Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер навука з’яўляецца найважнейшым рэсурсам для ўздыму цэлых галін. На гэта ён звярнуў увагу, уручаючы дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.
“Новыя распрацоўкі даюць магчымасць істотна эканоміць рэсурсы і энерганосьбіты, дапамагаюць знізіць сабекошт прадукцыі і зрабіць яе канкурэнтаздольнай на знешніх рынках”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, не страчвае актуальнасці і тэма імпартазамяшчэння. “Нам важна вырабляць тавары не проста больш якасныя і даступныя, але і якія максімальна адпавядаюць патрэбам спажыўца, адаптаваныя да нашай рэсурснай базы і ўмоў эксплуатацыі”, — лічыць прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ва ўсім свеце сёння складваюцца вельмі няпростыя эканамічныя ўмовы, сур’ёзныя цяжкасці маюць гандлёвыя партнёры Беларусі, канкурэнты. “Будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад таго, як мы будзем паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі: апусцім рукі, пачнём панікаваць, крычаць гвалт або будзем шукаць перспектыўныя шляхі вырашэння існуючых праблем, — сказаў прэзідэнт. — Нездарма кажуць, што ў цяжкі час адкрываюцца вялікія магчымасці”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што работа вучоных можа і павінна прыносіць максімальную аддачу, у тым ліку матэрыяльную. “Акрамя таго, для любога вучонага важна бачыць відавочныя вынікі сваёй працы і карысць, якую ён прыносіць людзям і краіне”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць развіцця фундаментальнай навукі, паколькі ў ёй ключ да будучых адкрыццяў, тэхналогій, інавацый. На думку прэзідэнта, трэба падтрымліваць айчынныя навуковыя школы як залог прадаўжэння лепшых традыцый беларускіх вучоных, захавання і перадачы ведаў ад старэйшых калег малодшым.
Таксама кіраўнік дзяржавы паставіў задачу нацэльваць маладых вучоных на распрацоўкі па актуальных і запатрабаваных тэмах. На думку прэзідэнта, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрству адукацыі, універсітэтам і іншым ВНУ трэба павысіць эфектыўнасць работы аспірантуры, нацэліць будучых вучоных на актуальныя і запатрабаваныя жыццём сферы дзейнасці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівай увагі патрабуе развіццё дактарантуры — важнай ступені навуковага росту. “Пры вызначэнні тэматыкі дысертацый і правядзенні даследаванняў важна ўлічваць перспектыўныя для рэспублікі напрамкі. Сёння мы адчуваем недахоп навуковых кадраў па шэрагу запатрабаваных спецыяльнасцей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што для паспяховага функцыянавання кожнай галіны рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання павінны правільна планаваць, суправаджаць і кантраляваць падрыхтоўку неабходных ім спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі.
“Вопыт апошніх гадоў паказвае, што нам пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы. У нас наладжана сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў, і мы працягваем яе ўдасканальваць”, — падкрэсліў прэзідэнт. Толькі ў мінулым годзе 48 чалавек сталі дактарамі і 513 — кандыдатамі навук, званне прафесара атрымалі 50, а дацэнта — амаль 400 саіскальнікаў.
Асобна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка спыніўся на падрыхтоўцы якасных падручнікаў для школ і ВНУ. “Ні для каго не сакрэт, што ў нас нямала вучэбнай літаратуры, якая не адпавядае сучасным патрабаванням як па форме, так і па змесце, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вось што нам перашкаджае напісаць нармальныя падручнікі?”
“Нам неабходны якасныя падручнікі! Я ўжо гэта паўтараю не першы раз! І абяцаю вам, што гэты год будзе пераломным, — падкрэсліў прэзідэнт. — Я хачу, каб і начальнікі, і вы гэта пачулі! Хопіць аб гэтым гаварыць! Няма добрых падручнікаў — не будзе дактароў і прафесараў у будучым!”
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што якасныя падручнікі для школ і ВНУ неабходны па шэрагу прадметаў, але ў першую чаргу па гісторыі. “Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, дакладна выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытанні развіцця нашай гісторыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Што кідаецца на першы погляд? Бярэш падручнік у рукі, паглядзіш на яго афармленне, асабліва на шрыфт, я ўжо не кажу пра тэкст, пра змест, — агідна ўзяць у рукі! — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Падручнік трэба браць у рукі і цаніць яго. Ён павінен быць зручным для вывучэння. Хаця б той “чохавы” тэкст, дзе ўсё дробным шрыфтам зверху данізу напісана, ну хоць бы неяк яго размясцілі на старонцы, выдзеліўшы галоўнае: недзе ў слупок, недзе расцягнуўшы па старонцы і гэтак далей… Няўжо шкада лішні дзясятак лістоў, на якія павялічыўся б гэты падручнік, каб выкласці нармальна матэрыял? Гэта ж акупіцца! Я ўжо не кажу пра тую паперу, на якой некаторыя падручнікі друкуюцца”.
Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць і выкладаннем матэрыялу.
“Павінен сказаць ураду і Міністэрству адукацыі: вы проста халатна, безадказна да гэтага падыходзіце! Па-наплявацельску! Гэтага быць не павінна!” — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даўно даваў адпаведнае даручэнне. “Новае кіраўніцтва Міністэрства адукацыі назначалася зыходзячы і з гэтага. Мы туды накіравалі намесніка міністра, які непасрэдна ведае ідэальна школу. Літаральна на працягу трох месяцаў вы павінны будзеце мяне праінфармаваць аб выкананні тых даручэнняў і тых задач, якія ўжо наспелі перад школай. Я не кажу аб ВНУ, якія вы ведаеце лепш за мяне. Там таксама праблем дастаткова! І там не дзеткі да 17 гадоў! Там могуць паглядзець у падручнікі і ацаніць больш строга, чым я!” — сказаў прэзідэнт.