Краявіды дарагіх сэрцу куточкаў малой радзімы прадставілі студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Тут адкрылася фотавыстава “Малой радзіме прысвячаецца”.
На выставе прадстаўлена 37 работ, але адбіраць, па словах загадчыка кафедры дызайну Антона Ляшчынскага, прыйшлося з больш як тысячы фотаздымкаў.
Адкрываючы выставу, рэктар ГрДУ Ірына Кітурка адзначыла, што ўніверсітэт мае добрую традыцыю: пачатак новага навучальнага года пачынаць цудоўнай справай, якая фарміруе ідэю ўніверсітэта-музея. Выстава, прысвечаная Году малой радзімы, дазваляе кожнаму зразумець, што малая радзіма — гэта не проста месца, гэта эмоцыі, пачуцці.
Удзельнікамі выставы сталі студэнты спецыяльнасці “Дызайн (графічны)”, якая адкрыта ва ўніверсітэце ў 2010 годзе. Фотаработы выкананы ў межах прадметаў “Фотапленэр” і “Фотакампазіцыя”. На факультэце мастацтваў і дызайну падтрымліваюць удзел студэнтаў у конкурсах і лічаць, што гэта стымулюе творчую моладзь, адкрывае новыя магчымасці для развіцця. Так, адна з апошніх перамог — тры залатыя, адзін сярэбраны і тры бронзавыя медалі па выніках удзелу ў міжнароднай фотавыставе ў Кіеве.
На адкрыцці экспазіцыі студэнтка 5 курса Ганна Бутырчык падзякавала кіраўніцтву ўніверсітэта і факультэта за правядзенне такой фотавыставы ў родным універсітэце, падзялілася сваімі ўражаннямі ад работы.
Узнёслы настрой надаюць відэараду і паэтычныя радкі беларускіх паэтаў, якія суправаджаюць кожную работу. Такую падборку зрабіла загадчыца кафедры беларускай філалогіі філалагічнага факультэта Алена Садоўская.
У год малой радзімы ў ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць шэраг мерапрыемстваў — тут заклалі алею выпускнікоў універсітэта, правялі конкурс турыстычных праектаў “Я запрашаю вас на малую радзіму”, у якім прымалі ўдзел і вучні школ. У новым навучальным годзе плануюць рэалізаваць чарговы творчы праект — выкладчыкам і студэнтам прапанавалі ствараць відэаролікі пад дэвізам “Колеры малой радзімы”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.