Ключавую ролю ў павышэнні эфектыўнасці эканомікі адыгрывае кадравае пытанне

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі неабходна павышаць патрабавальнасць да кадраў, і размова ідзе не толькі аб кіраўніках, але і аб іншых спецыялістах. Аб гэтым 16 сакавіка заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у Буда-Кашалёве ў час пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тое, што ў павышэнні эфектыўнасці ўсіх галін эканомікі кадравае пытанне адыгрывае адну з ключавых роляў. І не толькі кіраўнік прадпрыемства або арганізацыі вінаваты ў няякаснай рабоце, ёсць яшчэ намеснікі, галоўныя спецыялісты, планавікі, фінансавыя работнікі, бухгалтары, ад дзеянняў і рашэнняў якіх таксама залежыць поспех прадпрыемства.
“Прымаеце рашэнне мяняць кіраўніка — мяняйце ўсю каманду. Я не крыважэрны чалавек, але адказнасць нельга канцэнтраваць на адным кіраўніку”, — лічыць Міхаіл Мясніковіч. Звяртаючыся да старшынь выканкамаў і Саветаў дэпутатаў, ён адзначыў, што калі прадпрыемства працуе са стратамі, у яго фіксуецца ўстойлівая неплацежаздольнасць, то звальняць трэба і кіраўнікоў, і спецыялістаў, і фінансавых работнікаў.
Міхаіл Мясніковіч таксама падкрэсліў, што дабіцца максімальнага эфекту можна толькі ў выпадку, калі разглядаць праблему комплексна.
Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што тэма занятасці, працаўладкавання і стварэння рабочых месцаў сёння выходзіць на першыя пазіцыі, паколькі ў мінулым годзе ва ўсіх абласцях значна знізілася колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва. “І, хоць каэфіцыент напружанасці на рынку працы невысокі, часта прапановы наймальнікаў не адпавядаюць узроўню запытаў саіскальнікаў работы. Як правіла, прапаноўваюцца нізкакваліфікаваныя пасады з невялікай заработнай платай. А ў ліку беспрацоўных ёсць і дыпламаваныя спецыялісты, якія хацелі б атрымаць добрую работу. Таму Саветы дэпутатаў павінны заняцца пытаннямі занятасці насельніцтва”, — сказаў ён.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі, якое з’яўляецца адной з прыярытэтных задач па павышэнні эфектыўнасці эканомікі, практычна заўсёды звязана з аптымізацыяй колькасці работнікаў, таму галоўная задача ўлады — прадаставіць грамадзянам работу. М.Мясніковіч адзначыў: прэзідэнт справядліва патрабуе, што калі скарачаецца колькасць занятых, то чалавек павінен, вобразна кажучы, прыйсці на прадпрыемства цераз дарогу і атрымаць работу там. Неабходна імкнуцца да таго, каб не проста максімальна знізіць колькасць беспрацоўных, але і поўнасцю замяніць усе неэфектыўныя рабочыя месцы на высокапрадукцыйныя. Для гэтага ёсць усе ўмовы.