Узроставая маркіроўка інфармацыйнай прадукцыі дапаможа сістэматызаваць дзейнасць СМІ. Аб гэтым заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч у час анлайн-канферэнцыі на тэму “Медыяасяроддзе Беларусі ў новых умовах”.
У Палаце прадстаўнікоў да другога чытання рыхтуюцца папраўкі ў некаторыя законы, якія датычацца абароны дзяцей ад шкоднай інфармацыі, у тым ліку ў законы аб сродках масавай інфармацыі, аб выдавецкай справе.
“Падрыхтаваны шматпланавы законапраект, які з’яўляецца вынікам калектыўнай работы тых, хто ў розных сферах абавязаны абараняць інфармацыйную прастору, выхоўваць падрастаючае пакаленне і ахоўваць дзяцей ад дэструктыўнай інфармацыі. Сутнасць прапанаваных паправак у тым, каб увесці комплекс мер па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду здароўю, развіццю, маралі”, — адзначыла Лілія Ананіч.
“Для бацькоў гэта будзе дадатковай падставай звярнуць увагу на тое, што чытае дзіця, якія праграмы яно глядзіць. Пераканана, у пэўнай ступені гэта сістэматызуе і дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі”, — лічыць міністр. Напрыклад, пасля ўнясення паправак у заканадаўства пэўныя змяненні павінны быць і ў сетцы вяшчання.
У прынятым законе будуць дакладна прапісаны алгарытмы дзеянняў, хто і як будзе класіфікаваць інфармацыйную прадукцыю, а таксама кантраляваць выкананне заканадаўства. Прадугледжваецца, што кваліфікацыя інфармацыйнай прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Беларусі, будзе ажыццяўляцца ў парадку, які вызначыць урад. Каардынацыя дзейнасці, накіраванай на абарону дзяцей ад шкоднай інфармацыі, будзе ўскладзена на грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.
“Калі размова ідзе пра кнігу, то гэта не скараспелы прадукт, у выдаўца будзе дастаткова часу, каб з аўтарам вызначыцца, на каго гэтая кніга разлічана. Ужо сёння практычна ў кожнай кнізе ёсць інфармацыя, да якога школьнага ўзросту яна прызначана: сярэдняга або старэйшага”, — адзначыла міністр.
“Безумоўна, адной толькі маркіроўкай мы праблему не вырашым. Грамадства і дзяржава бяруць заканадаўчы курс на абарону дзяцей ад уздзеяння шкоднай інфармацыі. Такая інфармацыя не накіравана на фарміраванне ўсебакова развітой, духоўна і маральна сталай асобы і, уздзейнічаючы на дзіцячую псіхіку, можа прывесці да негатыўных наступстваў”, — рэзюмавала Лілія Ананіч.