Кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні Віктар Міхалоўскі з вучнямі адкрывае малавядомыя факты ваеннай гісторыі

- 15:14Уроки мужества

Кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні Нацкай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Віктар Віктаравіч Міхалоўскі сам зацікавіўся пошукавай дзейнасцю і захапіў дзяцей. Нават урокі гісторыі і геаграфіі, а часам і нямецкай мовы пачынае з цікавых краязнаўчых фактаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Імя воіна-земляка

Віктар Віктаравіч працуе ў Нацкай школе 5 гадоў, а да гэтага на працягу 31 года ўзначальваў Радунскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця і вывеў яе ў лік лепшых устаноў такога тыпу не толькі нашай краіны. Ён узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, шматлікімі граматамі.

Доўгі час Віктара Віктаравіча хваляваў лёс земляка з вёскі Бялюнцы Воранаўскага раёна, былога вучня Радунскай школы-інтэрната Франца Пятровіча Лужыса, які 27 чэрвеня 1980 года загінуў у Афганістане. Не было дакладных звестак пра тое, дзе і пры якіх акалічнасцях на Афганскай вайне абарвалася жыццё малодшага сяржанта. Да пошукавай работы педагог прыцягнуў навучэнцаў. Спрабавалі дапамагчы спонсары — члены міні-футбольнага клуба “УУС-Дынама” Гродна, але безвынікова. Аднак, дзякуючы намаганням, удалося знайсці аднаго, а потым і іншых таварышаў па службе Ф.Лужыса з розных гарадоў. Так пошукавікі сабралі дакладную інфармацыю пра час службы Франца на афганскай зямлі, пра апошнія мінуты яго жыцця. Таварышы па службе нават прыяз­­джалі ў Нацкую сярэднюю школу, пабывалі на магіле воіна ў вёсцы Бялюнцы.

Віктар Міхалоўскі тлума­чыць, чаму яго зацікавіў лёс Франца Лужыса:

— Па-першае, ён ураджэнец Воранаўскага раёна і адзіны загінулы ў Афганістане з нашых землякоў. Па-другое, падчас службы ён паказаў сябе як сапраўдны камсамолец, нават трапіў на старонкі газеты “Чырвоная зорка”. Мы практычна заканчваем работу па ўвекавечанні памяці земляка, плануем яшчэ выпусціць буклет. Наша навукова-даследчая работа “Афган у лёсе Лужыса” заняла 2-е месца на раённай навукова-практычнай канферэнцыі.

Па слядах аднаго бою…

Праект заканчваецца, але гэта не нагода супакойвацца. Нацкія школьнікі на чале з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні заняліся пошукавымі работамі на месцы, дзе ў 1941 годзе загінулі савецкія салдаты.

— 24 чэрвеня 1941 года каля пяці гадзін раніцы на тэрыторыі Воранаўскага раёна пачаўся бой, — расказвае В.В.Міхалоўскі. — Яго вялі з немцамі байцы 247-га стралковага палка, якім камандаваў палкоўнік Сакалоў. За Воранава полк падзяліўся на дзве часткі, адна пайшла на Ашмяны, іх выратавала тое, што нямецкія танкі не змаглі прайсці па старым мосце. А другая частка палка вымушана была даць бой у раёне вёскі Дагушаны. Добра акапацца было немагчыма. Мяне гэтая тэма заўсёды хвалявала, бо я адтуль родам. На жаль, відавочцаў ужо няма. Я разам з настаўніцай пачатковых класаў Марынай Генрыхаўнай Камісаравай і навучэнцамі Дамінікай Спудзіс і Валерыяй Трафімовіч аб’ехалі найбліжэйшыя да месца бою вёскі, шукалі сведак. І нам пашчасціла знайсці Вацлава Іосіфавіча Бобніса, на момант бою яму было 9 гадоў. З яго слоў, бой доўжыўся каля трох гадзін, загінула больш за 300 нашых салдат, вельмі шмат было разбітых машын, танкаў.

Школьнікі разам з настаўніка­мі наведалі Вацлава Іосіфавіча, яму ўжо споўнілася 92 гады. Ён больш дакладна паказаў месца бою, калі яго завезлі туды. Навучэнцы школы нават знялі пра гэта відэафільм.

— У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны тут загінула больш за 300 чырвонаармейцаў, і звестак пра іх няма, хаця ўжо столькі гадоў мінула. Так не павінна быць. Не паверыце, за 10 мінут мы з дзецьмі з пошукавага атрада знайшлі 17 акопаў-ячэек, у якіх хаваліся салдаты, у некаторых вялікіх, магчыма, стаялі баявыя прылады. Відаць было, што там пабывалі чорныя капальнікі. Наша пошукавая работа працягвалася больш за год. Падключыўся сектар ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі Воранаўскага райвыканкама, ваенкамат, пачаўся збор інфармацыі. Указанні, якія крокі ў якой чарговасці рабіць, давала Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Патрэбна была геалакацыя месца, фота. Мы прадставілі відэафільм са сведкам. У выніку дакументы на правядзенне раскопак паступілі ў Міністэрства абароны ў снежні 2023 года. На жаль, у праграму 2024 года мы ўжо не паспелі. Спадзяюся, раскопкі пачнуцца ў 2025 годзе, — расказаў В.В.Міхалоўскі.

Школьнікі на дні адкрытых дзвярэй у Воранаўскім ваенкамаце

У Нацкай сярэдняй школе створаны пошукавы атрад “Па­мяць”. Менавіта яго члены, старшакласнікі, шукалі інфармацыю пра воіна-афганца Ф.Лужыса, а цяпер займаюцца высвятленнем імён і лёсу чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баі пад Дагушанамі. Пакуль наступіла паўза. Але як толькі пачнуцца раскопкі, педагогі плануюць адправіцца туды са школьнікамі, каб на свае вочы ўбачыць методыку правядзення такіх работ.

Пункт на карце ў лёсе чалавека

Віктар Віктаравіч ужо загарэўся новым праектам і запаліў цікавасць да яго ў сэрцах школьнікаў.

— У рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка Санкт-Пецярбурга кандыдат хі­мічных навук Зоя Валянцінаўна Барысенка, малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў, — расказвае педагог. — Чаму мяне гэта зацікавіла? Маё дзяцінства прайшло побач з месцам, дзе пахаваны людзі, у гады Вялікай Айчыннай вайны заражаныя сыпным тыфам, а бацька мой рабіў труны для іх. Вязні з Усходняй Беларусі трапілі да нас у раён у лістападзе 1943 года. Сярод іх была і Зоя Валянцінаўна з сям’ёй, ёй тады было 6 гадоў. Калі лю­дзі заразіліся тыфам, іх паса­дзілі ў цягнік і давезлі да Воранава, а потым цягнік пусцілі па вузкакалейцы і спынілі. Жанчына памятае, што жылі ў бараку, побач з ім і пахавалі семярых яе родных. Цяпер яна шукае гэтае месца і нават даслала ў рэдакцыю карту. Я ў сваю чаргу знайшоў даваенную карту 1937 года. Мы з Зояй Валянцінаўнай стэ­лефаноўваемся, і яна мяне вядзе па карце. Памятае толькі цагляны дом у раёне Беняконь, 80 гадоў яна шукае яго. І што цікава, мы знайшлі гэтае месца. Не пункт, дзе пахаваны яе родныя, а квадрат, дзе быў іх барак.

І зноў пошук… месца пахавання, сведак. Віктар Міхалоўскі паведаміў інфармацыю ў раённую пракуратуру. Робяцца фотаздымкі з месцаў, дзе, магчыма, былі пахаваны людзі. Падключыліся члены школьнага пошукавага атрада.

Юныя сябры пагранічнікаў

Ва ўстанове адукацыі працуе ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт”, у які ўваходзяць навучэнцы 8—11 класаў. У канцы навучальнага года на адборачным этапе злёту ваенна-патрыятычных клубаў “Юная граніца”, што праходзіў на базе Лідскага пагранічнага атрада, вучні невялікай школы канкурыравалі з равеснікамі свайго Воранаўскага, а таксама Іўеўскага раёна і Ліды.

Каманды юных пагранічнікаў спаборнічалі ў страявой падрыхтоўцы, следапыцтве, стральбе і пагранічнай эстафеце. Нацкія школьнікі практычна на кожным этапе набіралі найбольшую колькасць балаў і ў выніку перамаглі. У асабістым заліку лепшымі стралкамі сталі Максім Юнда і Валерыя Мікілевіч, лепшым следапытам прызнана Арына Місевіч. Каманда “Патрыёт” прыме ўдзел у рэспубліканскім злёце ваенна-патрыятычных клубаў “Юная граніца”.

— Дзеці нашы вельмі спартыўныя, ды і былі якасна падрыхтаваныя, таму і перамаглі, — тлумачыць В.В.Міхалоўскі. — Рыхтавалі іх да злёту настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Анатольевіч Міхневіч, педагог-арганізатар Дзіяна Віктараўна Янкелайць, настаўніца пачатковых класаў Марына Генрыхаўна Камісарава і настаўніца дапрызыўнай падрыхтоўкі Жанна Іванаўна Місевіч, дапамагалі і іншыя педагогі. Форму для клуба “Юныя сябры пагранічнікаў” пашылі сваімі сіламі.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны тут загінула больш за 300 чырвонаармейцаў, і звестак пра іх няма, хаця ўжо столькі гадоў мінула. Так не павінна быць.

Сістэмная работа

Патрыятычнае выхаванне цесна ўлілося ў сістэму работы школы. Праводзіцца шмат мерапрыемстваў, і ўсе даволі маштабна. Часта гутаркі з дзецьмі право­дзяць супрацоўнікі пагранзаставы “Доцішкі”, Лідскага пагранатрада, МНС, Воранаўскага РАУС. Дзякуючы спонсарам, арганізоўваецца шмат экскурсій, нядаўна дзеці пабывалі ў Хатыні і на Кургане Славы. У жніўні ў супрацоўніцтве з сілавымі структурамі будзе працаваць ваенна-патрыятычны лагер “Патрыёт”. У школе ёсць нават дашкольная патрыятычная группа “Маладыя абаронцы Айчыны”. Пад кіраўніцтвам выхавальніка Марыі Антонаўны Міхалоўскай дзеці вывучаюць гісторыю вёскі Нача ў назвах вуліц.

Сустрэча з земляком — афіцэрам запасу падпалкоўнікам В.З.Нядзведскім

А Віктар Віктаравіч не толькі ў ліку арганізатараў рознага кшталту мерапрыемстваў, але і ідэйны натхняльнік большасці з іх. Супрацоўнічае з пракуратурай, каб данесці да дзяцей інфармацыю па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго дапытлівасці і вынаходлівасці можна толькі пазайздросціць. Так, нават збіраючы грыбы, ён знайшоў партызанскія зямлянкі. І ўжо плануе заняцца гісторыяй дзейнасці партызанскага атрада Катоўскага. Гаворыць: “Пакідаю гэты праект на наступны год”.

У калекцыі педагога таксама шмат камянёў, старажытных татэмаў і нават кавалак дрэва, якому, на думку суразмоўніка, 100 тысяч гадоў. Усё гэта ён паказвае дзецям. А ў планах ужо даведацца пра страчаны кавалак дарогі Карла XII, камень Гедыміна… Не дзіўна, што дзецям з такім педагогам цікава.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва В.В.МІХАЛОЎСКАГА