Гэты год Бялынічы пражываюць у статусе “Культурная сталіца Беларусі”, што дадало фарб у палітру жыцця школьнікаў раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Разам з мастацтвам
— Навучэнцы нашых школ заўсёды ахоплены выхаваўчай работай, якая прывівае ім любоў да малой радзімы, краіны, яе культуры і традыцый. Але, вядома ж, у гэтым асаблівым для Бялыніч годзе ў дзяцей з’явілася магчымасць наведаць больш культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, акунуцца ў свет мастацтва. Гэта тычыцца вучняў як гарадскіх, так і сельскіх устаноў адукацыі, — адзначае начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна Звягіна.

Так, вучні і педагогі прынялі ўдзел у святочнай цырымоніі адкрыцця рэспубліканскай акцыі “Бялынічы — культурная сталіца Беларусі 2024 года”. У якасці гледачоў пабывалі на фіналах нацыянальных адбораў конкурсаў да фестывалю “Славянскі базар”, якія прайшлі ў іх горадзе. Азнаёміліся з унікальнымі экспанатамі Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага гістарычнага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія былі прадстаўлены на выставах у Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі. Трэба адзначыць, што гэтая ўстанова культуры ўвогуле прапаноўвае вельмі разнастайную і насычаную праграму і для дарослых, і для дзяцей.
Акцыя “Культурная сталіца Беларусі” праводзіцца Міністэрствам культуры з 2010 года і ўжо рэалізавана ў 15 гарадах.
Цікавай і пазнавальнай для школьнікаў была выстава, прысвечаная 100-годдзю беларускага кіно. Запомніліся кінапрагляд новай карціны “Беларусьфільма” “Кіношнікі” і творчая сустрэча з яе рэжысёрам Кірылам Халецкім і выканаўцам галоўнай ролі Станіславам Пякарскім. З новых ракурсаў адкрываюць для сябе дзеці і свет тэатра. Змаглі наведаць спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра лялек, паўдзельнічаць у праекце сталічнага Маладзёжнага тэатра эстрады ў рамках акцыі “Разам з мастацтвам”.
Атрымалі бялынічане і выдатны стымул больш даведацца пра гістарычныя і культурныя старонкі жыцця роднага горада. Так, настаўнікі і вучні наведалі канцэрт арганнай музыкі “Сімфонія белых начэй” у гонар свята Бялыніцкай іконы Божай Маці. Пабывалі на выставе і майстар-класах члена Беларускага саюза мастакоў аўтара герба Бялыніч Ларысы Журавовіч.
На ўздыме знаходзіцца і цікавасць да народнай творчасці. Сельскія школы разам з дамамі культуры ладзяць маляўнічыя святы і фестывалі. Так, навучэнцы Іскраўскай базавай школы паўдзельнічалі ў фестывалі народнай творчасці “Ільняныя крылы — ручнікі” ў аграгарадку Ланькаў, вучні Цяхцінскай сярэдняй школы — у брэндавым свяце “Жывая крыніца цяхцінскіх бяроз” у Цяхціне, а навучэнцы Вішоўскай сярэдняй школы — у святкаванні Дня святых апосталаў Пятра і Паўла ў Вішове.

Маргарыта Емяльянава і яе выцінанкі
Для навучэнцаў і настаўнікаў Машчаніцкай сярэдняй школы асабліва яркім і запамінальным стала свята “Вялікдзень цудатворны”. Яны адзелі народныя касцюмы, накрылі велікодны стол і прадэманстравалі шматлікім гасцям традыцыі святкавання гэтага святога дня. Прайшлі майстар-класы па роспісе яек і стварэнні паштовак, тэматычная выстава дзіцячых вырабаў, а таксама прыгожых велікодных выцінанак, створаных выхавальніцай групы прадоўжанага дня Маргарытай Емяльянавай.

— Праз такія яркія і маляўнічыя мерапрыемствы мы далучаем дзяцей да нашай традыцыйнай культуры, абрадаў, у далейшым яны будуць несці гэтыя традыцыі па жыцці, прадаўжаць у сваіх сем’ях. І, вядома ж, вельмі важнымі для нашых сельскіх дзетак сталі магчымасці далучыцца да свету мастацтва, класічнай музыкі, эстраднай творчасці, на якія гэты год для нас асабліва багаты, — адзначыла дырэктар Машчаніцкай сярэдняй школы Таццяна Цецерукова.
Сцяжынкамі натхнення

— Упэўнена, што ў навучэнцаў застануцца самыя прыемныя ўспаміны аб сёлетнім культурным статусе роднага горада, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя Мікалая Іванавіча Пашкоўскага Таццяна Балдышэўская. — Вучаніцы школы, якія займаюцца ва ўзорным харэаграфічным ансамблі “Сузор’е” раённага цэнтра культуры, выступалі на цырымоніі адкрыцця акцыі. Дзеці і настаўнікі наведалі шмат цікавых мерапрыемстваў, якія адбываліся ў Бялынічах на розных лакацыях. А яшчэ мы правялі ў школе фальклорна-этнаграфічнае свята “Вясёлая Масленіца”, з традыцыйным шэсцем, карагодамі, песнямі, танцамі, гульнямі і смачнымі пачастункамі.
Па яе словах, асаблівым стаў год для юных членаў літаратурнага аб’яднання “Сцяжынкамі натхнення”, якое створана пры школьным літаратурным музеі “Спадчына”. Дзеці ўдзельнічаюць у творчых сустрэчах, арганізаваных у раённай бібліятэцы. У ліку іх гасцей былі ветэран баявых дзеянняў у Афганістане, паэт, аўтар і выканаўца ўласных песень Уладзімір Карпухін, ураджэнец Бялыніччыны член Саюза пісьменнікаў Расіі Леанід Сідараў, іншыя майстры слова. З нагоды Дня беларускага пісьменства члены літаратурнага аб’яднання зрабілі флаеры школьнага музея, выступілі перад рознымі класамі з аповедамі аб земляках, якія заявілі аб сабе на творчай ніве. А ў Міжнародны дзень роднай мовы разам з настаўнікамі заахвочвалі ўсіх размаўляць па-беларуску, аформілі тэматычную фотазону, стварылі і размясцілі на сайце школы відэаролік “Гучы ў вяках, родная мова!”.

Данута Клопава ў школьным літаратурным музеі “Спадчына”
— Культурны статус натхніў нас на стварэнне новай квест-экскурсіі па знакавых літаратурных мясцінах Бялыніч, і вучні школы з цікавасцю ў ёй удзельнічаюць, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Данута Клопава. — Трэба адзначыць, што Бялыніччына мае багатыя літаратурныя традыцыі, яна дала жыццё каля 20 пісьменнікам і паэтам, 6 з іх з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пачынаем квест-экскурсію са школьнага літаратурнага музея, дзе прадстаўлена творчасць нашых землякоў. Наступны пункт маршруту — дом на вуліцы Мічурына, дзе жыў паэт Віктар Хаўратовіч, аб чым нагадвае памятная шыльда. Далей наведваем Ільінскую гару, якая лічыцца месцам заснавання Бялыніч і ўзгадваецца ў шэрагу твораў. А завяршаем наша падарожжа ў рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю”.

Навучэнкі сярэдняй школы № 1 Бялыніч падчас фальклорнай пастаноўкі
Шмат цікавага адбываецца і на базе кабінета-імправізацыі “Вясковая школка пачатку ХХ стагодзя”, які з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам па выхаванні ў дзяцей любові да роднай беларускай культуры і традыцый. Тут былі арганізаваны культурна-масавыя мерапрыемствы “Каляды”, “Вячоркі”, “Багач”, майстар-класы “Запрашаем на вячэру”, “Бабка Агата: свет зёлак” і іншыя.

Прыемнай для школы падзеяй стала і тое, што яе сям’я творчых гурткоў папоўнілася аб’яднаннем па інтарэсах “Песенка-чудесенка”. Яго ўдзельнікамі сталі вучні пачатковых класаў. Кіраўнік аб’яднання настаўніца музыкі і мастацтва Ганна Гібкова знаёміць дзяцей з музычнай граматай, элементамі сцэнічнай харэаграфіі. Творчыя нумары маленькіх зорачак уключаюць як вакальныя, так і танцавальныя элементы.
Аб тым, што ў 2024 годзе Бялынічы былі культурнай сталіцай, яшчэ доўга будуць нагадваць новыя элементы афармлення школы. У калідорах з’явіліся малюнкі, якія ўвасобілі сем цудаў Бялыніччыны. А яшчэ тут змешчаны гексы з беларускімі словамі, нацыянальнымі сімваламі Беларусі і выказваннямі пра родную мову.
Гэты год яшчэ не скончаны, культурныя падзеі працягваюць упрыгожваць жыццё настаўнікаў і вучняў. У найбліжэйшых планах — прадставіць гледачам тэатралізаваны паказ па матывах твораў беларускіх класікаў “З чаго пачынаецца Радзіма” і фальклорную пастаноўку-рэканструкцыю сельскіх вячорак. А яшчэ тут рыхтуюцца выпусціць новы нумар школьнага літаратурнага альманаха “Наша спадчына”.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара, прадастаўлены газетай “Зара над Друццю” і сярэдняй школай № 1 Бялыніч





