Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў пашырыць вытворчасць рыбы

- 10:48Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў, наведваючы ў Касцюковіцкім раёне фарэлевую гаспадарку “Лахва”.

“Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі добрыя, рынкі ёсць. Трэба актуалізаваць гэтую праграму і ўнесці мне канкрэтныя прапановы — дзе будзем будаваць і што. І як мінімум трэба падвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне”, — сказаў прэзідэнт.

Прэзідэнт дэталёва цікавіўся работай гаспадаркі: тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца, рэнтабельнасцю, аб’ёмамі вытворчасці, наяўнасцю рынкаў. У першую чаргу кіраўніка дзяржавы цікавілі магчымасці далейшага развіцця. “Калі ёсць, трэба рабіць хутчэй”, — сказаў ён.

Як далажылі прэзідэнту, магчымасці для пашырэння вытворчасці ёсць. Рыбная прадукцыя, і ў прыватнасці фарэль, запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. У 2019 годзе чаканая вытворчасць рыбы ў краіне складзе 16,6 тысячы т, у той жа час у Беларусь штогод імпартуецца 180 тысяч т з улікам патрэбнасцей перапрацоўкі і наступнага экспарту.

Па выніках наведвання фарэлевай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў неабходнасц­ь прадумаць перспектыву, у тым ліку на базе дзеючых рыбгасаў. “Мне гэтая вытворчасць вельмі падабаецца. Нічога складанага, толькі неабходна выконваць тэхналогію. Трэба рабіць з улікам ужо існуючага вопыту, каб усюды было эканомна і разумна”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці прадугледжана адной з падпраграм Дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады. На адпаведны перыяд вызначаны аб’ём вытворчасці рыбных рэсурсаў у водных аб’ектах краіны, які на 2018 год склаў 14,9 тысячыч т, на 2019 год — 16,5 тысячы т, на 2020 год — 18,2 тысячы т. Гэтыя планы выконваюцца з перавышэннем. Так, у 2018 годзе атрымана 16,1 тысячы т, або 108 працэнтаў да задання, а ў 2019 годзе чаканая вытворчасц­ь рыбы складзе 16,6 тысячы т, або 100,6 працэнта да задання.

У структуры вытворчасці сажалкавай рыбы 79,5 працэнта займае карп. Да 2025 года для зніжэння сабекошту вырошчвання за кошт зніжэння выкарыстання канцэнтраваных кармоў плануецца нарасціць аб’ём расліннаедных відаў рыб (таўсталобіка і белага амура) да 28 працэнтаў у структуры вырошчваемай рыбы за кошт зніжэння долі карпа да 55 працэнтаў. Прыняты ў Беларусі напрамак на развіццё індустрыяльнага рыбаводства знайшоў адлюстраванне ў будаўніцтве новых для краіны рыбаводных гаспадарак па вырошчванні каштоўных відаў рыб з выкарыстаннем установак замкнёнага водазабеспячэння. Гэта ў асноўным фарэль, асятровыя і сом. У структуры вытворчасці пераважае фарэль — больш за 80 працэнтаў.

Акрамя таго, адным з новых відаў рыбнай прадукцыі ў Беларусі з’яўляецца вытворчасць чорнай ікры. Гэтым цяпер займаюцца два прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.