“Кліч Палесся”

- 9:50Культура

Канец лета радуе спякотнымі дзянькамі і фестывалямі, якія ладзяць педагогі для дзяцей і дарослых. 

Заўтра ў Шклове на пляцоўцы гарадской гімназіі пройдзе дзень агурка, а педагогі сістэмы адукацыі Гомельскай вобласці арганізавалі работу велізарнай гульнявой пляцоўкі “Палеская вясёлка” і флэш-моб на міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў Ляскавічах. 

Важна захоўваць традыцыі, звычаі, рамёствы Палесся і перадаваць іх з пакалення ў пакаленне. На гэтым зрабіў акцэнт намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён зачытаў прывітанне Прэзідэнта арганізатарам, удзельнікам, гасцям фестывалю і адзначыў: добра, што з кожным годам колькасць удзель­нікаў свята на Палессі павялічваецца.

— Людзі з вялікім натхненнем дэманструюць свае здольнасці. Важна, што ў майстроў ёсць вучні. Гэта значыць, што мы будзем жыць, развівацца, а традыцыі перада­ваць з пакалення ў пакаленне, — сказаў Ігар Петрышэнка. 

Практычна на кожным падворку прадстаўнікі сістэмы адукацыі дэманстравалі свае таленты. Наталля Цапко і Тамара Канавод (на здымку) — педагогі гімназіі Нароўлі — стваралі свята з дапамогай вясёлых гарбузоў. Настаўнікі іх размалёўвалі фарбамі, дэкарыравалі ў тэхніцы дэкупаж:

— Важна, каб нашы гарбузы ўзнімалі настрой усім гасцям свята, — адзначыла Наталля Ва­сільеўна. 

— Паглядзіце, як людзі рэагуюць на гэтыя “мордачкі” — не тое што выявы на гарбузах на жудасны Хэлоўін! Нашы гарбузы дораць шчасце. Да таго ж яны шматфункцыянальныя — праз некаторы час з іх можна семкі сабраць і кашу зварыць!

Канстанцін Іванін нядаўна працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў Калінкавіцкім прафесійным ліцэі. Дасведчанага педагога, матэматыка па асноўнай спецыяльнасці і цяпер запраша­юць у родную навучальную ўстанову для правядзення майстар-класаў па разьбе па дрэве. Яго захапленне пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Паступова яно ператварылася ва ўстойлівае хобі. На фестывалі “Кліч Палесся” ўсе звярталі ўвагу на скульптурную анімалістыку гэтага педагога.

— Майстэрства разьбяра па­чынаецца з лыжкі, — тлума­чыць спецыфіку свайго хобі Канстанцін Іванавіч. — Калі ў пачаткоўца атрымліваецца лыжка — зна­чыць, пры жаданні атрымаецца і ўсё астатняе. Люблю выразаць жывёл і ства­раць сяброўскія шаржы на знакамітых лю­дзей.

Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці прадстаўляе Любоў Багінская. Майстар вытворчага навучання на працягу многіх гадоў вучыць дзяўчынак, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. На міжнародным свяце этнакультурных традыцый былі прадстаўлены іх работы за апошнія 22 гады. Любоў Міхайлаўна заўважыла, што ўсе гарнітуры аўтэнтычныя:

— Вышывалі розныя дзяў­чынкі: адны сыходзілі, іншыя прыходзілі. Спачатку мы рабілі стылізаваныя гарнітуры і вышывалі па лёне дробным крыжыкам. Потым вырашылі рабіць гарнітуры, якія можна апранаць і высту­паць у іх. Мы распрацавалі два ўборы Калінкавіцкага строю: для замужняй жанчыны і для маладой дзяўчыны. Тут прадстаўлена шмат ручнікоў адной з нашых выхаванак Насці Філімонавай. Яна дагэтуль піша нам словы падзякі за набытыя навыкі і вельмі ганарыцца, што яе работы ўсюды дэманструюцца. Нашым былым выхаванкам у жыцці спатрэбілася тое, чаму мы іх вучылі: цяпер яны шыюць адзенне для сваіх дзетак. 

Дзеці, як і дарослыя, не сумавалі на вялікім этнаграфічным свяце ў сэрцы беларускага Палесся. Многія наведалі спецыяльна створаную пляцоўку “Палеская вясёлка”. Тут за дзень пад наглядам педагогаў пагулялі сотні дзяцей. Нават начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў не ўтрымаўся і павесяліўся з дзятвой. 

— Праграмы на дзіцячай гульнявой пляцоўцы падрыхтавалі педагогі з Петрыкаўскага, Акцябрскага, Лельчыцкага, Мазырскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага раёнаў і спецыялісты абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, — расказаў Руслан Іванавіч. — Дзяцей ад 6 да 13 гадоў падзялілі па зонах. На гульнявой пляцоўцы адначасова знаходзілася да 40 чалавек. 

Папулярнай была і пляцоўка “Кошчын дом”, дзе спецыяльнымі бяспечнымі фарбамі на твар наносілі аквагрым.

— Калі б не дожджык, мы б адсюль і не сыходзілі, — падзяліліся эмоцыямі юныя госці фестывалю.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.