Ва ўстановах адукацыі Камянеччыны працуюць 19 кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. З гэтымі абавязкамі паспяхова спраўляюцца і жанчыны. Сярод іх — Ганна Асіпук з сярэдняй школы № 2 Камянца імя А.І.Самуйліка. Педагог не лічыць, што займаецца не жаночай справай, і даказала гэта ўласным прыкладам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Любоў і павагу да абаронцаў Айчыны ў мяне выхавалі з дзяцінства, — гаворыць педагог. — І гэта не дзіўна: бацька, брат і стрыечны дзядзька прысвяцілі жыццё службе ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Гледзячы на родных, хацелася даказаць, найперш сабе, што і дзяўчына можа насіць ваенную форму, а яшчэ — каб тата ганарыўся дачкой.
Аднак бацькі выхавалі ў яе не толькі павагу да людзей у пагонах. Любоў да прыроды прывяла ўчарашнюю школьніцу спачатку на біялагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе яна скіравала ўвагу на біяэкалогію, таксама звязаную з абаронай, але толькі навакольнага асяроддзя. Вучыцца Ганне падабалася, і аб сваім выбары яна не шкадавала.
Тым не менш пасля заканчэння ўніверсітэта малады педагог нядоўга затрымалася ў Дзмітровіцкай сярэдняй школе Камянецкага раёна, куды з-за адсутнасці профільнай вакансіі ўладкавалася выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Дзіцячая мара пра ваенныя пагоны яе не пакідала. Наступныя 5 гадоў былы камандзір школьнага атрада “зарнічнікаў” Ганна Асіпук, якой заўсёды вельмі падабалася дысцыпліна, служыла па кантракце ў Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групе імя Ф.Э.Дзяржынскага, дзе прайшла шлях ад радавога да старшыны і пры гэтым паспела яшчэ атрымаць другую вышэйшую адукацыю на юрыдычным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна.
— Служба цікавая, але нялёгкая, калі ўлічваць яе спецыфіку, — прызнаецца педагог. — Невядома, як доўга яшчэ працягнуўся б мой “раман” з граніцай, каб не нараджэнне дачкі, што прымусіла пакінуць службу.
Ганна Мікалаеўна зноў вярнулася ў Дзмітровіцкую сярэднюю школу, дзе да ранейшых абавязкаў выхавальніцы ГПД дабавіліся абавязкі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Работа не менш адказная, чым ахоўваць дзяржаўную мяжу.
У 2-й школе Камянца Ганна Асіпук працуе трэці год. З асаблівымі цяжкасцямі ў прафесійным станаўленні яна не сутыкалася, хаця даводзіцца адначасова сумяшчаць пасады кіраўніка ВПВ, настаўніцы біялогіі і класнага кіраўніка.
— Нагрузка вялікая, але любоў да дзяцей дапамагае справіцца з усім, — заўважае Ганна Мікалаеўна, якая звязвае сваю прафесійную будучыню з сістэмай адукацыі.
Летась у школе быў адкрыты ваенна-патрыятычны клуб міліцэйскай накіраванасці “Вежа”, дзе пад кіраўніцтвам педагога займаюцца каля 20 вучняў 6—10 класаў. Яны асвойваюць страявую, асновы агнявой і медыцынскай падрыхтоўкі, а таксама ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, у тым ліку прафарыентацыйнага кірунку.
Жадаючых стаць “вежаўцамі” хапае. Ім у клубе падабаецца. На рахунку школьнікаў — дыплом І ступені, атрыманы па выніках раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, і дыплом ІІ ступені абласнога злёту ваенна-патрыятычных клубаў “Юная граніца”. І гэта ўсяго толькі менш чым за год дзейнасці клуба!
З яго кіраўніком “вежаўцам” пашанцавала. 32-гадоваму педагогу ўдалося зацікавіць выхаванцаў і заваяваць у іх аўтарытэт, якім можа пахваліцца не кожны мужчына.
— Вучу дзяцей быць удзячнымі старэйшаму пакаленню за мірнае неба над галавой, любіць малую радзіму, ведаць гісторыю і засвойваць яе ўрокі, — гаворыць Ганна Мікалаеўна. — А змену для клуба рыхтуем ужо з дзіцячага сада. Актыўна выступаем і перад малодшымі школьнікамі.
Дзейнасць кіраўніка ВПВ адзначана пакуль толькі граматай раённага аддзела па адукацыі, але можна не сумнявацца, што скарбонка дасягненняў Ганны Асіпук будзе імкліва папаўняцца новымі ўзнагародамі. Патэнцыял для гэтага ў яе ёсць.
Педагогу падабаецца вучыцца і пашыраць свой кругагляд, што пацвярджаюць не толькі два дыпломы аб вышэйшай адукацыі і пагранічная служба. Нават у дэкрэтным водпуску Ганна Мікалаеўна паспела атрымаць некалькі спецыяльнасцей у б’юці-сферы. У вольны час займаецца фітнесам, а вакальныя здольнасці дапамагаюць ёй вучыць выхаванцаў любіць Радзіму праз патрыятычныя песні.
Думаецца, дзіцячая мара Ганны Асіпук здзейснілася. Праўда, з важкім удакладненнем: ёй заслужана ганарацца і тата, і вучні, якіх яна любіць і для якіх стала прыкладам вернасці сваёй справе і ідэалам, засвоеным змалку ў дружнай сям’і.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ