Забываць пра жахі вайны — небяспечная і шкодная тэндэнцыя: з дзецьмі неабходна пра гэта гаварыць, прычым як мага больш, — лічыць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сталічнай школы № 90 Алена Данілюк. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Сваімі вачыма
Адразу скажу, што жанчыну на такой пасадзе, па меншай меры ў Мінску, адшукаць было няпроста — у асноўным гэтую дысцыпліну выкладаюць мужчыны. Але Алене Данілюк, можна сказаць, сам лёс загадаў тут апынуцца: яна служыла ў арміі — калі была яшчэ дзяўчынкай, марыла пра вайсковую форму. Пра армейскі побыт педагог ведае ўсё і расказвае пра гэта дзецям.
— Мая задача, — гаворыць яна, — не толькі навучыць школьнікаў страявой падрыхтоўцы, аказанню першай дапамогі, асновам хімічнай і біялагічнай абароны, але і паказаць ім, што ў арміі служыць пачэсна. Што Радзіму, акрамя іх саміх, ніхто не абароніць. Што маладыя хлопцы, у рэшце рэшт, абавязаны служыць.
Каб паказаць дзецям рэальную карціну службы ў арміі, Алена Данілюк па ўласнай ініцыятыве збірае дзяцей — усіх жадаючых, пачынаючы з 6 класа — і возіць іх па вайсковых часцях. Таксама праводзіць у школе так званыя гістарычныя ўрокі — запрашае на сустрэчу з навучэнцамі сапраўдных вайскоўцаў. Тых, хто можа без прыкрас расказаць дзецям, што такое вайна.
— Толькі што да нас прыходзіў падпалкоўнік кіраўнік папраўчай установы адкрытага тыпу № 36 Аляксей Талайка, — расказвае Алена Іванаўна. — Думаю, размову з ім дзеці не хутка забудуць. Ён адказаў на ўсе іх пытанні, а гэтых пытанняў было шмат, гутарыў з імі не толькі пра Вялікую Айчынную вайну, але і пра сучасныя вострыя канфлікты. Паказваў школьнікам рэальныя жорсткія фотаздымкі ваенных часоў — яны павінны іх бачыць сваімі вачыма. Расказваў пра нашых герояў — дзеці сядзелі як зачараваныя. А пасля ўрока падпалкоўнік з кожным хлопчыкам пагутарыў асабіста! Прыходзілі да нас на гутарку з дзецьмі і маёр М.Е.Савановіч, маёр Д.А.Ванчук і іншыя.
Алена Данілюк запрашае на сустрэчу з дзецьмі і ветэранаў вайны ў Афганістане, якія расказваюць пра тую страшную вайну і пра сябе, дзеляцца поглядамі, прыносяць і паказваюць рэальныя артэфакты афганскай вайны, якія захоўваюць усё жыццё. У планах педагога — наведаць з дзецьмі вайсковую часць у Мачулішчах, каб яны паглядзелі ўнікальны музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам, макеты танкаў. А таксама рэальны самалёт, які лятаў у небе над Афганам. Па словах Алены Іванаўны, такія экскурсіі прывабліваюць не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. Дарэчы, на такіх мерапрыемствах іх заўсёды прыкладна 50 на 50.
Больш практыкі
— Многія з маіх навучэнцаў адкрыта заяўляюць: пойдзем служыць, — гаворыць Алена Данілюк. — Цікавяцца ваеннай кар’ерай. Ужо ёсць тыя, хто вызначыўся і будзе паступаць у Ваенную акадэмію. Некаторыя прымаюць такое рашэнне адразу пасля некалькіх заняткаў. Але асаблівае ўражанне на дзяцей, вядома, аказваюць экскурсіі, напрыклад, у казарму. Там яны бачаць увесь побыт армейцаў: як яны засцілаюць ложак, як вучацца страляць, што ядуць — мы абавязкова наведваем сталовую, знаёмімся з армейскім рацыёнам. З дзецьмі ходзім у цір, а таксама займаемся прывядзеннем у парадак помнікаў воінам-героям. Напрыклад, Герою Савецкага Саюза бортмеханіку Цімафею Рамашкіну — гэта герой мірнага часу, які загінуў, але не даў бандытам захапіць пасажырскі самалёт. Помнік устаноўлены ў скверы каля былога аэрапорта Мінск-1: наша школа знаходзіцца ад яго недалёка.
На пытанне, што можна было б дадаць да сучасных урокаў патрыятычнага выхавання, бо справа гэта адносна новая, педагог заўважае: больш практыкі. Больш паходаў, экскурсій, каб можна было на свае вочы ўбачыць ці памацаць зброю ці танк.
— Бачылі б вы, як нашым дзяўчынкам падабаюцца танкі! — усміхаецца Алена Іванаўна. — А педагогу, са свайго боку, трэба зразумець, што цікавіць дзяцей, каб ім было нясумна, недзе стаць на іх узровень. Добра, што зараз ёсць шмат метадычных рэкамендацый, дапаможнікаў для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Прадмет гэта новы, але актыўна развіваецца, дапаўняецца.
Праводзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў — дні адкрытых дзвярэй у Ваеннай акадэміі, на ваенна-тэхнічным факультэце ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, сустрэчы з дзецьмі ў кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Школьнікам расказваюць пра сацыяльныя гарантыі для паступіўшых, перавагі для будучых студэнтаў, новыя спецыяльнасці.
Алена Данілюк па ўласнай ініцыятыве возіць дзяцей па вайсковых часцях, праводзіць у школе гістарычныя ўрокі, запрашае на сустрэчу з навучэнцамі вайскоўцаў.
У некаторых краінах замежжа сёння існуе небяспечная практыка не размаўляць з дзецьмі пра вайну. Нават цацачная зброя ў садах і школах забаронена, дарослыя ўсяляк стараюцца адвесці дзяцей ад тэмы вайны, смерці, нібыта гэта заўсёды недзе далёка ці наогул было даўно і няпраўда. Дыстанцыруюцца ад гэтай тэмы і самі.
— І вельмі шкада, дзеці павінны ведаць пра вайну, а як інакш яны будуць цаніць мір, нашу спакойную Беларусь? — разважае педагог. — Не трэба баяцца паказваць ім фота, вучыць шанаваць памяць продкаў, якія абаранялі нашу зямлю — кожны год 9 мая мы праводзім Дзень памяці, калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыносяць партрэты родных, якія ваявалі. Наогул, слова “вайна” не павінна быць нечым абстрактным.
Нейкага сакрэтнага слова, каб заахвоціць хлопцаў служыць, у педагога няма. Яна ўпэўнена, што перш за ўсё трэба заваяваць у іх аўтарытэт, каб яны пачалі цябе слухаць. А потым ужо з імі працаваць. Вось і зараз, як і кожную вясну, Алена Данілюк наведвае са школьнікамі Ваенную акадэмію, вайсковыя часці, праводзіць прафарыентацыю, каб кожны знайшоў для сябе свой стымул.
“Жанчын тут няма”
— Памятаю, як наш камандзір у арміі казаў: “Жанчын у нас няма — ёсць ваеннаслужачыя”, — успамінае Алена Іванаўна. — Усе нарматывы для нас былі даволі складаныя, ненамнога лягчэйшыя, чым у мужчын. Як апынулася на службе? Можна сказаць, выпадкова. Я скончыла Гомельскі дзяржаўны каледж гандлю і паслуг, потым лёс прывёў у Мінск, дзе мяне і запрасілі служыць у вайсковую часць № 29766, у страявы аддзел. Служыць мне спадабалася. Былі ў мяне і начныя змены: што гаварыць, было цяжкавата. З часам з’явілася дзіця, бабуль не было побач, каб дапамагаць, прыйшлося пакінуць службу. Але ў гэты час мне пашчасціла трапіць у нашу 90-ю школу, на пасаду намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце. Зараз вось, дзякуючы свайму вопыту, займаюся ваенна-патрыятычным выхаваннем школьнікаў. Дарэчы, дачка мая таксама стала педагогам — працуе ў нашай 90-й школе настаўніцай малодшых класаў.
Алена Іванаўна заўважае, што ў яе сям’і ваенных не было, але два яе дзяды ваявалі ў Вялікую Айчынную, прайшлі ўсю вайну і выжылі. Маці яшчэ запомніла цяжкі пасляваенны час, а бацька, хоць і быў малы, добра памятае вайну.
— Ён шмат мне пра яе расказваў, — успамінае Алена Данілюк. — Пра тое, як немцы з іх хаты зрабілі ваенны штаб, як звезлі яго маленькіх братоў і сястрычак (а ўсяго іх у сям’і было 9 дзяцей), каб забіраць у іх кроў. Так, з усіх малых застаўся толькі ён адзін. Жылі яны ў вёсцы Змяёўка Жлобінскага раёна. Не можа забыць бацька галодныя часы, калі разам з іншымі дзецьмі збіраў мерзлую бульбу, моркву, каб пракарміцца. І да гэтых часоў ён вельмі трапятліва адносіцца да ежы, не можа выкінуць ні кавалачка хлеба. Зараз бацьку ўжо 86 гадоў, ён хворы, але трымаецца, я яго даглядаю.
Педагог звяртае ўвагу, што пэўныя трагічныя гісторыі той жудаснай вайны ёсць у кожнай сям’і, а значыць, дзеці павінны іх ведаць з маленства — гэта задача бацькоў. А справа педагогаў, усіх — не толькі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні — зрабіць так, каб нашы будучыя салдаты былі гатовы да абароны роднай зямлі кожны дзень. І зараз, у Год міру і стварэння, не забываліся, што вайна і мір заўсёды ідуць побач.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА