Новы дзіцячы сад з’явіўся на Міншчыне.
І зноў наваселле ў новым будынку святкуюць маленькія жыхары Мінскага раёна: некалькі тыдняў назад дашкольная ўстанова адкрылася ў Прылуках, і днямі такая ж падзея чакала вёску Копішча.
Мінскі раён імкліва прырастае новабудоўлямі і жыхарамі, прычым у першую чаргу маладымі сем’ямі з малымі дзецьмі. Таму пытанне недахопу месцаў у дашкольных установах тут застаецца актуальным. Для яго вырашэння прымаецца шэраг мер, актыўна вядзецца будаўніцтва дзіцячых садоў.
Дзіцячы сад у вёсцы Копішча пабудаваны ў рамках дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, і гэта ўжо трэці такі прыклад на Міншчыне. Разам з Мінскім абласным i раённым выканаўчымі камітэтамі інвестарам будаўніцтва стала ТАА “Сі-трэйдынг”.
Дзіцячы сад разлічаны на 12 груп, у якіх могуць займацца 230 маленькіх выхаванцаў. Для ўмацавання здароўя дзяцей ва ўстанове дзейнічаюць басейн, трэнажорная і фізкультурная залы, харчаблок, абсталяваны сучаснай тэхнікай, для рознабаковага развіцця і псіхалагічнага камфорту выхаванцаў ёсць музычная зала, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, у дапамогу выхавальнікам у кожнай узроставай групе прадугледжаны рэсурсныя цэнтры, працуе метадычны кабінет.
Атрымаўшы сімвалічны ключ падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця, загадчыца ўстановы Юлія Сямёнаўна Панкрацьева адзначыла, што гэты ключ адчыніць дзверы ў чароўную краіну дзяцінства, якой абавязкова стане для сваіх маленькіх выхаванцаў новы дзіцячы сад.
Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.