Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў канцэптуальныя падыходы знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Аптымізацыя ў МЗС і развіццё знешнеэканамічнай дзейнасці абмяркоўваліся на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

“Вы хацелі абмеркаваць са мной пытанні аптымізацыі МЗС. Калі там ёсць нейкія нестыкоўкі, няўзгодненасці, я гатовы (абмеркаваць. — Заўвага БелТА.), каб мы канчаткова маглі прыняць рашэнне”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу яго цікавіць тэматыка знешнеэканамічнай дзейнасці. “У першым прыбліжэнні я знаёмы з вынікамі. Але ў вас гэта больш дакладная інфармацыя. І некалькі слоў аб перспектывах у плане дыверсіфікацыі знешняга гандлю, дзейнасці нашых пасольстваў”, — сказаў прэзідэнт.

Як далажыў Уладзімір Макей, у развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці па выніках 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. “Экспарт вырас на 23 працэнты. Прычым на дзве трэці гэта адбылося за кошт росту цэн, але на адну трэць — за кошт фізічнага росту экспарту. Таму ў цэлым гэта можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

“Дасканалы аналіз сведчыць аб тым, што не трэба самазаспакойвацца. Што тычыцца дыверсіфікацыі, тут зрухі таксама ёсць, але наперадзе яшчэ вельмі шмат работы”, — адзначыў міністр.

Міністр замежных спраў Беларусі адзначыў таксама, што ў развіцці беларускай знешнеэканамічнай дзейнасці прысутнічаюць як поспехі, так і шэраг праблемных момантаў.

“Ніколі не трэба спыняцца на дасягнутым, і прэзідэнт сёння яшчэ раз звярнуў на гэта ўвагу. Так, ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі, але мы павінны разумець, што гэта адбываецца ў тым ліку дзякуючы ў цэлым спрыяльнай эканамічнай кан’юнктуры ў свеце. Ёсць і заслугі нашых канкрэтных экспарцёраў, галін, МЗС у тым, што адбыўся рост экспарту і тавараабароту з іншымі краінамі”, — адзначыў міністр па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

Паводле яго слоў, прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць прааналізаваць усе аспекты знешнеэканамічнай дзейнасці і звярнуць увагу на недапрацоўкі.

“Кіраўніком дзяржавы ў свой час была пастаўлена задача па дыверсіфікацыі нашай знешнеэканамічнай дзейнасці. Так, сёння пэўныя зрухі адбыліся, але мы не дасягнулі тых паказчыкаў, якія былі вызначаны прэзідэнтам. Над гэтым трэба будзе працаваць”, — канстатаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

У тым ліку для выканання гэтай задачы МЗС заключыла адпаведныя пагадненні аб узаемадзеянні з усімі рэгіёнамі, галіновымі міністэрствамі і ведамствамі, пастаўлены задачы службовым асобам, замацаваным за канкрэтнымі краінамі, па нарошчванні экспарту. “З 58 краін, дзе знаходзяцца нашы загранустановы, толькі па 9 краінах назіраецца зніжэнне экспарту. Гэта значна лепш за вынікі мінулага года”, — сказаў Уладзімір Макей.

МЗС плануе ў лютым правесці падагульняльную калегію, на якую будуць запрошаны прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў-экспарцёраў. На мерапрыемстве будзе дадзена ацэнка вынікам работы за мінулы перыяд і пастаўлены задачы на перспектыву.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай сустрэчы ўзгадніў канцэптуальныя падыходы знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці краіны на 2018 год.

“Прэзідэнт праінфармаваны аб выніках работы міністэрства за мінулы год. І, самае галоўнае, з кіраўніком дзяржавы былі ўзгоднены канцэптуальныя падыходы нашай знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці на гэты год і на найбліжэйшы перыяд”, — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, узгоднены падыходы па развіцці адносін з Еўрасаюзам. “Даложана аб той сітуацыі, якая склалася на гэты момант у нашых адносінах, аб пэўных існуючых праблемных пытаннях. Узгоднены дакладныя падыходы па развіцці на перспектыву”, — сказаў Уладзімір Макей.

Абмяркоўваўся таксама графік замежных візітаў кіраўніка дзяржавы ў бягучым годзе і на найбліжэйшы перыяд. Прэзідэнт праінфармаваны аб важных міжнародных мерапрыемствах, якія плануецца правесці ў Беларусі ў 2018 годзе. “Іх будзе некалькі. Плануецца, што ў іх прымуць удзел і прадстаўнікі высокага ўзроўню. Гэта ў рамках канферэнцыі АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам. Мы плануем правесці таксама адно з важных мерапрыемстваў у рамках Мюнхенскай нарады па бяспецы”, — расказаў міністр.

Акрамя таго, чакаецца адкрыццё мемарыяла ў Трасцянцы. У мерапрыемстве плануецца ўдзел у тым ліку кіраўнікоў шэрага замежных дзяржаў.

Уладзімір Макей таксама паведаміў, што ў ходзе сустрэчы праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку аб выніках аптымізацыі знешнепалітычнага ведамства.

“Скарачэнне ўжо адбылося. Цэнтральны апарат скарочаны прыкладна на трэць. І загранустановы на 15 працэнтаў”, — сказаў міністр па выніках даклада.

Паводле яго слоў, падыходы з кіраўніком дзяржавы адносна аптымізацыі дзейнасці МЗС і сістэмы дыпламатычнай службы ў цэлым былі ўзгоднены яшчэ раней. “Была пастаўлена задача працаваць не колькасцю, а ўменнем. У выніку на сёння цэнтральны апарат МЗС значна скарочаны. Але гэта ні ў якім разе не дазваляе гаварыць, што эфектыўнасць дзейнасці знізілася. Наадварот, мы выбудавалі структуру нашага цэнтральнага апарату такім чынам, што гэта дае магчымасць эфектыўна вырашаць тыя задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы”, — адзначыў Уладзімір Макей.

Аналагічны падыход прымяняецца адносна загранустаноў. “У бягучым годзе трэба будзе аптымізаваць іх работу. Будуць скарочаны некалькі загранустаноў”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Ён удакладніў, што будзе ўдзелена большая ўвага рабоце ў тых краінах, узаемадзеянне з якімі дае большую аддачу. “Таму кіраўніку дзяржавы былі даложаны падыходы адносна далейшага ўдасканалення работы нашых загранустаноў. Гэтыя падыходы адобраны, і даручана ўдзяляць асаблівую ўвагу рабоце ў апорных кропках на ўсіх кантынентах”, — расказаў Уладзімір Макей.

Прэзідэнт таксама даручыў у кантэксце аптымізацыі распрацаваць сістэму маральнага стымулявання супрацоўнікаў дыпламатычнай службы. “Мы працуем над гэтым. У наступным годзе плануецца адзначыць 100-годдзе з дня стварэння дыпламатычнай службы Беларусі. Прэзідэнт даручыў унесці канкрэтныя прапановы наконт гэтага”, — сказаў міністр.