Кіраўнік дзяржавы патрабуе вярнуць нафтаперапрацоўку ў флагманы развіцця

- 10:16Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб стратэгіі развіцця галіны.

“Няма неабходнасці яшчэ раз гаварыць аб важнасці гэтага пытання. Некалі я ўжо гаварыў, што гэтае пытанне блізкае незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны зрабіць усё, каб гарантаваць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны выпрацаваць план дзеянняў па вывядзенні нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існуючай дрэннай сітуацыі”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што нафтаперапрацоўка — гэта стратэгічная галіна краіны, доля якой у прамысловасці складае больш за 13 працэнтаў, а ў экспарце — амаль 17 працэнтаў. “Тым не менш яе ўклад у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дабаўленая вартасць нафтаперапрацоўкі ў ВУП у 2016 годзе складае ўсяго паўпрацэнта. Уклад двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як “Белтэлекам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у 2016 годзе з’явілася негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, сальда па выніках бягучага года ацэньваецца як адмоўнае. “Такая сітуацыя выклікае сур’ёзную апаску. Нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну”, — адзначыў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ва ўдасканаленне і мадэрнізацыю НПЗ укладзены немалыя грошы, а належнай аддачы да гэтага часу няма. На запланаваную ў 2015 годзе глыбіню перапрацоўкі нафты больш за 90 працэнтаў на сённяшні дзень так і не ўдалося выйсці.

Прэзідэнт канстатаваў, што на зніжэнне эфектыўнасці работы аб’ектыўна паўплывала сусветная кан’юнктура, значнае падзенне цэн на нафту. Разам з тым маюць месца і пралікі па вызначэнні стратэгіі развіцця галіны, адсутнасць дакладнай праграмы дзеянняў урада па гэтым пытанні.

“Некампетэнтная падрыхтоўка праектаў, няправільнае размеркаванне сіл і сродкаў прывялі да павелічэння кошту і тэрмінаў будаўніцтва (па асобных праектах аж да пяці гадоў). Выклікае сумненне, што ў дэкларуемым 2019 годзе мы канчаткова завершым мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што айчынныя прадпрыемствы аказаліся не гатовы працаваць у новых умовах сусветных цэн на нафту, хоць павінны былі дзейнічаць на апярэджанне. “А цяпер “Нафтан” ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы”, — заўважыў ён.

Перад удзельнікамі нарады прэзідэнт паставіў шэраг ключавых пытанняў: якая эканамічная сітуацыя на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах і што чакаецца па выніках года, якой бачыць урад стратэгію развіцця ўсёй галіны ў новых рыначных умовах на доўгатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектыву.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, колькі часу і сродкаў спатрэбіцца для завяршэння мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэння эфектыўнасці галіны, якія запланаваны крыніцы фінансавання.

“Майце на ўвазе, на першым месцы павінна быць эканоміка нафтаперапрацоўкі, выніковасць яе работы”, — папярэдзіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры ўзгадненні назначэння новых дырэктараў “Нафтана” і Мазырскага НПЗ ім ставіліся дакладныя задачы па выпрацоўцы праграм дзеянняў у рэальнай сітуацыі. “Часу прайшло дастаткова, каб унікнуць у сутнасць справы. Я іх папярэджваў, што стаць у старую каляіну і каціць па наезджанай (а я гэта бачу з вашых прапаноў на сённяшні дзень) не атрымаецца”, — дадаў прэзідэнт.