія раней даваў кіраўнік дзяржавы ў частцы развіцця індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, мікрараёна Лябяжы ў Мінску, будаўніцтва комплексу “Мінск-Мір”, развіцця спорту і падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў.

У ліку пытанняў, што абмяркоўваліся на сустрэчы, было і выкананне прагнозных паказчыкаў, развіццё рэгіянальнай палітыкі.

Адной з тэм даклада стала аптымізацыя дзяржаўнага апарату кіравання і кадравыя пытанні. “Кадравы рэзерв падабраны практычна на ўсе ключавыя пасады. Заўсёды неабходна думаць аб амаладжэнні кадраў, аб тым, каб яны былі прафесійнымі і маглі выконваць пастаўленыя задачы для вырашэння задач развіцця нашай дзяржавы”, — падкрэсліў Аляксандр Косінец.

“Мы прайшлі па даволі вялікім спісе кандыдатур, якія на сённяшні дзень працуюць, узначальваюць прадпрыемствы, арганізацыі, установы, рэгіёны, галіны. Далі ім ацэнку. Перш за ўсё гэтую ацэнку даваў кіраўнік дзяржавы. Паглядзелі рэзерв на гэтыя пасады, і прэзідэнт застаўся задаволены той работай, якую праводзіць Адміністрацыя прэзідэнта з рэзервам кадраў па замяшчэнні вакантных пасад, падтрымцы перспектыўных маладых людзей, якія будуць і ўжо вырашаюць пастаўленыя задачы”, — дадаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Што тычыцца работы і прапаноў па аптымізацыі дзяржапарату, Аляксандр Косінец вылучыў тры складнікі: урад, міністэрствы і ведамствы; апарат абласных, раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў; кантралюючыя органы і сілавы блок. “Па кожным з гэтых напрамкаў Адміністрацыяй прэзідэнта ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы ў частцы аптымізацыі”, — заявіў ён.

Кіраўнік адміністрацыі падкрэсліў, што размова ў гэтым выпадку ідзе не аб механічным скарачэнні, аб неабходнасці вырашэння пастаўленых задач не колькасцю, а ўменнем.

“Ніхто не будзе некуды выведзены за арбіту дзейнасці. Будуць прадастаўлены рабочыя месцы. У снежні адбудзецца нарада ў кіраўніка дзяржавы, на якой будуць акцэнтаваны ўсе неабходныя пытанні, і з 1 студзеня мы пачнём аптымізацыю. Але ніхто не будзе пакрыўджаны. Усе будуць мець даволі добрую работу, а дзяржаўныя служачыя з падвоенай энергіяй будуць выконваць пастаўленыя задачы. Будуць забяспечаны матывацыя, прэстыж службы, што дасць эфектыўны вынік для будаўніцтва моцнай і квітнеючай Беларусі”, — рэзюмаваў Аляксандр Косінец.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *