“Клічуць нас невядомыя далі, Кліча родны, прыгожы наш край. Колькі новых дарог перад намі, Калі ласка, турыст, выбірай!” Гарады Беларусі, як і людзі, маюць свой твар і свой лёс. Падчас летніх канікул навучэнцы Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна знаёмяцца з гісторыяй і культурай нашых слаўных гарадоў.
Перад намі паўставалі старажытныя замкі і палацы, велічныя саборы, знакамітыя помнікі і месцы археалагічных раскопак. Незабыўныя ўражанні пакінулі Сафійскі сабор, Брэсцкая крэпасць-герой, палацы Радзівілаў і Паскевічаў, Нацыянальная бібліятэка, батанічны сад, Мірскі замак, Курган Славы, мемарыяльны комплекс “Хатынь” і дзясяткі іншых знакамітых аб’ектаў нашай самабытнай гісторыі і культуры. У час экскурсійнай дзейнасці мы наведваем музеі, выставы, запаведнікі, гарадскія паркі адпачынку, цырк, дэльфінарый. У час работы сёлетняга аздараўленчага лагера вучні наведалі Мінск, Заслаўе, Ліду, азнаёміліся з экспазіцыяй гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”. Час у дарозе запаўняецца гульнямі і песнямі. Экскурсанты дзеляцца на творчыя групы, ведаюць, што іх чакае вясёлая забаўляльная праграма. Асобную групу складаюць настаўнікі, якія ў час экскурсіі, як заўсёды, з’яўляюцца сапраўднымі сябрамі для навучэнцаў.
“Дзеці, выбіраем чарговы маршрут!” — гучаць словы настаўніка гісторыі А.І.Васюкевіча напрыканцы кожнай экскурсіі. Гомель, Брэст, Мінск, Гродна, Віцебск, Магілёў — назвы пачынаюць злівацца ад дзясяткаў прапаноў. Выбраць цікавы маршрут нам, як заўсёды, дапаможа дырэктар Дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Т.К.Юранкова. Можна не сумнявацца, што ад убачанага ў новым горадзе ў нашых навучэнцаў застануцца незабыўныя ўспаміны. Нас зноў пакліча родны прыгожы наш край.
Наталля СОКАЛ,
педагог-арганізатар Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна.