Кіраўнік дзяржавы ў цэлым станоўча ацаніў вынікі работы сілавых структур

- 10:10Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Вынікі работы сілавога блока краіны за паўгоддзе абмеркаваны ў ходзе сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з дзяржсакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся бягучай сітуацыяй у рабоце сілавых ведамстваў і тымі праблемамі, якія існуюць. “Хацеў бы, каб вы праінфармавалі аб пытаннях функцыянавання ўсёй сілавой сістэмы дзяржавы аб тым, што насцярожвае, на што трэба звярнуць увагу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, прэзідэнт спытаў аб выніках нядаўна праведзенай сістэмнай праверкі ў пагранічных войсках, у ходзе якой былі не толькі адзначаны станоўчыя моманты, але і выяўлены недахопы. “Якія тут вашы прапановы? Што адбываецца ў іншых падраздзяленнях, напрыклад, Міністэрстве абароны?” — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся меркаваннем Дзяржсакратарыята наконт аптымізацыі сілавога блока краіны. Прэзідэнт у якасці прыкладу прывёў Узброеныя Сілы: “Мы дамаўляліся, што там будзе не больш як 65 тысяч чалавек. Тое, што мы абяцалі, трэба рабіць, пры гэтым не сумнявацца, што абараназдольнасць у нас павінна быць на адпаведным узроўні”.

Прэзідэнту былі даложаны асноўныя вынікі работы сілавых ведамстваў. У цэлым сілавыя структуры забяспечылі неабходныя ўмовы для ўстойлівага функцыянавання дзяржаўных, грамадскіх інстытутаў, а таксама правапарадак, абарону інтарэсаў і правоў грамадзян краіны.

У ходзе сустрэчы вялікая ўвага была ўдзелена гарантаванню бяспекі грамадзян і абароне іх ад небяспекі тэхнагеннага, прыроднага характару, што асабліва актуальна з улікам умоў надвор’я ў апошнія месяцы. Як далажыў дзяржсакратар, дасягнуты станоўчыя вынікі па ўсіх асноўных напрамках дзейнасці — гэта датычыцца забеспячэння правапарадку, недапушчэння росту злачыннасці (ідзе яе зніжэнне), бяспекі на дарогах і абароны людзей ад пажараў, няшчасных выпадкаў на вадаёмах.

Кіраўнік дзяржавы ў цэлым станоўча ацаніў вынікі работы сілавых структур за гэты перыяд. Было прынята рашэнне, што вынікі праверкі пагранведамства будуць разгледжаны на асобнай нарадзе з удзелам прэзідэнта.